У кожнай кроплі – жыцця падтрымка

У кожнай кроплі – жыцця падтрымка

доноры

Акцыя “Бязвыплатнае донарства пачынаецца з мяне” адбылася на гэтым тыдні ва УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”. У ёй прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек – прадстаўнікі адукацыі, медыцыны, прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
– Я здаю кроў ужо не першы раз, – расказала донар Юлія Галавейка, выхавальнік дзіцячага сада. – Гэтак жа паступалі мае бацькі і некаторыя родзічы. Разумею, што кроў і яе кампаненты нельга замяніць лекамі. А для кагосьці толькі яна можа стаць адзіным шанцам захаваць жыццё. Менавіта гаючыя чырвоныя кропелькі донара выратавалі некалі жыццё аднаго з нашых родзічаў. Мы ўдзячныя таму невядомаму чалавеку, і самі працягваем гэтае карыснае пачынанне. Пасля здачы крыві я звычайна адчуваю сябе добра і стараюся піць шмат вадкасці. Прыемна адчуваць, што сваім добраахвотным учынкам некаму дапамагла.
Для Дзяніса Шышчыца, начальніка раёна электрасетак, працэдура здачы крыві – адзінаццатая па ліку.
– У мяне чацвёртая станоўчая група – найменш распаўсюджаная і таму найбольш запатрабаваная, – тлумачыць Дзяніс Алегавіч. – Так атрымлівалася, што я раней займаўся донарстам у Мінску і Брэсце. Сёння супрацоўнікі дзяржаўнай установы “Брэсцкая абласная станцыя пералівання крыві” прыехалі да нас у Жабінку.
Цяпер ідзе тэндэнцыя бязвыплатнага добраахвотнага донарства, і гэтую ініцыятыву Міністэрства аховы здароўя асабіста я падтрымліваю на 100 працэнтаў.
Як паведаміў загадчык паліклінікі Леанід Карповіч, пад час акцыі здалі кроў 29 чалавек. Найбольш актыўнымі аказаліся медыцынскія работнікі (13 чалавек), настаўнікі і выхавальнікі (9). Варта адзначыць, што ў акцыі паўдзельнічалі нават сем’ямі – гэта сем’і Місюраў, Бутрымаў, Рынчукоў. Нямала донараў працуе на камбікормавым і цукровым заводах.
– Штогод жыхарам Жабінкаўшчыны ў раённай бальніцы пераліваецца ад 150 да 200 літраў прэпаратаў крыві, – тлумачыць Леанід Пятровіч. – Таму донары аказваюць неацэнную дапамогу тым, хто мае патрэбу ў такой працэдуры.
…Акцыя “Бязвыплатнае донарства пачынаецца з мяне” будзе мець працяг. Сачыце за аб’явамі ў газеце наконт чарговай даты яе правядзення. Ёсць шанц падумаць: можа, і ваша кроў стане гаючай для хворага?
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: пад час акцыі “Бязвыплатнае донарства пачынаецца з мяне”
ў Жабінкаўскай ЦРБ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro