Няхай накукарэкае ўсім Певень шчасце

Няхай накукарэкае ўсім Певень шчасце

IMG_0006
Для жабінкаўца Аляксея Грыцука надыходзячы 2017-ы асаблівы: ён нарадзіўся ў год Пеўня. Акурат на 23 лютага 1969-га матуля Аляксея зрабіла такі падарунак мужу да Дня абаронцаў Айчыны.
– Хіба раней мы што-небудзь ведалі пра ўсходнія календары? – кажа Аляксей Леанідавіч. – Гэта ўжо ў 90-ыя такая мода пайшла: гараскопы, прагнозы на будучае… Адносіны да іх розныя, аднак, доля ісціны ў характарыстыцы кожнага знака, кожнай “жывёліны” ўсё ж такі ёсць. Я Земляны Певень (смяецца. – Аўт.), змалку прывучаны да працы на зямлі.
Жыццё бяжыць, імчыць, віруе… Сёлета споўнілася 30 гадоў, як Аляксей Грыцук скончыў першую гарадскую школу. Улетку разам з аднакласнікамі сабраліся і адзначылі гэтую падзею. Аляксей Леанідавіч узгадвае, што паступіць адразу пасля заканчэння дзесяцігодкі ў Беларускі політэхнічны інстытут у Мінску з першага разу не ўдалося, і ён пайшоў у 151-е прафесійна-тэхнічнае вучылішча на тэрыторыі Брэсцкага электралямпавага завода, якое скончыў з адзнакай. Калі б далі адтэрміноўку ад воінскай службы, паступіў бы без экзаменаў у той жа політэх у Мінск. Але лёс склаўся інакш. Давялося яшчэ два гады паслужыць Савецкаму Саюзу ў баявой авіяцыйнай часці на тэрыторыі Эстоніі. Вельмі сумаваў па родных, па маленькай радзіме, таму, калі вярнуўся пасля службы, дакументы падаў не ў мінскі інстытут, а бліжэй да дому – у Брэсцкі педагагічны. Ізноў чакала няўдача. Аляксей Леанідавіч не паступіў на фізіка-матэматычны факультэт, хоць бездакорна рашыў усе задачы, па адной простай прычыне: не валодаў работай на камп’ютары.
Калі верыць усходняму гараскопу, людзі народжаныя ў год Пеўня, упарта ідуць да пастаўленай мэты, яны руплівыя і настойлівыя. Аляксей Грыцук уладкаваўся слесарам у ДЭУ-103 у райцэнтры і паралельна рыхтаваўся да паступлення ў запаветны сталічны політэхнічны інстытут, куды ўсё ж паступіў на аўтатрактарны факультэт праз чатыры гады пасля першай спробы.
– Калі моцна чаго-небудзь хочаш, мара абавязкова ажыццявіцца, – гаворыць мой суразмоўца. ­– Я атрымаў дыплом аб вышэйшай інжынернай адукацыі, і мне прапанавалі пасаду механіка, а затым лінейнага механіка ў родным дарожна-эксплуатацыйным упраўленні, дзе да таго часу паспеў папрацаваць яшчэ й вадзіцелем. Тут жа знайшоў і сваю другую палову – жонку Валянціну.
Чарговы год Пеўня – 2005-ы – прынёс кар’ерны поспех: Аляксею Грыцуку прапанавалі пасаду начальніка сектара механізацыі і энергетыкі філіяла КУП “Брэстабл-дарбуд” Жабінкаўскае ДРБУ № 103. У яго падпарадкаванні 34 чалавекі: вадзіцелі, механізатары, токар, зваршчык, механікі, кладаўшчык, іншыя. Як вядома, праца з людзьмі складаная і адказная, да кожнага чалавека трэба знайсці падыход, нікога не абысці ўвагай.
– Часта маіх падначаленых даводзіцца падымаць уначы, выклікаць на выхадных, адзываць з адпачынкаў, калі з’яўляецца работа, – расказвае Аляксей Грыцук. – З апошніх выпадкаў, напрыклад, ледзяны чацвер 8 снежня. Я якраз дзяжурыў уначы, калі пайшоў дождж пры мінусавой тэмпературы, а ў выніку гэтага пачаў утварацца каток. Патэлефанаваў усім вадзіцелям, механізатарам, якія ліквідуюць слізкасць на дарогах. Ужо ў 4.30 працаўнікі ДРБУ № 103 падсыпалі іх за горадам.
“Таварыскі, з выдатным пачуццём гумару, цікавы суразмоўца, адказны працаўнік, справядлівы начальнік” – так характарызуюць Аляксея Грыцука калегі з ДРБУ № 103.
Акрамя асноўнай працоўнай дзейнасці, ён выконвае і грамадскія абавязкі і даручэнні. Яшчэ з першых прэзідэнцкіх выбараў уваходзіць у склад участковай выбарчай камісіі, апошнія два разы ў якасці намесніка старшыні. Акрамя таго, ён добраахвотны народны дружыннік дружыны па бяспецы дарожнага руху, мае грамату ад МУС Беларусі. Шмат уганараванняў за добрасумленную працу атрымліваў і ад роднай арганізацыі. Але не граматы і прэміі лічыць Аляксей Леанідавіч найлепшай узнагародай. Яго ўцеха і гонар – дочкі Таццяна і Вольга. Абедзве паспяховыя студэнткі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна: старэйшая вучыцца на факультэце прыкладной матэматыкі, малодшая – на біялагічным. Таня да таго ж атрымлівае другую вышэйшую адукацыю.
Аляксей Леанідавіч упэўнены, што надыходзячы год Пеўня падорыць яго сям’і шчаслівыя, яркія моманты, сустрэчы і ажыцяўленне мар і жаданняў (а іх вельмі шмат!).
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: начальнік сектара механізацыі і энергетыкі ДРБУ № 103 Аляксей Грыцук з эканамістам па бухгалтарскім уліку і аналізе гаспадарчай дзейнасці Людмілай Антанюк.
(Дарэчы, надыходзячы 2017-ы
адметны і для Людмілы Мікалаеўны: 7 студзеня яна адзначыць юбілей).
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro