“Разам мы мацней!”

“Разам мы мацней!”


SAM_3682.Logo_

Пад такім аптымістычным і жыццесцвярджальным дэвізам 8 снежня ў горадзе над Бугам ладзіўся абласны фестываль творчасці, прымеркаваны да Дня інваліда. Надзвычай паспяхова паўдзельнічалі ў ім жабінкаўцы, якія вярнуліся дамоў з заслужанымі ўзнагародамі.
Вядома ж, з хваляваннем ехалі прадстаўнікі Жабінкаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” у Брэст, дзе ў зале абласнога грамадска-культурнага цэнтра адбывалася вялікая імпрэза, у якой удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх без выключэння 16 раёнаў Брэстчыны.
Свае сілы вырашылі праверыць у трох намінацыях: “Мастацкая творчасць. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”,
“Вакал” і “Выкананне аўтарскай песні”. (Адразу зазначым: ва ўсіх гэтых творчых накірунках жабінкаўцы займелі дыпломы ІІІ ступені).
Нельга сказаць, што поспех прыйшоў без змагання. Усё ж удзельнікаў фестывалю было шмат, а прадстаўнічае абласное журы ўважліва і строга адносілася да выканаўцаў. У час канцэрта суддзі стараліся вылучыць найбольш таленавітых.
Сярод тых, хто ўзнімаўся на сцэну па дыпломы, быў удзельнік хору “Тонус” Ігар Сцяпанавіч Свалаў. Ён літаральна зачараваў залу запамінальным выкананнем песень “Жыве мая ўцеха” ды “Медсястра ў белым халаціку” (апошняя прысвячалася ваеннай тэматыцы). Ягоны поспех падзяліла і Кацярына Кісель. Маладая спявачка з Жабінкі здзівіла не толькі сваім прыгожым спевам, цудоўным голасам, але й пластыкай.
Адначасова ў фае грамадска-культурнага цэнтра вока наведвальнікаў радавала выстава разнастайных вырабаў найлепшых умельцаў таварыства інвалідаў. Сярод іншых сваёй прыгажосцю вылучаліся работы жабінкаўскай майстрыхі Валянціны Іванаўны Качко, якая выстаўляла вышыванкі крыжыкам, сурвэткі, карціны. Умеліца таксама атрымала дыплом і памятны падарунак з рук старшыні праўлення Брэсцкай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Валянціны Мікалаеўны Ізаак. Асобна адзначана за актыўны ўдзел у фестывалі і кіраўнік Жабінкаўскай раённай арганізацыі інвалідаў Анжэла Міхайлаўна Шыкунец.
Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top