Спецыяліст – малады, перспектыўны

Спецыяліст – малады, перспектыўны

IMG_1814

Сёлета шэрагі працуючай моладзі Жабінкаўшчыны папоўнілі 90 маладых спецыялістаў пасля вучобы ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах краіны. Сваю працоўную дзейнасць яны пачалі ў розных установах і на прадпрыемствах раёна.
Так, на работу ў сельгас-прадпрыемствы прыбылі 58 маладых спецыялістаў і рабочых, 19 – папоўнілі прамысловасць і гандаль, 8 – прыйшлі ў будаўнічую галіну, жыллёва-камунальную гаспадарку, транспарт і сувязь, 30 папоўнілі шэрагі педагогаў, медыкаў, работнікаў культуры, спартыўных устаноў.
Напярэдадні Новага года адбылася сустрэча і знаёмства маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам Жабінкаўскага раёна. Для маладых людзей былі праведзены экскурсіі на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” і ў музей меліярацыйнай тэхнікі ПМК-19 УП “Брэстводбуд”.
Начальнік камбікормавага цэха-комплексу Ірына Віктараўна Мацука і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Тамара Мікалаеўна Чапрасава паказалі і расказалі маладым работнікам раёна, як вырабляецца корм для ўсіх відаў жывёл, птушак і рыб. Госці пабывалі на пульце кіравання, у складах, у цэху фасоўкі гатовай _DSC2772прадукцыі, дзе ўзважваецца і зашываецца корм у мяхі.
Пасля знаёмства з прамысловым аб’ектам рушылі ў музей меліярацыйнай тэхнікі. Пра гісторыю яго стварэння расказала вядучы спецыяліст Валянціна Міхайлаўна Ляўчук. Многія былі ўражаны, што тэхніку, якая адпрацавала сваё, не адправілі ў металалом, а сабралі тут, на акуратна аформленых пляцоўках, і даведаліся, што музей пад адкрытым небам адзіны ў Беларусі.
Пасля азнаямляльна-экскурсійнай часткі ў праграме дня значылася і афіцыйная. У актавай зале райвыканкама адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі.
Старшыня райвыканкама Дзмітрый Мікалаевіч Гарадзецкі падкрэсліў, што такія сустрэчы сталі традыцыйнымі і праводзяцца з мэтай знаёмства маладых работнікаў з кіраўнікамі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, якія курыруюць адпаведныя накірункі: сельскую гаспадарку, ахову здароўя, эканоміку, культуру. У якасці гасцей на сустрэчы прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В. Шалтанюк, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы С.У. Озальс, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Н.У. Калыбская, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Н.Л. Карпук, а таксама кіраўнікі калектываў і начальнікі аддзелаў райвыканкама.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Вера Уладзіміраўна Бортнік, якая вяла мерапрыемства, расказала, што на Жабінкаўшчыне жыве каля 5 тысяч маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, з іх каля 2 тысяч працуюць у розных сферах народнай гаспадаркі. І хаця раён геаграфічна невялікі, ён вельмі кампактны, займае выгаднае геаграфічнае становішча. Вера Уладзіміраўна выказала надзею, што маладым людзям, якія пачалі сваю працоўную дзейнасць на Жабінкаўшчыне, наш раён спадабаецца і яны застануцца тут пасля адпрацоўкі (дарэчы, 42 чалавекі – ураджэнцы іншых раёнаў).
– Вы разумныя, таленавітыя, маладыя, стаіце на пачатку свайго працоўнага шляху. Цяпер ужо ад вас у многім залежыць далейшае развіццё арганізацый і прадпрыемстваў, дзе вы працуеце, – з прывітальным словам да маладых спецыялістаў звярнулася старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Уладзіміраўна Калыбская. – Разам з ПРАВАМ на працу на вас ускладзены АБАВЯЗАК добрасумленна працаваць на сваіх працоўных месцах. Ніхто не можа паабяцаць, што будзе лёгка. Аднак я ўпэўнена: усе праблемы можна вырашыць: звяртайцеся ў адміністрацыю, прафсаюзны камітэт, моладзевую арганізацыю. Вы абавязкова знойдзеце паразуменне і падтрымку. Няхай абраны шлях будзе вам па душы.
Слушныя парады прысутныя маладыя спецыялісты атрымалі таксама ад урача-тэрапеўта ўчастковага, загадчыка Хмелеўскай амбулаторыі УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” Таццяны Георгіеўны Болдыравай, дэлегата ад Жабінкаўскага раёна 5-га Усебеларускага сходу:
– У першыя дні работы многае незразумела, цяжка, аднак у кожным калектыве знойдзецца чалавек, які вас падтрымае, – сказала Таццяна Георгіеўна. – Прыслухайцеся да парад вопытных кіраўнікоў, пастарайцеся атрымаць дадатковую адукацыю, удасканальвайце свае веды і ўменні, падтрымлівайце аўтарытэт сваёй арганізацыі. Памятайце: не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца.
Старшыня СВК “Рагазнянскі” Аляксандр Васільевіч Семянюк у сваім выступленні таксама ўзгадаў, як і сам некалі быў маладым спецыялістам, поўным амбіцый і жыццёвага запалу. Ён расказаў, што змянілася ў гаспадарцы, якой кіруе ўжо два дзясяткі гадоў. Аляксандр Васільевіч прыйшоў да высновы, што дасягнуць высокіх паказчыкаў (а сёння ад кожнай каровы рагазнянцы ў год атрымліваюць 7750 кілаграмаў малака) можна толькі дзякуючы строгай дысцыпліне і высокай культуры вытворчасці. “Наперад, маладыя! Я рады за вас!”
Яшчэ адну выступоўцу – галоўнага спецыяліста аддзела рознічнага бізнесу ЦБП № 109 г. Жабінка філіяла
№ 100 БАУ ААТ “ААБ “Беларусбанк” Іну Валянцінаўну Дубіну – прысутныя ў зале слухалі надзвычай уважліва. Яна расказала, якія льготныя крэдыты могуць атрымаць маладыя спецыялісты, што прыбылі ў раён.
Падводзячы вынікі сустрэчы, старшыня райвыканкама Дзмітрый Мікалаевіч Гарадзецкі сказаў, што ў Жабінцы перспектыў вельмі многа, тым больш, што яна атрымала статус горада-спадарожніка Брэста.
– Моладзь у нас таленавітая, ініцыятыўная, займае актыўную жыццёвую пазіцыю, – падкрэсліў ён. – Уносьце свае прапановы, выказвайце ідэі – самыя слушныя з іх абавязкова атрымаюць падтрымку. Будучае за вамі – магчыма, нехта з вас прыйдзе на змену сённяшнім кіраўнікам і спецыялістам.
Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro