За цеплыню і шчодрасць вашых сэрцаў!

За цеплыню і шчодрасць вашых сэрцаў!

IMG_0009

Шмат прыемных святочных сустрэч ладзілася для дзяцей Жабінкаўскай агульнаадукацыйнай спецыяльнай школы-інтэрната ў пераднавагоднія дні. Дырэктар установы Аляксандр Кавальчук шчыра выказваў гасцям падзяку за тое, што ўжо шмат гадоў яны застаюцца надзейнымі сябрамі і памочнікамі школы.

“Я люблю Новы год!”

ГЭТЫЯ СЛОВЫ зараз чуюцца паўсюдна. Іх можна проста выказаць, а можна і пакінуць на паперы. Нават шрыфтам Брайля! З дапамогай якога, як многім вядома, нават невідушчы чалавек можа не толькі чытаць, але й пісьмова выказваць свае думкі.
IMG_9668У пятніцу, 22 снежня, у гэтым мог упэўніцца і намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Андрэй Клец у час наведвання школы-інтэрната ў Жабінцы. Андрэй Анатольевіч, якога як дарагога госця па даўняй добрай традыцыі сустракалі хлебам-соллю, з непадробнай цікавасцю пазнаёміўся з навучальнай установай, дзе ў дзяцей з дрэнным зрокам з’яўляецца шанц падрыхтавацца да далейшага жыцця ў грамадстве. Яго правялі па кабінетах, у якіх праходзілі заняткі, спальным корпусе, пазнаёмілі з умовамі жыцця і адпачынку навучэнцаў. Госцю паказалі ўнікальнае абсталяванне (у тым ліку камп’ютарнае), што дазваляе асвойваць школьную праграму дзецям, якія маюць праблемы са зрокам і нават зусім не бачаць (а такіх сёння займаецца ў школе-інтэрнаце 16 чалавек). Менавіта адзін з іх – чацвёртакласнік Дзіма Касілка і надрукаваў на спецыяльнай машынцы з дапамогай шрыфта Брайля сказ-прызнанне, а яго аднакласніца Вераніка Анташок, хутка прабягаючы пальчыкамі па белых старонках падручніка, прачытала тэкст.
Усхваляваны гэтай сустрэчай, Андрэй Анатольевіч пажадаў дзецям радасна і з надзеяй сустрэць Новы год, які абавязкова прынясе ў жыццё толькі самыя лепшыя і прыемныя моманты.

“Мы цэнім вашу дабрыню”

ГЭТЫ ШКОЛЬНЫ ДЗЕНЬ стаў незвычайным у тым, што званок (замест чарговых урокаў альбо падрыхтоўкі!) паклікаў усіх… у спартыўную залу. І нічога дзіўнага ў гэтым якраз не было. Бо ў цэнтры залы самае пачэснае месца цяпер займала навагодняя ялінка, упрыгожаная для казачнага відовішча, падрыхтаванага дзецьмі і іх педагогамі.
Прыкладна гадзіну развівалася вясёлая дзея. Як заўсёды, дабрыня ў казцы перамагла, і іншапланецяне, якім карцела сапсаваць прыгожае свята, усё ж вярнулі Дзеда Мароза на Зямлю, каб надышоў нарэшце Новы год. Юныя артысты па-сапраўднаму ўвайшлі ў ролі, ігралі вельмі пераканаўча, з радасцю і захапленнем. Нават ганаровыя госці не адмовіліся ад запрашэння стаць у вялікі карагод вакол ёлкі, і танцавалі, і весяліліся, як у далёкім дзяцінстве.
Сярод тых, хто завітаў на свята, каб шчыра сустрэць яго з навучэнцамі школы-інтэрната, – даўнія правераныя сябры. Найперш, намеснік начальніка Упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Брэсцкай вобласці Дзяніс Русланавіч Будзюхін і, як заўсёды, не з пустымі рукамі. Сярод падарункаў – абсталяванне, патрэбнае для навучальнага працэсу, прынамсі, праектар для мультывідэа ў кабінет замежнай мовы. Са свайго боку дырэктар школы-інтэрната Аляксандр Андрэевіч Кавальчук, дзякуючы даўнім сябрам, што шмат гадоў аказваюць спонсарскую дапамогу школьнікам, са словамі: “Мы цэнім вашу дабрыню”, – уручыў Падзячны ліст калектыву УКДБ па Брэсцкай вобласці за неацэнную дапамогу ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.
У ліку даўніх надзейных сяброў жабінкаўскіх школьнікаў і члены абласнога камітэта прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў, якіх на дабрачыннай ёлцы прадстаўляў старшыня абкама Іван Канстанцінавіч Васільковіч і перадаў у падарунак дзецям саладосці. Апошні госць Мікалай Паўлавіч Грыцук ад арганізацыі ветэранаў КДБ па Брэсцкай вобласці прывёз у дар медыцынскае абсталяванне.
Неабыякавыя людзі, гатовыя заўжды не толькі на словах, але і на справе прыйсці на дапамогу, неаднойчы чулі пад час гэтай пераднавагодняй сустрэчы падзяку “за цеплыню і шчодрасць вашых сэрцаў”.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top