Хто ў церамочку жыве?

Хто ў церамочку жыве?

томашук

Знаёмства з вырабамі Анатоля Андрэевіча Тамашука – жыхара Сцяпанак – адбылося адразу, як толькі зайшла ў двор. Вось альтанка, лавачкі, нават нумарны знак на доме – усё зроблена ягонымі рукамі.
Дзверы адчыніла гаспадыня – Соф’я Ксенафонтаўна, мы павіталіся, і жанчына запрасіла падняцца на другі паверх. Прыступка за прыступкай – і прама тут, на лесвіцы, трапляю ў дзівосны свет драўляных вырабаў Анатоля Андрэевіча. Спыняюся і вачэй адарваць не магу: такая прыгажосць! Казачныя шматпавярховыя домікі – сапраўдныя замкі, толькі ў мініяцюры, у іх свае насельнікі. Вунь з акенца аднаго выглядвае Віні-Пух, на падворку другога пасяліўся і жыве сабака-вартаўнік. Тут і дрэвы растуць, і прыгожы разны плот таксама маецца.
Нарэшце знаёмлюся з самім майстрам. Звыш трыццаці гадоў Анатоль Тамашук адпрацаваў электрыкам у СВК “Шпіталі” (раней калгас “Усход”), апошнія тры – вартаўніком, зараз на заслужаным адпачынку. Часу цяпер для любімага занятку больш. А пачынаў з пляцення кошыкаў, было гэта гадоў дваццаць таму. Рабіў іх з розных матэрыялаў: лазы, шпагату, плёнкі. Потым пачаў працаваць з дрэвам. З цягам часу дома з’явіліся наразныя дошчачкі, лыжкі, карзіны для бялізны, палічкі – пад тэлефон і іншыя хатнія прылады, этажэрка, хлебніца. Умелымі рукамі Анатоля Андрэевіча зроблены дзвярныя налічнікі, рамкі для карцін, фотаздымкаў, люстэркаў, падстаўкі і падвазоннікі для хатніх кветак. Без увагі не заставаліся і просьбы ўнукаў (наведваюцца часта, балазе, жывуць побач). Хатка для марской свінкі, аўтаматы для “вайнушкі” – калі ласка! Дзядуля змайстраваў для Вікі і Максімкі арэлі, сплёў гамакі, збудаваў вялікі домік для гульняў.
Неяк унук папрасіў дапамагчы ў састаўленні зімовай кампазіцыі: у Крыўлянскай школе, якую наведваюць сямікласніца Віка і першакласнік Максім, ладзіўся конкурс на лепшае афармленне класа да навагодніх святаў. Анатоль Андрэевіч адгукнуўся на просьбу: перадаў у школу два домікі. Адзін – двухпавярховы замак, а ля другога – млын, калодзеж з жураўлём, сані, запрэжаныя канём. Чым не сядзіба Дзеда Мароза?! Дый і посах яму ўжо гатовы. Пытаюся ў майстра, колькі часу патрэбна, каб атрымалася такая прыгажосць? Аказалася, посах быў зроблены за тры гадзіны, а вось на адзін домік патрабуецца месяц. Зараз заказала такі ў дзіцячы сад пляменніца Святлана.
У рабоце Анатоль Андрэевіч выкарыстоўвае электрарубанак, лобзікі, дрэлі, іншыя прыстасаванні, а таксама прыбор для выпальвання па дрэве, якім стварае на вырабах узор ці малюнак. Ёсць у яго і свой сакрэт: да любімай справы прыступае толькі ў добрым настроі, тады ўсё і атрымліваецца.
Цікава, што такія ж таленты мае і брат Анатоля Андрэевіча Валерый, які жыве ў Брэсце. Ён робіць домікі, вазы і карзіны, толькі з лазы. Гэтыя ўменні ў Тамашукоў ад бацькі – Андрэя Захаравіча, якога дасюль памятаюць у Алізаравым Ставе. Ён таксама плёў кошыкі, сам для сваёй сям’і пабудаваў дом, умеў рабіць печы. Хто ведае, можа праз некаторы час для сваіх дзяцей будзе майстраваць арэлі Максімка, якому ёсць у каго вучыцца і чыю справу прадаўжаць.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: Анатоль Андрэевіч Тамашук са сваімі вырабамі.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro