«БЫЦЬ ЧУЛЫМІ ДА ПАТРЭБ ВЯСКОЎЦАЎ»

«БЫЦЬ ЧУЛЫМІ ДА ПАТРЭБ ВЯСКОЎЦАЎ»

IMG_5073

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

АЗЯЦКІ СЕЛЬСАВЕТ, заснаваны ў кастрычніку 1940 года, – найстарэйшы па часе ўзнікнення і самы буйны па плошчы на тэрыторыі Жабінкаўшчыны. Ён займае паўднёвую частку раёна, мае плошчу 13,6 тысячы гектараў. У Азяцкі сельсавет, які мяжуе з Брэсцкім, Маларыцкім і Кобрынскім раёнамі, уваходзіць 11 вёсак і хутароў, дзе жывуць 1062 чалавекі. Найбуйнейшыя населеныя пункты – аграгарадок Азяты (551 чалавек) і вёска Старое Сяло (396 жыхароў).
Інтэрв’ю са старшынёй Азяцкага сельвыканкама Ларысай ХАРС:

– Ларыса Уладзіміраўна, наша сустрэча адбываецца ў асаблівы час: 2016-ы саступіў месца новаму году, але ж, вядома, перад тым, як канчаткова ўвайсці ў гісторыю, будзе трымаць справаздачу: што паспеў стварыць ды напрацаваў. Якая падзея альбо падзеі, на вашу думку, найперш застануцца памятнымі з 2016 года для жыхароў Азяцкага сельсавета?
– Думаецца, што сярод многіх спраў і падзей, якімі вызначыўся мінулы год для азятчукоў і жыхароў усяго сельсавета, 2016-ы захаваецца ў памяці як юбілейны. 500-ыя ўгодкі з дня першай згадкі паселішча Азяты, што адзначаліся ў аграгарадку напрыканцы мая, сталі сапраўдным раённым святам, відовішчным, грандыёзным, шчырым і па-сямейнаму цёплым. Хочацца выказаць падзяку аднавяскоўцам, якія парупіліся, каб парадаваць гасцей чысцінёй сваіх падворкаў і вуліц, дабрынёй і хлебасольствам.
Удзячная кіраўніцтву раёна, найперш у асобе старшыні райвыканкама Дзмітрыя Мікалаевіча Гарадзецкага, за разуменне ды вялікую падтрымку ў гэтай справе. Агульнымі намаганнямі свята атрымалася, мела вялікі станоўчы розгалас, стала вельмі запамінальным у тым ліку для многіх нараджэнцаў Азят і наваколляў, што жывуць цяпер далёка ад родных мясцін, але з нагоды вяртаюцца на малую радзіму ці зямлю продкаў. Дарэчы, юбілейны год выклікаў у людзей цікавасць да гісторыі нашага краю, гэтаму садзейнічалі і публікацыі ў “Сельскай праўдзе”.
– А чым вызначаецца сённяшні “малады” твар азяцкай зямлі, іншымі словамі, ці дастаткова шмат у сельсавеце з’яўляецца на свет дзяцей? Увогуле, як суадносяцца ў вас мо самыя важныя дэмаграфічныя паказчыкі – нараджальнасць са смяротнасцю?
– Так, сярод сельсавецкіх спраў адна з найбольш пачэсных і адказных – гэта рэгістрацыя актаў грама-дзянскага стану. Стараемся быць чулымі да ўсялякіх патрэб вяскоўцаў. Да нас людзі прыходзяць і каб атрымаць першы дакумент для свайго немаўляці, і ў тых сумных абставінах, калі патрэбна правесці чалавека ў апошні шлях. Нам жаль, смяротнасць перавышае нара-
джальнасць, прычым значна і далёка не першы год. Вось і сёлета на 22 памерлых прыйшлося толькі дзевяць нованароджаных.
Але ж ёсць і прыемныя лічбы ды факты. Зараз на тэрыторыі сельсавета налічваецца ажно тузін шматдзетных сем’яў. Апошнімі па часе – у кастрычніку – да гэтай прыемнай кагорты далучылася сям’я Шурко, дзе нарадзілася трэцяе дзіця. Калі гаварыць пра населеныя пункты, атрымаецца наступная геаграфія: адна шматдзетная сям’я жыве ў Сычове, дзве – у аграгарадку, а вось старасельцы паставілі своеасаблівы рэкорд. Насуперак сваёй гістарычнай назве Старое Сяло прыкметна маладзее, дзякуючы яго жыхарам тут налічваецца ажно дзевяць шматдзетных сямей. І што прыемна, усе яны добрыя, працавітыя, ні пра кога нельга сказаць благога слова! 15 лістапада – чарговая прыемная навіна: у нашай самай найвялікшай сям’і Збайчаковых нарадзілася дзясятае дзіця – дзяўчынку назвалі Аняй.
Гавораць, што шлюбы заключаюцца на нябёсах, але ж рэгістраваць іх усё ж даводзіцца нам! Сёлета было заключана шэсць шлюбаў. У іх ліку была і сям’я Сяргея ды Таццяны Карогвічаў (дарэчы, Сяргеевы бацькі сёлета адзначылі сярэбранае вяселле), а маладыя нават двойчы паспелі завітаць у сельсавет: толькі-толькі ў пачатку года пабраліся шлюбам, а праз пэўны час зноў прыйшлі па дакумент – цяпер ужо на дзіця.
Калі ствараюцца новыя сем’і, значная частка ўрачыстай цырымоніі кладзецца на плечы кіраўніка справамі сельвыканкама Таццяны Ігараўны Калінчук. Яна надзвычай сур’ёзна падыходзіць да гэтага, самастойна стварае сцэнарыі, падбірае музычнае афармленне, абавязкова прыслухоўваецца да ўсялякіх пажаданняў маладых, якія хочуць, каб гэты дзень стаў запамінальным не толькі для іх, але й бацькоў, шматлікіх родзічаў і сяброў. Апошнім часам назіраецца традыцыя: абавязкова пасля ўрачыстасці маладыя сем’і ўскладаюць кветкі да помніка землякам, загінулым у Вялікую Айчынную вайну (стварэнне колькі гадоў таму ў Азятах названага мемарыяла таксама было адной з важных нашых спраў, як і ўвогуле беражлівыя адносіны да помнікаў даўніны, размешчаных у Азятах, паблізу Старога Сяла, Лісак).
Сёлета ў сельсавеце святкаваліся два залатыя вяселлі. Да такога паважанага агульнага свята дажылі ў пашане адзін да аднаго Васіль Георгіевіч і Валянціна Іванаўна Левыя, Уладзімір Андрэевіч і Вера Якаўлеўна Ляшчынскія – абедзве азяцкія сям’і, яшчэ дадамо да гэтага спісу пяць сярэбраных сямейных юбіляраў: Андрасюкоў, названых ужо Карогвічаў, Максімовічаў, Шкарупаў і Канапалюкоў. Свае шаноўныя святы ўсе яны адзначалі ў атачэнні дзяцей, унукаў і нават праўнукаў. Сведкамі гэтага сталі і тыя, хто завітаў на вялікае свята ў Азяты, дзе ўшаноўваліся “золата” ды “серабро” чалавечых лёсаў.
Акрамя таго, сёлета з дапамогай культработнікаў прыгожа адзначылі юбілеі нашых ветэранаў і старажылаў. (Дарэчы, за гэты год калектывам Азяцкага СДК праведзены 53 канцэрты, у тым ліку 10 платных). Сваімі віншаваннямі і спевамі самадзейныя артысты парадавалі двух жыхароў, якія святкавалі свае 80-ыя ўгодкі, і чатырох 90-гадовых юбіляраў. Сярод апошніх – нашы паважаныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Васіль Мікалаевіч Краўчук і Іван Аляксандравіч Алексіевіч са Старога Сяла. Няхай у гэтым вельмі ўжо шаноўным узросце спрыяе ім усім здароўе.
Аднак, на жаль, як і паўсюль, існуюць і зусім іншыя прыклады сямейных адносінаў. Маю на ўвазе тых, хто пастаўлены на ўлік як сем’і, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На тэрыторыі сельсавета іх дзве (у Старым Сяле і Азятах), з імі таксама даводзіцца шчыльна працаваць.
– Ва ўсялякія часы чалавек быў звязаны з зямлёй, асабліва калі жыў ён у сельскай мясцовасці. Наколькі часта даводзіцца вырашаць спецыялістам сельвыканкама зямельныя пытанні?
– Работа ў галіне зямельных адносін праводзіцца ў сельсавеце паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі і прэзідэнцкага Указа “Аб спагнанні і прадастаўленні зямельных участкаў”, што дзейнічае дзясяты год. Усяго за 2016-ы ў нас было станоўча разгледжана 29 землеўпарадкавальных спраў. Найчасцей людзі звяртаюцца па афармленне ўчасткаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, для вядзення асабістай гаспадаркі. Сёлета выдзяляліся надзелы ў Азятах і Старым Сяле, Сычове і Тамашках, Пералум’і і Баранцах. Разам з тым сельвыканкам пільна сочыць за выкананнем сучаснага зямельнага заканадаўства, якое абавязвае грамадзян утрымліваць у належным стане свае надзелы. Тым больш, што вельмі многія (а яны абавязкова дзеля рэгістрацыі зямельнага ўчастка для асабістай гаспадаркі павінны пражываць на тэрыторыі сельсавета) афармляюць зямлю ў пажыццёвую спадчыну. Затым, праз пэўны час, гэты надзел можа быць перададзены дзецям, унукам ды іншым спадчыннікам.
На ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у сельвыканкаме знаходзяцца 20 сямей, з іх чатыры – шматдзетныя. У Старым Сяле будуе дом шматдзетная сям’я Ільі Мікалаевіча і Ірыны Паўлаўны Гамолаў, якія выкарыстоўваюць дзеля гэтага льготны крэдыт, выдадзены раней “Беларусбанкам”.
– Ларыса Уладзіміраўна, прывабнасць і ўтульнасць жыцця ў вялікай ступені залежаць ад таго, наколькі падтрымліваецца парадак навокал. Што ў гэтым плане робіцца сіламі сельвыканкама?
