Верныя газетнаму слову

Верныя газетнаму слову

подписка

У мінулы аўторак у фае ўчастка паштовай сувязі Жабінкі было асабліва шматлюдна – праводзіўся дзень падпісчыка і акцыя “Падарыце радасць дзецям”. Нехта зазірнуў сюды выпадкова, па сваіх справах, а нехта ішоў мэтанакіравана, каб прыняць удзел у акцыі: афармлялі падпіску на дзіцячыя часопісы, куплялі ласункі, мяккія цацкі і апускалі ў спецыяльую скрыню. Пазней гэтыя падарункі атрымаюць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія засталіся без апекі бацькоў і выхоўваюцца ў дзіцячых дамах. На просьбу супрацоўнікаў пошты даставіць радасць сіротам – набыць падарунак па зніжаным кошце – адгукнулася нямала жабінкаўцаў. Усіх наведвальнікаў сустракалі ветлівымі ўсмешкамі работнікі пошты і супрацоўнікі газет “Сельская праўда”, “Беларусь сегодня”, “Народная газета”. Для самых актыўных чытачоў, якія афармлялі падпіску на газеты на квартал ці паўгоддзе, а такіх аказалася 11 чалавек, журналісты падрыхтавалі прыемныя падарункі.
Першым падпісчыкам у межах акцыі стаў святар Андрэй Петрусевіч. Ён аформіў падпіску на раёнку адразу на паўгоддзе і атрымаў падарунак – блакнот з лагатыпам “Сельскай праўды” з пажаданнямі надалей заставацца верным мясцовай газеце.
На працягу бліжэйшых шасці месяцаў “Сельская праўда” будзе расказваць навіны таксама Аляксандру Георгіевічу Станкевічу, Надзеі Рыгораўне Уласюк і Анатолю Уладзіміравічу Сідаруку. Аляксандр Георгіевіч расказаў, што выпісвае і чытае раёнку даўно, а на мінулы квартал спазніўся падпісацца. Каб не паўтарыць недарэчнасць, вырашыў адразу аформіць падпіску на паўгоддзе і быў прыемна ўражаны падарункам ад журналістаў.
А вось Надзея Рыгораўна спецыяльна прыехала на веласіпедзе са Шчэглікаў, каб працягнуць сяброўства з газетай.
– “Сельскую праўду” чытаю ад першай да апошняй старонкі, – кажа жанчына. – Спярша разглядаю фотаздымкі, радуюся, калі бачу знаёмыя твары, праглядаю “Віншавальную паштоўку”. Шчыра кажучы, раёнка неаднойчы дапамагала-нагадвала аб прызабытых імянінах маіх знаёмых, тады я абавязкова віншавала іх па тэлефоне. Увогуле, газета мне падабаецца, знаходжу ў ёй навіны, якія адбываюцца ў раёне. Хацелася б бачыць яе каляровай і каб больш друкавалася парад для садаводаў. Уважліва чытаю ўсе афішы і аб’явы. У суботу, напрыклад, будзе адкрыццё ёлкі і парад Дзядоў Марозаў і Снягурак. Адкладу свае справы і паеду. Такое бывае не так часта. Пабачу на свае вочы, а потым пачытаю, як напішуць журналісты пра гэта ў газеце…
– Я таксама з задавальненнем чытаю раёнку, – падзяліўся ўражаннямі Анатоль Уладзіміравіч Сідарук. – Неаднойчы на старонках з’яўляліся артыкулы пра сяброў і знаёмых і нават родзічаў – і гэта вельмі прыемна. Няхай і надалей не астывае журналісцкі запал яе стваральнікаў!
У нашу гутарку ўключаліся пастаянныя чытачы, якія паклапаціліся аб падпісцы на мясцовую газету заранёў. Былі і такія, хто шчыра прызнаваўся, што не выпісвае раёнку, бо навіны чытае ў інтэрнэце, спасылаліся на высокі кошт, на занятасць. Што ж, з электроннымі СМІ друкаваным змагацца, скажам так, складана. Аднак нямала застаецца і прыхільнікаў апошніх.
Заставайцеся вернымі друкаванаму слову! Не забывайце падпісацца на “Сельскую праўду”!
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: у час дня падпісчыка.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro