На мяжы двух стагоддзяў

На мяжы двух стагоддзяў

IMG_1828

Варвара Рыгораўна Кулік днямі адзначыла соты дзень нараджэння. Павіншаваць яе з такім важкім векавым юбілеем прыехалі дзеці, унукі, адміністрацыя і прафкам камбікормавага завода, дзе калісьці працавала.
…Жыццё жанчыну не вельмі песціла. Калі пачалася Першая сусветная вайна, бацькі, як высяленцы, аказаліся ў Краснадарскім краі. Там і нарадзілася ў сям’і пятая па ліку дзяўчынка, якой далі імя Варвара. Праз год сям’я вярнулася ў родныя Арэпічы. Праўда, у няпоўным складзе – двое дзяцей захварэлі ў дарозе і памерлі. Аляксей, Еўдакія і Варвара, нягледзячы на юны ўзрост, ва ўсім дапамагалі маме з татам, не цураліся ніякай работы.
За год да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Варвара пайшла замуж за чулага і працавітага хлопца – Івана Куліка. Бацькі дапамаглі пабудаваць маладажонам дыхтоўны, прасторны дом (пазней Кулікі перавезлі яго ў Жабінку). У ладзе і згодзе пражылі 65 гадоў. Іван Герасімавіч некалькі дзясяткаў гадоў рупіўся на чыгунцы – спачатку аднаўляў пашкоджанае фашысцкімі захопнікамі чыгуначнае палатно, затым вывучыўся і працаваў ажно да пенсіі памочнікам машыніста. Варвара ўладкавалася на працу ў сталоўку, а затым – вартаўніком у дзіцячы сад камбікормавага завода. Балазе, і працоўнае месца побач – з акенца хаты відаць.
Варвара Рыгораўна лічыць, што Бог да яе асаблівую ласку мае. Нарадзіла і выхавала дзвюх дачок і сына, мае чацвёра ўнукаў і праўнучку, якая жыве зараз у Італіі. Яны – частыя госці ў доме па вуліцы Свабоды. Цяпер бабулі патрэбен асаблівы догляд (яна летась няўдала ўпала і зламала нагу). Бяда для Варвары Рыгораўны яшчэ ў тым, што не можа ў царкву на службу схадзіць. Калі была маладзейшая, ніводнай старалася не прапусціць. Ёй было пад дзевяноста, але з кіёчкам паціху дабіралася, каб памаліцца. Яна і зараз строга вытрымлівае ўсе пасты, радуецца, калі айцец Андрэй або Сергій паспавядаюць і прычасцяць яе. На працягу дня жанчына моліцца, чытае жыція любімых святых.
Даглядаюць старэнькую маці па чарзе дачка Марыя, якая прыязджае з Эстоніі, і сын Уладзімір з дзецьмі, які жыве ў Брэсце. З задавальненнем старажыл успамінала сваё жыццё. Яна сведка дзвюх войнаў, якія адбываліся ў мінулым стагоддзі! Бабуля спадзяецца, што ў жыцці яе ўнукаў і праўнукаў будуць толькі шчаслівыя падзеі пад мірным небам.
Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*