Як забудоўшчыкі выкарыстоўваюць зямлю

Як забудоўшчыкі выкарыстоўваюць зямлю

стройка

Пракуратура праверыла захаванне землеўпарадкавальнай службай раённага выканаўчага камітэта патрабаванняў заканадаўства пры ажыццяўленні дзяржаўнага кантролю за выкарыстаннем зямель пры будаўніцтве і абслугоўванні жылых дамоў за 2015-ы і студзень-жнівень 2016 года і выявіла недахопы ў дзейнасці яе і аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, а таксама парушэнні пры землекарыстанні і ажыццяўленні дзяржаўнага кантролю.
З выездам на месца супрацоўнік пракуратуры сумесна з прадстаўніком землеўпарадкавальнай службы выбарачна праверылі мэтавае выкарыстанне, асваенне зямельных участкаў, што вы-дзелены для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў у Жабінцы. Нагадаем, згодна з заканадаўствам, завершаным прызнаецца будаўніцтва жылога дома, дачы, калі ўзведзены падмурак, сцены і дах дома, дачы, незалежна ад уводу іх у эксплуатацыю. Згодна з ч. 5 п. 1 Указа № 87 пры набыцці ў адпаведнасці з заканадаўствам зямельных участкаў ці права арэнды на яго, у тым ліку з размешчаным на ім з незавершаным будаўніцтвам жылым домам, тэрмін будаўніцтва, прадугледжаны ў частках 1-4 пункта 1 Указа № 87 не перарываецца. Такім чынам, будаўніцтва капітальных пабудоў павінна быць завершана ў межах тэрмінаў, прадугледжаных Указам № 520, нават у тым выпадку, калі адбываецца змена ўласніка, уладальніка ці арандатара зямельнага ўчастка.
Праверкай устаноўлена, што паўсюдна ў Жабінцы гэтыя патрабаванні забудоўшчыкамі не захоўваюцца. Згаданыя парушэнні на працягу доўгага часу застаюцца па-за ўвагай кантралюючых органаў, у тым ліку спецыялістаў аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. На адных участках (Ю. Кандрацьева і А. Саўчук) пад час праверкі меўся толькі фундамент, на іншых (В. Горбіка і Е. Хоміча) яшчэ і гаспадарчая пабудова. Аднак кансервацыя будаўніцтва не праведзена, звесткі аб зарэгістраваных капітальных пабудовах адсутнічаюць у адзінай дзяржаўнай базе нерухомай маёмасці.
Аналагічныя факты парушэння заканадаўства аб парадку і тэрмінах выкарыстання зямельных участкаў таксама выяўлены ў забудоўшчыкаў Ленінскага і Жабінкаўскага сельсаветаў. Большасць з абследаваных участкаў не абгароджана, зараслі кустамі, пустазеллем, а фундаменты разбураюцца пад уздзеяннем атмасферных ападкаў.
Тэрмін завяршэння будаўніцтва можа быць прадоўжаны мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, але не больш як на 2 гады. Для гэтага трэба падаць заяву ў мясцовы выканкам (у службу “адно акно”) не раней чым за шэсць месяцаў, але не пазней чым за два да заканчэння тэрмінаў будаўніцтва. Згаданыя грамадзяне не звярнуліся ў райвыканкам аб падаўжэнні тэрміну завяршэння будаўніцтва, таму ўзніклі прадугледжаныя заканадаўствам прычыны для ззымання гэтых зямельных участкаў у судовым парадку, выкупе размешчаных на іх аб’ектаў нерухомасці (продаж з публічных таргоў) у адпаведнасці з п.2 Указа № 287.
Праверкай выяўлены факт парушэння патрабаванняў закона Рэспублікі Беларусь “Аб адміністрацыйных працэдурах”. Так, 12.03.2015 было адмоўлена ў ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры – у кансервацыі незавершанага будаўніцтва жылога дома ў Жабінцы ў завулку Завадскі, д. 13 В.Г. Царуку, якому не патлумачылі парадак абскарджвання прынятага рашэння.
Праверкай выяўлены парушэнні адміністрацыйнага заканадаўства пры разглядзе спраў па фактах парушэння зямельнага заканадаўства. Галоўным спецыялістам землеўпарадкавальнай службы райвыканкама А. Несцяровічам складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах В. Рабчэні. Быў устаноўлены самавольны захоп ёю зямельнага ўчастка плошчаю 0,0043 га ў Навасадах па вуліцы Цэнтральная, 19, які належаў грамадзянцы З. Хвалько.
В. Рабчэня загарадзіла плот, чым перакрыла доступ да дома З. Хвалько з боку вуліцы. Згаданы пратакол быў накіраваны для разгляду ў суд. Паводле пастановы суда адміністрацыйная справа вернута начальніку землеўпарадкавальнай службы для ўхілення недахопаў.
Недахопы па згаданай адміністрацыйнай справе не былі ўхілены, справа для прыняцця рашэння па самавольным захопе зямельнага ўчастка, у суд не накіроўвалася, і, як вынік, адміністрацыйнае спагнанне з В. Рабчэні ў прадугледжаны заканадаўствам тэрмін не накладзена. Замест гэтага галоўны спецыяліст
А. Несцяровіч склаў новы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах да В. Рабчэні.
Выяўленыя парушэнні парадку і ўмоў выкарыстання зямельных участкаў, іх распаўсюджанасць у горадзе і сельскіх населеных пунктах, непрыняцце на працягу доўгага часу прадугледжаных заканадаўствам мер да іх ззымання з’яўляюцца сведчаннем слабой дзейнасці землеўпарадкавальнай службы і аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама ў ажыццяўленні дзяржаўнага кантролю за эфектыўным выкарыстаннем зямель, парадкам і тэрмінам будаўніцтва. Умовамі, якія садзейнічаюць такім парушэнням, з’яўляюцца адсутнасць узаемадзеяння паміж землеўпарадкавальнай службай і аддзелам архітэктуры райвыканкама, а таксама адсутнасць кантролю з боку кіраўніцтва за дзейнасцю ўзгаданых службаў.
Алена СІДАРУК, нам. пракурора раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top