Мала надаць выгляд вёсцы, трэба адчуваць гонар за яе

Мала надаць выгляд вёсцы, трэба адчуваць гонар за яе

Ягорчанкаў

У паўсядзённым жыцці кожны з нас сустракаецца з мноствам праблем – дробязных, асабістых і агульных для пэўнай часткі людзей. Праблемы заўсёды былі, ёсць і будуць, таму што само жыццё не стаіць на месцы. Але побач з намі знаходзяцца і тыя, хто дапамагае вырашаць пытанні нашага жыццезабеспячэння: мясцовая ўлада, дэпутаты, старасты вёсак, работнікі сельвыканкамаў, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, арганізацый, устаноў. Словам, уся работа на тэрыторыі сельскага Савета рэгулюецца Законам “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”.
Пра гэта гутарка карэспандэнта са старшынёй Сцяпанкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Мікалаем Георгіевічам Ягорчанкавым.
– Адыходзіць у гісторыю 2016 год. Чым для вас, Мікалай Георгіевіч, ён быў адметным, своеасаблівым.
– Сёлета ў краіне адбыліся выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Нашы вяскоўцы праявілі самасвядомасць і актыўна прагаласавалі за будучыню Беларусі.
Я б хацеў спыніцца на дзейнасці нашага сельскага дэпутацкага корпуса, які складаецца з 11 народных выбраннікаў. Сярод іх ёсць медыкі, кіраўнікі розных падраздзяленняў сельгаспрадпрыемстваў, супрацоўнікі райаддзела надзвычайных сітуацый. Рэгулярна праводзяцца сесіі Савета і пасяджэнні сельвыканкама, дзе абмяркоўваюцца розныя пытанні надзённага жыцця, заслухоўваюцца іх справаздачы па выкананні наказаў выбаршчыкаў. А каб было пра што гаварыць, трэба ўмела арганізаваць работу з насельніцтвам. У дэпутатаў гэта атрымліваецца добра. Хоць дэпутацкі корпус абнаўляецца, але большасць з выбраннікаў валодаюць каштоўнай жыццёвай і працоўнай практыкай. Мы стараемся, каб дэпутат ведаў свае правы, тады ён сельсоветСтепанки1можа запатрабаваць адказ ад службовай асобы, а галоўнае – дзеянняў, каб да яго меркавання і запытаў ставіліся з паважлівасцю, разуменнем. Любы наказ выбаршчыкаў не пакідаюць без увагі Іван Іванавіч Нікіцюк, Ларыса Іванаўна Марчук, Ала Віктараўна Юзвік, іншыя. Мы разам з дэпутатамі працуем над прыняццем такіх нарматыўных актаў, якія б дазволілі больш эфектыўна працаваць нашай эканоміцы. Каб казна атрымлівала больш грошай у выглядзе падаткаў, што дазволіць зай-мацца добраўпарадкаваннем вуліц, дарог, вырашаць іншыя сацыяльныя праблемы, якія ў нас ёсць.
У сельскія дэпутаты ідуць дастойныя людзі, талковыя спецыялісты, якія сваёй працай ужо змаглі заваяваць аўтарытэт у нашага насельніцтва. А грамадскія справы толькі яго ўмацуюць. Сельскія выбраннікі робяць усё магчымае, каб жыццё людзей у кожнай вёсачцы, аграгарадку (на тэрыторыі сельсавета 17 населеных пунктаў) станавілася дастойным і камфортным.
– Вы заўважылі, што сельскія дэпутаты, кіраўнікі СВК “Шпіталі” і “Арэпічы”, старасты робяць усё для таго, каб жыццё вяскоўца паляпшалася, у дамах прапісваліся ўтульнасць, даброты і зручнасці, адыходзілі ў мінулае побытавыя праблемы. Што ўдалося ажыццявіць ужо?
– Прыход блакітнага паліва ў дамы вясцоўцаў, бадай, з’явіўся цудоўнай падзеяй у іхнім жыцці. Калі пракладвалі газаправод у Хмелева, пашчасціла жыхарам вёскі Алізараў Стаў. Прыродны газ змаглі правесці ўсе жадаючыя гэтага паселішча. Праз пэўны час пашанцавала сяхноўцам, як цягнулі газаправод у Маціевічы. Дзякуючы напорыстасці старастаў, сельскіх дэпутатаў, а таксама жыхароў Сцяпанак і Шпіталёў блакітнае паліва запалымнела ў названых крышачку вышэй аграгарадку і вёсцы. Вядома, гэтая праблема магла б і не вырашыцца, каб не дапамога абласнога і раённага кіраўніцтва. У гэтых чатырох населеных пунктах амаль 95 працэнтаў дамоў газіфікавана. Неўзабаве такая выгада-зручнасць з’явіцца ў дамах Арэпічаў. Заяўка была пададзена колькі часу таму, паабяцалі газавікі ажыццявіць намечанае ў 2020 годзе. Спадзяёмся, што так і будзе, а можа і раней.
– Мікалай Георгіевіч, мець добрыя дарогі – гэта таксама традыцыя сучаснай вёскі.
– Дарожнае будаўніцтва, вядома, развіваецца і на тэрыторыі Сцяпанкаўскага сельсавета. Дарогі асфальтуюцца, рамантуюцца, падсыпаюцца. Ва ўсіх населеных пунктах сельсавета яны “апрануты” ў асфальт, некаторыя маюць гравійнае пакрыццё. Вядома, што стан не ўсіх дарог задавальняе мяне. Ёсць яшчэ пытанні, якія пакуль зрушыць з мёртвай кропкі практычна не атрымліваецца: фінансавыя набыткі не дазваляюць пракласці асфальт ад камянецкай трасы да Жыціня (каля 800 метраў), да Грабаўцоў (прыкладна такі ж участак) і да Малых Сяхновічаў (1 кіламетр).
Словам, пытанням, звязаным з жыццезабеспячэннем насельніцтва, надаем вялікую ўвагу. За вулічнае асвятленне ў нас адказвае Жабінкаўскі раён электрасетак, які атрымлівае з сельсавета заяўкі, а мы ад старастаў. Нараканняў ад людзей няма. Без уліку двух апошніх месяцаў на асвятленне патрачана больш як 7766 дэнамінаваных рублёў, а на добраўпарадкаванне вуліц, дарог амаль 2000 дэнамінаваных рублёў.
Восенню на тэрыторыі сельсавета, як і паўсюдна ў раёне, адбыўся месячнік добраўпарадкавання. Насельніцтва займалася ўборкай прыдамовых тэрыторый. На ўсіх аб’ектах сацыяльнага прызначэння і вытворчых сельгаспрадпрыемстваў, у тым ліку фермах, прыбрана смецце, пасохлая трава. Словам, праведзены суботнікі па навядзенні чысціні і парадку. Вывезены таксама на палі арганічныя ўгнаенні з месцаў захоўвання, смецце “перабралася” на палігон цвёрдых бытавых адходаў. Праведзена планіроўка тэрыторый ферм і пад’язных дарог да іх. Навялі парадак на пляцоўках часовага захоўвання кармоў, ля сянажных і сіласных траншэй.
Тэрыторыі механічных майстэрняў СВК таксама прыбраны, парадак на пляцоўках захоўвання тэхнікі, металалому, гумы. Усялякую непатрэбшчыну вывезлі на палігон ці здалі як другасную сыравіну. Дарожнікі ДРБУ № 103 прагрэйдзіравалі гравійныя дарогі і вуліцы населеных пунктаў, навялі парадак на аўтобусных прыпынках. Цёплае надвор’е дазваляе прыбіраць прыдамовыя тэрыторыі цяпер, вывозіць смецце, ліквідоўваць стыхійныя смец-цезвалкі.
На тэрыторыі нашага сельсавета месціцца мемарыяльны комплекс “Драмлёва”, раённы гісторыка-краязнаўчы музей, помнік Тадэвушу Касцюшку, тры брацкія магілы воінам і мірным жыхарам, якія загінулі ці былі расстраляны ў Вялікую Айчынную вайну, два помнікі ў Арэпічах і Вярхах землякам, якія аддалі жыцці ў гады ліхалецця, магіла старшага лейтэнанта Ф. Рацюка, які загінуў пры вызваленні Арэпічаў, тры мемарыяльныя дошкі. Акрамя таго, ёсць дзве царквы ў Сцяпанках і Арэпічах, якія з’яўляюцца помнікамі драўлянага дойлідства.
Пад час месячніка зрабілі санітарную ачыстку і добраўпарадкавалі тэрыторыю ля гэтых помнікаў. Шырока прыцягваліся да гэтай справы моладзь і школьнікі. Так, на ўборцы мемарыяльнага комплексу “Драмлёва” пастаянна ўдзельнічаюць школьнікі СШ № 2 г. Жабінка. Тэрыторыі ля помнікаў у Арэпічах і Вярхах, магілу старшага лейтэнатна Ф. Рацюка і брацкую ў Палявой Рэчыцы прыводзяць у парадак вучні Крыўлянскай адзінаццацігодкі, а ў вёсцы Жыцінь – Хмелеўскай.
– Мікалай Георгіевіч, як бы ні наводзілі чысціню і парадак там, дзе жывём, аднак запусцелыя сядзібы, трухлявыя будынкі псуюць агульны выгляд.
– Канечне. Гэтую праблему мы вырашылі раней. Як будаваліся прэзідэнцкія домікі, то выкарыстоўвалі сядзібы, у якіх не знайшліся гаспадары. Некаторыя вярнуліся на малую радзіму і добра ўпарадкавалі бацькоўскае гняздо, іншыя прадалі прыезджым гаспадарам, якія ператварылі такія сядзібы ў райскія куточкі. Радуе тое, што многія падворкі вылучаюцца не толькі чысцінёй, а й малымі архітэктурнымі формамі, у цёплыя месяцы тут квітнеюць клумбы. Заўсёды прыемныя пачуцці з’яўляюцца на душы, калі праходзіш паўз сядзібы Алены Паўлаўны і Андрэя Рыгоравіча Лахманюкоў, Алы Віктараўны і Мікалая Пятровіча Юзвікаў, Валянціны Паўлаўны і Сяргея Уладзіміравіча Ласёў, Ларысы Іванаўны і Ігара Рыгоравіча Марчукоў, Валянціны Іванаўны і Анатоля Кірылавіча Шынкарукоў, Таццяны Мікалаеўны Гуляевай. Дзякуй ім за эстэтыку, своеасаблівы дызайн.
– Некаторыя кіраўнікі часта скардзяцца, маўляў, людзі шмат чаго патрабуюць, а самі нічога не хочуць рабіць. Мікалай Георгіевіч, а як вашы сяльчане, адгукаюцца на просьбы аб навядзенні парадку?
– Раней і сапраўды людзі былі прывучаны да таго, што ўлада прыйдзе і ўсё зробіць. Я не гавару пра нямоглых і старых. Ім, вядома, трэба дапамагаць. Аднак ёсць такія сем’і, дзе людзі фізічна здольныя, але лянуюцца адрамантаваць агароджу і прыбраць смецце. У нашых вёсачках, здаецца, такіх няма. Найлепшымі памочнікамі тут з’яўляюцца старасты вёсак, якія арганізоўваюць людзей на добрыя справы. Старастаў у нас адзінаццаць. Многія выбраны ўжо даўно, яшчэ ў 1997 годзе: Васіль Дземідзюк са Шпіталёў, Ніна Магер з Падрэчча, Аляксей Юхімук з Алізарава Става, Іван Нікіцюк з Арэпічаў, Аляксей Шапятунка з Вярхоў, Алена Будзько з Палявой Рэчыцы. Ёсць і менш вопытныя, але ўсе са сваімі абавязкамі спраўляюцца, добра ведаюць вясковыя праблемы: каму трэба адрамантаваць электраправодку, у каго няма пажараапавяшчальніка, у якой сям’і разлад праз злоўжыванне алкаголем, у каго праблемы з пячным ацяпленнем ці няма паліва ў зімовы перыяд. Пра ўсё гэта паведамляюць у сельвыканкам.
Дарэчы, усе яны займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, падтрымліваюць цесную аператыўную сувязь з сельвыканкамам, участковымі інспектарамі, сацыяльнымі службамі. Словам, яны апора мясцовай улады, якая разам з органамі грамадскага самакіравання працуе дзеля адзінай мэты – павышэння якасці жыцця вяскоўцаў.
Сумеснымі намаганнямі праблемы вырашаюцца. Толькі з удзячнасцю гавораць вяскоўцы пра такіх старастаў, як Галіна Кладніцкая з Грабаўцоў і Алена Будзько з Палявой Рэчыцы, Уладзімір Тарасюк з Жыціня, Надзея Юдзіна з М. Сяхновічаў.
– У вёсцы важным пытаннем з’яўляецца развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі.
– У нас, як у цэлым па краіне, адбываецца іх змяншэнне. На тэрыторыі сельсавета 499 асабістых гаспадарак. Жыўнасць трымаюць зусім нямногія. Толькі 35 кароў маецца на вясковых падворках. Найбольш (10) ёсць у Арэпічах, восем рагуль у Сцяпанках. Перавагу вяскоўцы аддаюць свінням і птушцы, якіх найбольш у Сцяпанках. Кіраўнікі мясцовых сельгаспрадпрыемстваў даўно ўсвядомілі, што яны адказныя не толькі за грамадскую вытворчасць, але і за людзей, якія там працуюць. Праўда, вяскоўцы не імкнуцца мець на падворку жыўнасць. Відаць, змянілася псіхалогія ў нашых людзей. Лозунг “Жывеш у вёсцы – трымай асабістую гаспадарку” забыты.
– Чым прадстаўлена ў сельсавеце сацыяльная сфера. Ці адбыліся апошнім часам змены?
– Закупіцца вяскоўцы могуць у Сцяпанках, Вярхах, Грабаўцах, Арэпічах. У аддаленыя вёскі рэгулярна паводле графіка заязджае аўталаўка. Для дзетак працуе садзік-яслі ў Сцяпанках, а вось у школы хлопчыкі і дзяўчынкі ходзяць розныя: Крыўлянскую, Пелішчанскую, Хмелеўскую і Жабінкаўскую гарадскую, куды іх возяць школьным аўтобусам. Арэпіцкі яслі-сад зачынены. Цяпер тут сельскі клуб, бібліятэка і пошта. Палепшылася абслугоўванне людзей. Культурна адпачыць моладзь можа яшчэ ў Сцяпанкаўскім СДК, творча тут таксама працуе бібліятэка. Любога хворага ветліва сустрэнуць фельчары ФАПаў, якія ёсць у Арэпічах і Сцяпанках. Працуе ў нас і комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання.
І ў заключэнне хачу сказаць, што мала надаць патрэбны выгляд любой вёсцы. Трэба даць магчымасць жыхарам адчуваць гонар за яе. Хочацца як мага хутчэй вырашыць праблему з пітной вадой у Арэпічах.
– Дзякуй за гутарку.
Інтэрв’ю правяла Людміла КОСЦІНА.

На здымках: М.Г. Ягорчанкаў; Н.В. Макаранка і Т.М. Сахарчук.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro