Што новы год нам прынясе?

Што новы год нам прынясе?

новый год

Ужо моцна адчуваецца поступ 2017 года, які праз лічаныя гадзіны прыйдзе на змену 2016-му. Што ж чакаць ад новага года, якія святочныя і юбілейныя даты ён прынясе з сабою для жабінкаўцаў?
Самая старажытная дата, якая будзе адзначацца ў годзе, што надыходзіць, – 525 гадоў. Менавіта столькі міне часу з дня нараджэння найстарэйшай у раёне вёскі Дзяменічы. Упершыню пісьмова гэтае паселішча згадваецца пад 7000-ым годам ад пачатку Свету (так лічылі раней у Старажытнай Русі, цяпер сказалі б – у 1492 годзе (у той год, для прыкладу, Калумбавы караблі адкрывалі невядомы раней амерыканскі бераг!).
Крыху маладзейшая (усяго на нейкае дзесяцігоддзе) Свята-Мікіцкая царква ў Здзітаве (1502 год). Гэты храм лічаць адным з самых старажытных помнікаў палескага драўлянага дойлідства не толькі на Брэстчыне, але ва ўсёй Беларусі.
На працягу вясны і ўлетку 2017-га адразу некалькі вёсак адзначаць свае 440-ыя ўгодкі. Сярод іх Вярхі і Алізараў Стаў, Глыбокае і Федзькавічы, усе яны вядомыя з 1577 года.
У суседніх Вялікіх Якаўчыцах і Прусцы таксама агульны дзень нараджэння: у 1532 годзе гэтыя населеныя пункты ўпершыню згадваюцца ў лісце каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорцы д’Арагон. Яшчэ праз паўстагоддзя (у 1582-м) у дзяржаўныя паперы на доўгія вякі былі ўпісаны назвы вёсак Рагозна ды Філіпавічы.
Як вядома, нашыя мясціны вельмі моцна знітаваны з імем генерала Тадэвуша Касцюшкі (1745/1746–1817). У гістарычным плане гэта, бясспрэчна, будзе ягоны год. І не толькі таму, што спаўняецца дзвесце гадоў з дня смерці слыннага военачальніка, якога лічаць сваім нацыянальным героем народы Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі. Справа яшчэ ў тым, што за некалькі месяцаў да смерці, 2 красавіка 1817 года, Касцюшка пакінуў свой знакаміты запавет, якім вызваліў ад прыгнёту прыгонных сялян у маёнтку Сяхновічы. 10 кастрычніка барацьбіт за “вольнасць нашу і вашу” памёр у Швейцарыі, далёка ад родных краявідаў, аднак застаўся ў памяці жыхароў нашага краю.
Пятровічы – малая радзіма паэта Альбіна Міхала Дзяконскага (1892-1940), які першым сярод нараджэнцаў Жабінкаўшчыны гучна заявіў пра свой талент. 28 красавіка святкуецца 125 гадоў з дня ягонага прыходу на свет.
Увогуле, наша зямля аказалася багатай на тых, хто сябруе з рыфмаваным словам. 26 сакавіка адсвяткуе сваё 75-годдзе Іван Сяргеевіч Арабейка, які нарадзіўся ў суровую ваенную пару, у 1942 годзе. Крыніца ягонага таленту ад самай калыскі да сённяшніх дзён – малая радзіма, што падаравала магчымасць не толькі жыць, але й ствараць цудоўныя вершы.
Ваеннае ліхалецце і ўсё той жа агнявы 1942-і штогод згадваюць жабінкаўцы на жалобным мітынгу, які адбываецца 11 верасня, на свята Усячэнне галавы Іаана Прадцечы на месцы колішняй вёскі Драмлёва. У 2017 годзе споўніцца тры чвэрці стагоддзя з дня страшнай трагедыі, калі нямецка-фашысцкія карнікі знішчылі ў полымі жабінкаўскую “вогненную вёску”.
Адлік сваёй гісторыі паштовая служба на Жабінкаўшчыне можа пачынаць з 1812 года. Менавіта тады на нашых землях узнікла першая паштовая станцыя, адчыненая ў Булькове. Згаданы год памятны таксама падзеямі расійска-французскай Айчыннай вайны, якая двойчы пракацілася па жабінкаўскіх землях 205 гадоў таму. (Дарэчы ў названым Булькове некалькі дзён кватаравала цэлая расійская армія, узначаленая адміралам Паўлам Чычагавым).
Новы год пачнуць з юбілейнай даты настаўнікі, вучні, былыя выпускнікі Ленінскай сярэдняй школы, якая прыняла першых вучняў 15 студзеня 1972 года. 45 гадоў 21 сакавіка адлічыць ад часу заснавання і племянная станцыя рэспубліканскага сельгас-прадпрыемства “Брэстплемпрадпрыемства”.
3 мая 2017 года свае 40-ыя ўгодкі адзначыць калектыў санаторыя “Буг”, 26 мая – “залаты” юбілей для педагогаў і навучэнцаў ДУА “Жабінкаўская дзіцячая школа мастацтваў”, а ў лістападзе адсвяткуюць 60-годдзе роднага прадпрыемства працаўнікі і ветэраны камбікормавага завода.
Нарэшце, напрыканцы наступнага года таксама 60 гадоў споўніцца філіялу КУП “Брэстаблдарбуд” ДРБУ № 103, які адлічвае сваю гісторыю з 25 снежня 1957 года. Шаноўнай даце будуць радавацца і шматлікія жабінкаўцы, якія ходзяць і ездзяць па дарогах, пабудаваных працаўнікамі арганізацыі за гэты доўгі час.
Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top