Таленты для чароўнай Каралевы

Таленты для чароўнай Каралевы

IMG_5071З выдатным настроем, памятнымі падарункамі і ўзнагародамі вярнуліся ў гэтыя пераднавагоднія дні з Мінска вучань першай гарадской школы Ягор Шкуратаў і ягоны трэнер Юрый Юліянавіч Сянішын. У чым прычына выдатнага настрою? Найперш, добрае выступленне ў спаборніцтвах “300 талентаў для Каралевы”.

Для тых, хто не ведае, адразу патлумачым: Яе вялікасцю Каралевай у спорце завецца лёгкая атлетыка. І нездарма, бо займацца ёю чалавек пачаў яшчэ ў глыбокай старажытнасці, і дасюль яна мацуе здаровы дух у здаровым целе!
Рэспубліканскія спартыўна-масавыя мерапрыемствы “300 талентаў для Каралевы” мелі некалькі этапаў. Старт першаму быў дадзены яшчэ ў верасні, калі пачынаўся год навучальны, а фініш планаваўся бліжэй да канца года каляндарнага. Так у рэшце рэшт і адбылося.
Спачатку мераліся сіламі на ўзроўні раёна, дзе навучэнцы першай гарадской паказалі выдатныя вынікі: адразу 11 вучняў пачатковых класаў СШ № 1 перайшлі ў другі, абласны, этап. Спартыўныя мерапрыемствы праходзілі ў новай школе № 1 горада над Бугам, якая славіцца надзвычай добрай спартыўнай базай з сучасным пакрыццём на бегавых дарожках, гульнёвых пляцоўках, на некалькіх выдатна абсталяваных стадыёнах. Па выніках берасцейскіх стартаў адзіным прадстаўніком Жабінкаўшчыны ў камандзе Брэсцкай вобласці, што адпраўлялася ў Мінск памерацца сіламі з аднагодкамі з іншых рэгіёнаў, стаў чацвёртакласнік Ягор Шкуратаў, які добра выступіў і ў сталіцы.
З гэтай нагоды сустрэліся з Ягоравым настаўнікам фізічнай культуры Юрыем Сянішыным, які падзяліўся сваімі ўражаннямі. Дарэчы, Юрый Юліянавіч мае ўжо чвэрцьвекавы настаўніцкі стаж, за гэты час ягоныя выхаванцы неаднойчы мелі поспехі на раённых і абласных спартыўных пляцоўках, а адзін з іх – Яўген Грэцкі – стаў сёлета навучэнцам Рэспубліканскага цэнтра алімпійскага рэзерву ў гульнёвых відах спорту.
– Ініцыятарам мерапрыемстваў “300 талентаў для Каралевы” – гэтага сапраўднага свята спорту – выступіў у 2015 годзе старшыня Федэрацыі лёгкай атлетыкі Беларусі Вадзім Дзевятоўскі, – расказвае Юрый Юліянавіч. – Менавіта гэты выдатны спартсмен паклапаціўся, каб таленавітыя наймалодшыя школьнікі яшчэ шчыльней далучаліся да лёгкай атлетыкі і падтрымлівалі здаровы лад жыцця. Летась па выніках першага спаборніцтва ў Мінску стварыўся інтэрнат для здольных маленькіх спартсменаў. Жабінкаўцы і тады ўжо вызначыліся на сталічным узроўні: Аня Сідарук з Ракітніцкай СШ, якую выхоўвае настаўнік Віктар Цікумс, атрымала ІІ месца ў спрынтарска-бар’ерным бегу. Такім чынам, Ягору было на каго сёлета раўняцца. Адразу хочацца падзякаваць і першай настаўніцы Ягора Алене Пракапчук: фізкультурай таленавіты хлопчык займаецца са мною ўсяго год, а прывіла яму любоў да лёгкай атлетыкі Алена Рыгораўна, якая раней праводзіла ў класе ўрокі фізічнай культуры.
Канечне, было вельмі прыемна і адказна стаць удзельнікам берасцейскай каманды. Пасля абласнога туру ў аздараўляльным цэнтры “Колас” прайшлі тыднёвыя зборы. А 15-16 снежня юным спартсменам давялося трымаць сапраўдны легкаатлетычны экзамен у манежы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Імянітыя айчынныя спартсмены, у іх ліку Эліна Зверава, Яніна Карольчык, Вольга Мазуронак, ахвотна раздавалі дзецям фотаздымкі са сваімі пажаданнямі і аўтографамі.
Хлопчык з Жабінкі паўдзельнічаў у трох відах: выконваў скачкі “Крыж”, кідаў з-за галавы вялікі набіўны мяч і выйшаў на старт у спрынтарска-бар’ерным бегу, дзе меў самы лепшы вынік сярод прадстаўнікоў берасцейскай каманды. За гэта Ягора чакалі ўзнагароды і падарункі ад айчыннай Федэрацыі лёгкай атлетыкі, Нацыянальнага алімпійскага камітэта і салодкі прыз ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Ягораў настаўнік за дапамогу ў падрыхтоўцы да спаборніцтваў, прыцягненне дзяцей да заняткаў спортам і развіццё юных талентаў быў уганараваны Падзячным лістом. Юрый Юліянавіч вярнуўся дамоў яшчэ і з памятным медалём, на якім красуецца надпіс: “Лепшы настаўнік фізічнай культуры – 2016”.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro