З гонарам ідзе па жыцці

З гонарам ідзе па жыцці

Юхимук

Як і ў кожнага з нас, жыццё Ларысы Міхайлаўны Юхімук расквечана рознымі фарбамі. Але ўласцівая пакаленню ветэранаў няўрымслівасць і жыццяздольнасць дапамагаюць бачыць вакол больш пазітыву і не заўважаць праблемы і непрыемнасці. Яна з тых людзей, гутаркі з якімі прыносяць душэўнае задавальненне.
Нарадзілася Ларыса Міхайлаўна ў першы ваенны год у Жабінцы ў сям’і сталяра. Бацька ўдзельнічаў у будаўніцтве цукровага завода, мама была настаўніцай пачатковых класаў. Дарэчы, ёй давялося працаваць у многіх школах раёна. Акрамя старэйшай дачкі, у сям’і было яшчэ трое дзяцей: двое братоў і сястра. Яны атрымалі вышэйшую адукацыю. А Ларыса, скончыўшы сярэднюю школу, пайшла працаваць на будоўлю. Потым яна завочна вучылася ў політэхнічным тэхнікуме ў Маладзечне. На будаўнічай пляцоўцы сустрэла свайго будучага мужа Мікалая Юхімука, які працаваў мулярам. “Мы кахалі адзін аднаго, – успамінае жанчына, – разам спявалі ў мастацкай самадзейнасці”. У шлюбе ў іх нарадзілася пяцёра дзяцей. Кватэру Юхімукам будаўнічая арганізацыя спачатку выдзеліла ў пасёлку Ленінскі. На той час Ларыса скончыла курсы бухгалтараў і працавала ў мясцовай школе справаводам і лабарантам. Праз два гады зноў наваселле. На гэты раз сям’я перасялілася ў новую кватэру ў Жабінцы. Ларыса Міхайлаўна гадавала дзяцей і, канечне, працавала. Месцамі яе працоўнай дзейнасці былі гарсавет, сельгастэхніка, жыллёва-камунальная гаспадарка. Усюды яе шанавалі за сумленныя адносіны да справы. Потым памёр муж, яму было толькі 58. Дзякуй Богу, дзеці ўжо былі дарослыя. Менавіта ў іх знаходзіць жанчына асалоду і спакой. Гэта самае дарагое, што засталося ад яе любімага мужа. Зараз старэйшая дачка Наталля Мікалаеўна Букланава – намеснік дырэктара ЦБП № 109 філіяла
№ 100 БАУ ААТ “ААБ Беларусбанк”, сыны Сяргей, Мікалай, Руслан і Аляксандр працуюць на чыгунцы і на будоўлі. Мікалай, дарэчы, вайсковую службу праходзіў у пясках Афганістана. Дрэва-радавод Юхімукоў ужо значна разраслося: нарадзілася 7 унукаў і 2 праўнукі.
Будучы на заслужаным адпачынку, Ларыса Міхайлаўна з’яўляецца нязменнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. У яе прыгожы звонкі голас, яна спявае ў народным хоры “Тонус”, выконвае песні дуэтам і сола. Калі часам трапляе ў санаторый, то і там актыўна ўдзельнічае ў канцэртах. Яе дэвіз: “У жыцці заўсёды ёсць месца для творчасці”. І песень яна ведае безліч.
Калі запрашаюць, то Ларыса Міхайлаўна рупіцца санітаркай у бальніцы. “Хочацца падарункамі парадаваць унукаў (на пенсію іх не накупляеш), – разважае жанчына, – ды і самой адчуваць сябе патрэбнай людзям”.
Маючы такую надзейную падтрымку з боку сваёй сям’і, жанчына не старэе душою. Яна чытае, спявае, разгадвае крыжаванкі, шые, вяжа. Адным словам, рукі не ведаюць стомы. 10 гадоў таму яна нават трапіла ў Маскву на гульню “Поле цудаў”, прычым арыгінальным спосабам: паслала крыжаванку, вышытую крыжыкам.
“Сціплая, разважлівая, вясёлая, верная сяброўка”, – так гавораць пра яе суседзі, харысты. Дзякуючы яе ініцыятыве аднакласнікі і зараз сустракаюцца на вечарынах. Дарэчы, менавіта Ларыса сабрала іх на 55-годдзе пасля заканчэння школы. 75-гадовая юбілярка лічыць, што трэба з гонарам прайсці жыццёвы шлях, наканаваны лёсам.
Вера МАНДРЭНКА.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro