Казку, як Воўк хацеў пакаштаваць “лёгкага хлеба” і што з гэтага выйшла, кожны памятае з маленства. Як і прыказку пра тое, што бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы. Тым не менш, падросшы, некаторыя жадаюць абысці закон, каб мець ад гэтага нейкую выгаду для сябе.
Гэта здарылася ў Жабінцы. Ганна К. скончыла аўташколу “Аўтастоп”. Навука давалася дзяўчыне нялёгка, і яна вельмі непакоілася, што не вытрымае кваліфікацыйных экзаменаў і не атрымае вадзіцельскіх правоў. Тым болей, што здаваць іспыты трэба было ў Міжраённым рэгістрацыйным экза-менацыйным аддзяленні (МРЭА) ДАІ Кобрынскага райаддзела міліцыі. Сваімі сумненнямі яна падзялілася з маці, і тая паабяцала, што ўручыць дачцэ правы да яе дня нараджэння.
Паабяцаўшы, маці стала шукаць, хто памог бы атрымаць запаветныя правы, і ўрэшце выйшла на Аляксандра С., які працаваў у Кобрынскім РАУС, і той сказаў, што дапаможа вырашыць пытанне станоўча.
Калі ж Аляксандру спатрэбіліся грошы, ён атрымаў 300 долараў ад Ганнінай маці для таго, каб нібыта задобрыць тых, хто будзе экзаменаваць дачку. Сам жа, як гаварыў на судзе, і пальцам не паварушыў, каб зрабіць для Ганны палёгку, бо разумеў, што гэта немагчыма. Болей таго, сустракаючыся з дзяўчынай, ён прапаноўваў ёй вучыць Правілы дарожнага руху, а сам толькі завёз яе на экзамен. Праз месяц Аляксандр С. вярнуў Ганнінай маці доўг.
Суд устанавіў, што абвінавачваемы шляхам угаворвання і пераканання падбухторваў жанчыну даць хабар: сам пазваніў ёй, сам прыехаў дамоў, дзе вёў размовы аб кошце вадзіцельскага пасведчання, гэтым пераконваючы, што можна атрымаць правы, не здаючы экзаменаў або здаючы фармальна. Факт завалодвання чужымі грашыма шляхам падману не адмаўляў і сам абвінавачваемы.
Суд прызнаў Аляксандра С. вінаватым у падбухторванні даць хабар (частка 5 артыкула 16 і частка 1 артыкула 431 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), а таксама ў завалодванні маёмасцю шляхам падману і злоўжывання даверам (частка 1 артыкула 209 КК). У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 72 КК па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складвання назначаных пакаранняў канчаткова аштрафаваць Аляксандра С. у памеры 310 базавых велічынь, альбо на суму 6510 рублёў.
Акрамя таго, суд спагнаў з абвінавачваемага ў даход дзяржавы вартасны эквівалент беспадстаўна набытай выгады ў памеры 300 долараў ЗША ў беларускіх рублях, што склала 589 рублёў 86 капеек.
…Аляксандр С. страціў працу ў райаддзеле міліцыі, а Ганна К. дагэтуль не атрымала вадзіцельскага пасведчання. Яна цяпер дакладна ведае, што нейкімі вакольнымі шляхамі правоў не атрымаеш: патрэбны веды.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.