– Сёлета выкананы вялікі аб’ём у добраўпарадкаванні тэрыторыі, найперш звярталі пільную ўвагу на стан вясковых вуліц. Прынамсі, у Старым Сяле на вуліцы з мілагучнай назвай Сонечная існаваў сур’ёзны недахоп. Некалі, яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя, тут быў пакладзены так званы “армянскі” асфальт (клікалі яго так, бо ў часы перабудовы яго паклалі “госці з поўдня”). Свае функцыі гэтае пакрыццё выконвала пэўны час, аднак зроблены без сучасных тэхналогій, з не вельмі якаснага матэрыялу, асфальт прыйшоў у заняпад. На сходзе жыхароў вуліцы, дзе прысутнічалі кіраўнік ДРБУ № 103 Алег Мікалаевіч Марчанка і тагачасны намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Вітальевіч Шалтанюк, было прапанавана замест старога асфальту, які ўжо немагчыма было адрамантаваць, выканаць сучаснае гравійнае пакрыццё. І ўжо ў лютым гэтая справа была зроблена. Увогуле, на дарогах, што перасякаюць землі Азяцкага сельсавета, кожную вясну праводзяцца падсыпка, ямачныя работы.
У сельсавеце выбраны і працуюць восем старастаў. Хочацца з іх шэрагу вылучыць Валянціну Іванаўну Андрасюк, старасту Азятаў, якой сёлета нашмат больш дадалося клопатаў у сувязі з падрыхтоўкай і правядзеннем юбілею.
На вясковых вуліцах адрамантавана і ўсталявана 125 метраў плоту, праводзілася афарбоўка яго сіламі жыхароў. Штогод веснавой парой насельніцтва арганізуецца на добраўпарадкаванне, каб гаспадарыла навокал чысціня, праводзіцца вываз смецця, сухастою. У шэрагу населеных пунктаў (у іх ліку Азяты, Старое Сяло, Тамашкі, Сычова) сёлета было зрэзана 14 небяспечных і 12 аварыйных дрэў.
Ва ўсіх пералічаных выпадках мы прыслухоўваліся да пажаданняў землякоў, стараючыся дапамагчы ім, паколькі ў сельвыканкаме пастаянна вядзецца праца па выкананні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”. На працягу 2016 года да нас не паступала пісьмовых зваротаў, аднак у васьмі выпадках просьбы былі выказаны ў вуснай форме. Усе звароты разгледжаны ва ўстаноўленым парадку, па іх прыняты рашэнні. Сярод праблем, узнятых вяскоўцамі, меліся не толькі просьбы аб ліквідацыі старых дрэў ці ўдакладненні, якім чынам набыць зямельны надзел, але й жаданне пачуць каментарыі да Указа, які тычыцца ўтрыманства, і г.д. У сельвыканкаме арганізавана праца па прынцыпе “аднаго акна”, паводле папярэдняга запісу кожную суботу з 9 да 12 гадзін праводзяцца прамыя тэлефонныя лініі. Шчаслівыя, калі можам дапамагчы не толькі парадамі, але і сваімі справамі.
– Што плануецца ў сельвыканкаме на год, які толькі пачынае ўваходзіць у свае правы?
– 26 снежня правялі апошняе ў мінулым годзе пасяджэнне сельскага выканаўчага камітэта. Сярод асноўных пытанняў, што разглядаліся, – прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця і пытанні фінансавання на 2017 год, падвялі вынікі працы стараст сельскіх населеных пунктаў, якія месцяцца на тэрыторыі Азяцкага сельсавета, і, вядома, зацвердзілі план дзейнасці на бягучы год. Справы чакаюць надзённыя. У іх ліку – мерапрыемствы па сацыяльнай абароне насельніцтва, рэалізацыі крытычных заўваг і прапаноў, выказаных пад час сходаў вяскоўцаў. Асаблівую ўвагу, як і заўжды, будзем звяртаць на добраўпарадкаванне, разгледзім працу ўчастковага інспектара па прафілактыцы правапарушэнняў, рэалізацыю Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” і г. д. Хочацца таксама ў гэтым годзе годна і запамінальна адзначыць святы вёсак Целякі і Старое Сяло.
Напрыканцы ёсць жаданне павіншаваць землякоў з Новым годам і Раством Хрыстовым.
У гэтыя дні шчыра хочацца пажадаць землякам мець зімовую бадзёрасць, веснавую ўлюбёнасць, летнюю прыгажосць і асенні дабрабыт!
На здымках: старшыня Азяцкага сельвыканкама Ларыса Уладзіміраўна ХАРС; у час пасяджэння сельскага выканаўчага камітэта.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top