Гранд-премия и гитара с оркестром

Гранд-премия и гитара с оркестром

 

 

Гранд-прэмія і гітара з аркестрам

Арцём Галуза быў цікаўным да ўсяго з маленства. Як і ўсе малыя, ён з задавальненнем стукаў па прадметах, грукаў імі ў такт. Праўда, крыўдзіўся, калі ягоныя “канцэрты” на каструлях з лыжкамі спыняла мама. Затое, ужо ў двухгадовым узросце, здзіўляў родных пастаноўкай пальцаў: ён, як сапраўдны піяніст, станавіўся побач з мамай Галінай і ўпэўнена націскаў на клавішы. Цярпення, праўда, хапала не надоўга. А мама, піяністка, дырыжор-харавік, настаўніца спеваў у школе, не прымушала: разумела, калі ёсць талент — ён “праявіцца”. І ён сапраўды “праявіўся”. Па музычных мерках, Арцём з’явіўся ў музычнай школе вельмі позна, — ажно пяцікласнікам. “Натхніў” яго дзядуля Міраслаў Іванавіч. Няхай не роднаму, але горача любімаму ўнуку ён падарыў іспанскую гітару. Яна няблага гучала і вельмі хутка паланіла думкі і сэрца хлапчука. Ён з любоўю перабіраў струны і ўслухоўваўся ў акорды. Арцёму былі ў радасць заняткі з Вікторыяй Эдуардаўнай Красавінай. Ён дома з задавальненнем працягваў іх – іграў на гітары. Вельмі хутка стаў здзіўляць музычнай памяццю, лёгкасцю і віртуознасцю выканання складаных твораў, і настаўніца вырашыла паказаць яго прафесару Валерыю Эдуардавічу Жывалеўскаму, які выкладае ў Акадэміі музыкі ў Мінску. — Ён паслухаў, як я іграю, — успамінае Арцём. — і сказаў: “Тэхніка — 10, выразнасць — 7, а музыкальнасць — 6. А над гукам трэба працаваць, хлопча. Бяры мех грошай і прыязджай да мяне вучыцца”. Тады для мяне гэта стала нават не мара — сэнс жыцця. Вучыцца ў самога Жывалеўскага! І я вырашыў гэтага дабіцца. Маці часцяком назірала, як Арцём вучыў чарговы музычны твор (за два гады ён самастойна “прайшоў” усю праграму музычнай школы), сціраў пазногці аб струны, (ды і яны рваліся штомесяц) і не дазваляў сабе ленавацца. Працавітасць і напорыстасць да дасягнення мэты яе здзіўляла і радавала. Хутка стала зразумела, што ў Жабінкаўскай школе мастацтваў Арцёму больш няма чаго рабіць. Яго прынялі ў музычную школу пры Брэсцкім музычным каледжы імя Р.Шырмы. Раніцай ён ішоў на заняткі ў трэцюю гарадскую школу, а пасля абеду спяшаўся на цягнік, у Брэсцкую музычную. Толькі любоў да музыкі і апантанасць ёю надавалі сілы дзевяцікласніку спраўляцца з неймавернай нагрузкай. На кучаравага з правільнымі рысамі твару, хударлявага падлетка, які ніколі не развітваўся са сваім любым інструментам, звярнуў увагу выкладчык па класу гітары Андрэй Маркавіч Русін. Яму вельмі імпанаваў вучань з яркімі музычнымі здольнасцямі. ”Лёгка спраўляецца са складанай праграмай, — пісаў ён у характарыстыцы — рэкамендацыі. — Засвоіў шырокі гітарны рэпертуар. Вельмі працавіты, перспектыўны з пункту гледжання ўдзелу ў міжнародных конкурсах”. Арцём кожнае напісанае выкладчыкам слова пацвярджаў бліскучымі выступленнямі. …Для Арцёма Галузы 2005 год багаты на падзеі. Ён вельмі гарманічна “упісаўся” ў калектыў сімфанічнага аркестра Брэсцкага музычнага каледжа. Хаця вучыўся яшчэ ў дзіцячай музычнай школе. На абласным туры VІІІ Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.Жыновіча Арцём заслужана заняў першае месца. У журы прысутнічаў прафесар Жывалеўскі, той самы, які крытычна ацаніў магчымасці саманадзейнага хлопчыка з гітарай. Прафесар паціснуў руку збянтэжанаму хлопцу і паўторна запрасіў да сябе вучыцца,калі закончыць школу, толькі не жартам, а ўсур’ёз. Для Арцёма гэта была перамога. Над сабой, сваімі перажываннямі, няўпэўненасцю. А перамогі, граматы і дыпломы пасыпаліся на юнака, як з рога. Тады ўпершыню атрымаў прэмію са спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі. Праўда, яе не хапіла, каб адбылася яшчэ адна мара — новая гітара. — Яе зрабіў мне “пад заяўку” майстар з Гродна Андрэй Мар’янавіч Кібень. — Працягвае Арцём. — 450 долараў для нашай сям’і была непад’ёмная сума. Але яна з’явілася ў апантанага музыкай юнака. Яго віртуозную ігру ацаніла вядучы кампазітар Беларусі Галіна Гарэлава, і запрасіла падлетка на свой аўтарскі вечар у якасці… саліста! “Канцэрт для гітары, струннага аркестра і званоў” Арцём Галуза выконваў разам з Дзяржаўным камерным аркестрам РБ у Палацы Рэспублікі ў Мінску. Бурныя апладысменты і крыкі “брава!” для кампазітара і такога юнага саліста з Жабінкі доўга не сціхалі. Дарэчы, кожны яго выхад на сцэну — гэта шквал апладысментаў. — Усе ўголас гавораць пра нейкі талент, — самакрытычна кажа Арцём, — а без цярпення і ўседлівасці нічога не атрымаецца. Я, напрыклад, восем гадзін у дзень рэпет ырую… Гітарыст з Жабінкі яшчэ двойчы атрымліваў прэміі са спецыяльнага фонду РБ па падтрымцы таленавітай моладзі. У 2007 — прэмію, а летась — гранд-прэмію. …Яшчэ адно прызнанне майстэрства маладога гітарыста — перамога на VІ міжнародным фестывалі-конкурсе “Віртуозы гітары”, які праводзіўя ў Санкт-Пецярбурзе. …Арцём займаецца на трэцім курсе музычнага вучылішча імя М.І.Глінкі ў прафесара Жывалеўскага (дарэчы, паступіў туды без экзаменаў), і вучыць граць на любімым інструменце некалькі хлапчукоў у адной з дзіцячых музычных школ сталіцы. Юнак лёгка выконвае кампазіцыі, якія вывучаюць у Кансерваторыі, піша сваю музыку. Чарговая мэта Арцёма — паступіць у Каралеўскую кансерваторыю ў Лондане.

С.КІСЛАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top