Праца з людзьмі адказная і скрупулёзная

Праца з людзьмі адказная і скрупулёзная

 IMG_1791

Шматгадовы вопыт працы ў журналістыцы сведчыць, што ёсць такія службы, пра якія пішам даволі рэдка, хоць яны заслугоўваюць значнай увагі. Можа занадта сціплыя супрацоўнікі там працуюць! Да такой службы ў нашым раёне можна аднесці аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі Жабінкаўскага РАУС.
Калі зазірнуць у глыбіню гісторыі, то высвятляецца, што дзейнічае яна на прасторах нашай краіны з 1920 года. Праўда, у розныя гады насіла такія назвы, як пададдзел замежных падданых у складзе НКУС, пашпартная служба. Затым з дзвюх службаў – пашпартнага стала і аддзела віз і рэгістрацыі – была ўтворана пашпартна-візавая служба Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. У 2005 годзе пашпартна-візавая служба была перайменавана ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі. З 2010 года яго супрацоўнікі адзначаюць сваё прафесійнае свята 17 снежня.
У АДЗІН СА СНЕЖАНЬСКІХ ДЗЁН сустрэліся з начальнікам аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Жабінкаўскага РАУС Вікторыяй Віктараўнай Раецкай, каб расказаць пра дзейнасць гэтага невялічкага калектыву, але значнага і важнага ў жыццядзейнасці нашага рэгіёну.
Вікторыя Раецкая ўзначаліла аддзяленне ў 2013 годзе. Да гэтага каля дзесяці гадоў яна працавала ў абласным упраўленні па грамадзянстве і міграцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама. Калі пераехалі жыць у Жабінку, у дом, які застаўся ад бацькоў, Вікторыя ўладкавалася на працу ў органы ўнутраных спраў Жабінкаўскага раёна. Працавала ў аддзелах аховы правапарадку і прафілактыкі і Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
IMG_1771І вось цяпер яна расказвае пра тое, чым займаюцца яе сённяшнія калегі:
– Аператыўна-службовая дзейнасць аддзялення па грамадзянстве і міграцыі пастаянна ўдасканальваецца. За час яе дзеяння на беларускай зямлі з’явілася многа новых законаў, якія выкарыстоўваюцца і прымяняюцца ў нашай службе. Раней яе асноўнымі функцыямі былі выдача пашпартоў, віз, дазволаў, а таксама прапіска-выпіска грама-дзян. Цяпер яны крыху іншыя, маюць больш шырокія паўнамоцтвы. Па-ранейшаму мы афармляем і выдаём асноўны дакумент, які сведчыць аб тым, што чалавек грамадзянін Беларусі і карыстаецца правамі і абавязкамі, што прапісаны ў Канстытуцыі – Асноўным законе краіны. Вядома, рэгіструем людзей па месцы жыхарства і знаходжання. Адным з асноўных накірункаў дзейнасці цяпер стаў кантроль за знаходжаннем замежных грамадзян і асобаў без грама-дзянства ў нашай краіне. Яны павінны весці законапаслухмяны лад жыцця, г. зн. не здзяйсняць злачынстваў, не п’янстваваць, не глуміцца над нашымі сімваламі, традыцыямі. Калі такое здараецца, наша задача выявіць парушальнікаў і выгнаць за межы Беларусі пры наяўнасці прычын на гэта. Такое ў кампетэнтнасці афіцэраў. Так, сёлета выгнаны намі з Беларусі 20 замежнікаў, чацвёра з якіх атрымалі дэпартацыю. Асноўная маса выдвараных – байкеры, якія ў нецвярозым стане селі за руль матацыклаў. Да іх пасля кампенсацыі запазычанасці, аплаты штрафаў была прыменена высылка. Штогод работы дадаецца, таму што ў краіне ствараецца вельмі многа розных інфармацыйных і ўліковых баз.
Што ж сабой уяўляе аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі Жабінкаўскага РАУС? Тут дзве афіцэрскія пасады: начальнік аддзялення маёр Вікторыя Раецкая і інспектар капітан Андрэй Казулька; трое работнікаў вольнага найму: двое пашпартыстаў і вядучы спецыяліст па рэгістры насельніцтва.
Пазнаёмімся з астатнімі. Так, Андрэй Казулька раней працаваў у Маскоўскім РАУС Брэста, у аддзеле барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Шмат гадоў быў участковым інспектарам у Жабінкаўскім раёне, а вясной 2016 года пачаў працаваць інспектарам аддзялення.
Аляксандра Варапаева ведаюць многія жабінкаўцы. Яго міліцэйскі шлях вымяраецца дзясяткамі гадоў, ажно да выхаду на пенсію. Быў начальнікам пашпартна-візавай службы, потым працаваў у судзе і рыбгасе “Сакалова”. Цяпер на падмене дэкрэтнага адпачынку.
Самы старэйшы супрацоўнік калектыву Антаніна Дзеркач. Яна прафесіянал сваёй справы. Добрасумленна і скрупулёзна адносіцца да сваіх службовых абавязкаў. Нягледзячы на пенсійны ўзрост, з ёй прадоўжылі працоўны кантракт. Менавіта ў яе маладыя супрацоўнікі, якія прыходзяць на працу, вучацца, як трэба адносіцца да выканання сваіх абавязкаў.
Каля 10 гадоў у гэтым калектыве працуе Іна Касмовіч. З пашпартыста яна перайшла на пасаду вядучага спецыяліста па рэгістры.
Кожнаму з названых работнікаў даводзіцца працаваць з людзьмі, зай-мацца разглядам іх заяў і зваротаў, забеспячэннем насельніцтва неабходнай інфармацыяй па накірунку службовай дзейнасці. Усе яны прафесіяналы. Не назіраецца чэргаў да пашпартыстаў, да начальніка і інспектара. Гэта стала магчымым дзякуючы камп’ютарызацыі, цяпер любую праблему можна вырашыць, нават не выходзячы з кабінета. Ужо даўно адменены замежныя пашпарты, не ставіцца дазвол на магчымасць выезду ў іншыя краіны. Цяпер, дарэчы, ёсць многа баз, калі заглянуць у іх, то там навідавоку ўсе “грэшныя ўчынкі” любога з нас, за якія вернуць пагранічнікі (няўплата падаткаў, крымінальныя справы, запазычанасць па аліментах…).
– Сёлета, – прызналася Вікторыя Раецкая, – мы пачалі аказваць платныя паслугі ў афармленні бланкаў. Словам, зарабляем грошы, што дазволіла нам абнавіць пакоі, калідор. У будучым пастараемся навесці ўтульнасць у архіве. Думаю, што ўдасца. Хацелася б напісаць летапіс пашпартна-візавай службы. Спадзяюся, у гэтым дапамогуць ветэраны, падзеляцца ўспамінамі.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro