Прыгажосць, створаная з фантазіяй і па-майстэрску

Прыгажосць, створаная з фантазіяй і па-майстэрску

DSC03031 DSC03038 DSC03045 DSC03046 DSC03064 DSC03076 DSC03077 DSC03078Людміла КОСЦІНА.

Фота Святланы БЯЛЯК.

Яшчэ задоўга да Новага года перадсвяточны настрой жабінкаўцам стваралі ўпрыгажэнні, якіх штодзень усё больш і больш з’яўлялася на гарадскіх вуліцах, ля адміністрацыйных будынкаў, на тэрыторыях, што прылягаюць да ўстаноў, прадпрыемстваў і арганізацый. Яны, дарэчы, розныя. Нехта скарыстаў мінулагоднія, іншыя раскашэліліся на больш шыкоўную ілюмінацыю.

Назіранні за апошнія гадоў дзесяць, прымушалі зрабіць такую выснову – горад заканчваецца вуліцай Цэнтральная, таму што далей ілюмінацыя не развешвалася. Толькі дзе-нідзе ў вокнах шматпавярховак свяціліся ёлкі, мільгацелі гірлянды. Так было і ў цэнтральнай раённай бальніцы. Сёлета любы, хто спускаецца з моста праз Мухавец, заўважаў: Жабінка рыхтуецца да Новага года. Пра гэта сведчылі ў цемнаце серабрыстыя ялінкі з левага боку аўтадарогі. Днём яны сустракалі гасцей сакавітай зелянінай.
Прыбальнічная тэрыторыя зіхоткімі рознакаляровымі агеньчыкамі свеціцца здалёку. Натуральныя ялінкі ўпрыгожаны гірляндамі, якія мільгацяць, нібы весела ўсміхаюцца. Асабліва прываблівае ўсіх, хто любіць шпацыраваць у прыцемках па вуліцах горада, фантан. Ён такі блакітны, чысты, як неба над Жабінкаўшчынай і ўсёй Беларуссю.
Уваход на Цэнтральную вуліцу ў мікрараёне ля бальніцы расквечаны расцяжкамі гірляндаў уздоўж і ўпоперак праз аўтадарогу і ёлкай, якая свеціцца серабрыстай гірляндай з тысячы маленькіх дыёдных лямпачак і прыгожымі рознакаляровымі шарамі. Здорава!
Далей на шляху-шпацыры карэспандэнтаў першая гарадская школа, дзе зіхоткія ёлкі ствараюць святочную незабыўную атмасферу, а таксама вітае цікавы снегавік.
Дапаўняюць гэтую прыгажосць гірлянды на дрэвах, насупраць праз вуліцу стройная, нібы дзявочы стан, ёлачка на будынку водаканала, а таксама далікатна ўпрыгожаная сядзіба Аляксея Гілеціча і мільгаценне гірляндаў на вуліцы Чкалава.
Сёлета ўпершыню два масточкі праз рачулку Жабінка свецяцца блакітным колерам. Дый наогул яго ў сённяшніх упрыгажэннях шмат. Увесь будынак “Белпошты” радуе нас менавіта падсветкай блакіту, які, дарэчы, не знікае і на цэнтральнай плошчы горада. Чаго варты фантан-вадаспад. Наогул, розных упрыгажэнняў на плошчы хапае. Сёлета зусім па-іншаму ў адрозненне ад мінулых гадоў зіхаціць ёлка, устаноўленая на металічным каркасе вышынёй 18 метраў. Каб сабраць зялёную прыгажуню, спатрэбілася 36 елачак. Аднолькавай думкі наконт самай прыгожай сёлета за апошнія пяць гадоў не пануе. Пра арыгінальнасць запаленай на ёй ілюмінацыі гавораць некаторыя жабінкаўцы. Дарэчы, усё ёлачнае ўпрыгажэнне зроблена работнікамі камунальнай службы.
Чым яшчэ любуемся мы на плошчы, калі гуляем ці ідзём раніцай на працу? Як і летась, свецяцца сакуры, вечназялёныя дрэўцы ўпрыгожаны гірляндамі. Асабліва многа серабрыстага бляску: шары, карэта з конікам, у якой вельмі любяць рабіць фотасесію дзеці, не адмаўляюцца і дарослыя. Радуюць і пешаходаў, і вадзіцеляў снегавічкі, лясныя звяры, певень – сімвал 2017 года. Не прыходзяць зрабіць фотасесію сюды, бадай, толькі лянівыя. Увогуле, усе гэтыя вынікі дызайнерскай фантазіі нашай камунальнай службы лепш адзін раз убачыць,чым некалькі разоў апісаць. А зрабіў такую прыгажосць Пётр Іванавіч Канючка, які працаваў-фантазіраваў паводле дагавору. Каркасы зроблены з металу яго рукамі, а потым расквечаны гірляндамі.
На вуліцы Кірава ў Жабінцы месцяцца розыя ўстановы. Як заўсёды, напярэдадні Новага года ўсе яны расквеціліся святочнай ілюмінацыяй, якая радуе любога, хто праходзіць ці праязджае ля іх. Надуўны Дзед Мароз ля ёлкі на балконе рэстарана “Вясёлка” вітае жабінкаўцаў. Цёплымі разнаколернымі гірляндамі расквеціліся райвыканкам, падатковая інспекцыя, Дом быту. У гандлёвых кропках святлодыёдная падсветка.
Далей журналісцкая сцяжынка прывяла да ПМК-19, мінулагодняга пераможцы ў конкурсе на лепшае навагодняе ўпрыгажэнне. Прыцемак, а тут усё расквечана. Вось дзе цудоўныя фотасесіі можна зрабіць. Шкада, што ПМК-19 знаходзіцца не ў цэнтры горада. Не толькі ўваход у адміністрацыйны будынак зіхаціць розным убранствам. Усіх вітаюць Дзед Мароз, Снягурка, Снегавік на даху будынка, зіхаткія аркі па ўсёй тэрыторыі ля адміністрацыйнага будынка. Шмат абнаўленняў у навагодняй ілюмінацыі. Цікава свеціцца фантан, на ўсіх зялёных дрэвах пераліваюцца святлодыёдныя расцяжкі, шары. Калі запыталася ў інжынера Мікалая Міхайлавіча Манчука пра мінулагодняга Дзеда Мароза, які спяваў, то ён адказаў, што, калі той перастаў спяваць, нейкія прахожыя так білі па нагах, што пераламілі іх, пакуль рамантуем. Вось так адбываецца, адны ствараюць прыгажосць, іншыя яе знішчаюць.
Далікатна ўпрыгожаны фасад і дах Жабінкаўскага раёна газазабеспячэння ВУ “Брэстгаз”. І зноў жа ў блакітным колеры.
Прыгожа ля адмі-ністрацыйнага будынка ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Пераліваюцца і мільгацяць казачныя героі над шыльдай завода: запрэжаныя аленем сані, якія імчаць па снежнай цаліне з Дзедам Марозам і Снягуркай з падарункамі на ранішнікі, карпаратывы. Уваход на прадпрыемства аздоблены цёплым залацістым святлом, свецяцца і ялінкі, што растуць побач.
Да навагодняга свята ўпрыгожыліся не толькі адміністрацыйныя будынкі, а й прыватныя дамы і кватэры. У адных вокнах імітацыя зоркападу, у іншых зіхацяць ёлачкі з гірляндаў ці проста мільгацяць агеньчыкі рознымі колерамі вясёлкі. Словам, упрыгожваючы сваё жыллё, людзі ствараюць настрой не толькі сабе і блізкім, але і прахожым. Да афармлення дамоў, вуліц, фасадаў адміністрацыйных будынкаў усе падыходзяць з фантазіяй. Адрасоў, дзе ажывае навагодняя казка, на Жабінкаўшчыне намнога больш, чым названа ў допісе.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro