И ум, и красота

И ум, и красота

Ёсць такая прымаўка — дзяўчына можа быць ці прыгожай, ці разумнай. Але вучаніца 8-га класа Вольга Гацкевіч лёгка даказвае, што гэта не больш, чым стэрыятып. Гэтая прыгожая дзяўчынка атрымала дыплом другой ступені на абласной алімпіядзе па матэматыцы ў Пінску.
— У раённай алімпіядзе мне ўжо даводзілася браць удзел, але абласны этап — гэта зусім іншы ўзровень. Я раней больш увагі надавала рускай мове, а зараз вырашыла паспрабаваць свае сілы ў матэматыцы, — расказвае Вольга. — І вельмі гэтаму радая.
Абласны этап працягваўся тры дні, сама алімпіяда праходзіла ў два туры. Кожны дзень канкурсантам прапаноўваліся 4 заданні па алгебры і геаметрыі, з якімі трэба было справіцца за 4 гадзіны. Патрабаваліся не толькі глыбокія веды ў прадмеце, але й кемлівасць, здольнасць да арыгінальных разважанняў.
У першы дзень Вользе давялося пахвалявацца, яна набрала мала балаў, але на ў другі — сітуацыя кардынальна змянілася.
— Гэта было вельмі цікава і хвалююча адначасова — заданні здаваліся такімі складанымі, што спачатку нават злёгку разгубілася. Але ўсё роўна вырашыла, што буду змагацца да канца, — усміхаецца дзяўчына, — супакоілася і проста рабіла тое, што лічыла правільным. І выканала верна ўсі заданні.
Канкурэнцыя на алімпіядзе была высокая, многія ўдзельнікі рыхтаваліся на зборах ці вучыліся ў матэматычных класах.
— Я б хацела падзякаваць маёй настаўніцы Валянціне Аляксееўне Сахарчук, — кажа Вольга. — Менавіта яна рыхтавала мяне да алімпіяды. Некаторыя заданні я зрабіла толькі дзякуючы яе старанням, яна ніколі не шкадуе часу на тлумачэнні. Лічу, што з настаўніцай мне пашанцавала.
Па выніках гэтых двух дзён Вольга аказалася на 4-ым месцы і была ўзнагароджана дыпломам. Акрамя яго атрымала заданні для падрыхтоўкі да рэспубліканскага этапу алімпіяды.
— Спадзяваюся, што і там мне ўдасца выступіць удала, — разважае дзяўчына, — калі так  атрымаецца, буду думаць пра паступленне на матэматычны факультэт. Спачатку я хацела быць доктарам, а зараз ужо не так у гэтым упэўнена. Але час падумаць у мяне пакуль ёсць.
Шкадуе дзяўчына толькі аб тым, што няшмат застаецца ў яе вольнага часу.
— Раней займалася вышываннем, пляла ўпрыгожванні з бісеру, а зараз увесь час займае прадрыхтоўка, — разводзіць яна рукамі. — Але што ж рабіць, гэта нарыхтоўкі для маёй будучыні, і я ўсё добра разумею.
Спадзяёмся, што і далей Вольга Гацкевіч здолее сваімі поспехамі даказваць, што прыгажосць і розум як найлепей ужываюцца ў чалавеку.
Вера ДОРОЖЕНКОВА
На здымку: Вольга Гацкевіч.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top