Да карысных спраў далучацца ніколі не позна

Да карысных спраў далучацца ніколі не позна

20161227_123547 IMG_3177

Традыцыйна ў Беларусі напярэдадні Новага года праводзіцца рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці”, якая напоўнена цікавымі сустрэчамі, экскурсіямі, вясёлымі канцэртамі, гарэзлівымі спектаклямі і, канечне, падарункамі. Па жабінкаўскай зямлі яна крочыць з 9 снежня і завершыцца на Каляды, 8 студзеня.
Міласэрнасць, уважлівасць, зычлівасць праяўляюць да дзяцей у гэтыя дні людзі розных прафесій і ўзростаў, але ва ўсіх іх чулае і спагадлівае сэрца да чужых праблем. Тым болей, што дзеці асабліва чакаюць навагодняга цуда. Звычайна ён прыходзіць разам з Дзедам Марозам, Снягуркай і лясной прыгажуняй.
27 снежня адбылася раённая дабрачынная ёлка для дзяцей-інвалідаў, на якую было запрошана 88 хлопчыкаў і дзяўчынак. Спачатку госці размясціліся ў глядзельнай зале гарадскога Дома культуры, дзе ладзілася святочнае відовішча “Навагодні перапалох”. Перад тым, як пачалося чароўнае дзейства, дзетак вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі. Ён зазначыў: “Задаволены, што прыйшоў у госці да дзетвары, якая чакае падарункаў ад Дзеда Мароза. Яны, вядома, будуць. А я хачу вам пажадаць здароўя, выдатна вучыцца, шчасця, дабрыні ад тых, хто побач з вамі. Усе вы ведаеце, што зялёная ёлачка з’яўляецца сімвалам гэтых пажаданняў. І яшчэ: няхай чароўная навагодняя ноч прынясе вам шмат сюрпрызаў”.
Потым пачалося казачнае тэатралізаванае відовішча з удзелам Дзеда Мароза, Сумёта, Зімы, Кашлю, якіх ігралі работнікі культуры і дзеці тэатралізаванага гуртка. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўбачылі, як дабро перамагло зло. Пасля цікавага дзейства госці свята разам з казачнымі героямі перамясціліся ў танцавальную залу, дзе іх чакалі Дзед Мароз і Снягурка… Дзеці разам з імі, татамі і мамамі кружыліся ў карагодзе, а таксама чыталі вершы, спявалі песні, за што атрымлівалі салодкія падарункі. Усім было весела.
Чароўнасць свята гасцям падарылі работнікі культуры, раённае аддзяленне Фонду міру ў асобе Любові Іванаўны Ярмашук, раённае аб’яднанне прафсаюзаў і яго старшыня Ніна Уладзіміраўна Калыбская і калектыў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам з дырэктарам Раісай Макараўнай Мышкавец. Дарэчы, усім дзеткам, якія не змаглі прыйсці на ёлку, падарункі даставяць на дом і павіншуюць з Новым годам Дзед Мароз і Снягурка ТЦСАН.
У заключэнне свайго допісу хачу сказаць, што далучыцца да карысных спраў ніколі не позна, а рука, працягнутая са шчодрасцямі дзецям, ніколі не збяднее, бо дабра такому чалавеку вернецца ўдвая больш.
Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro