Песняру красы і гармоніі

Песняру красы і гармоніі

Максім Багдановіч

Супрацоўнікі Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі правялі для навучэнцаў гарадскога ліцэя свята кнігі “Васільковы спеў”, прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
“Пра сябе як паэта Максім Багдановіч заявіў адразу, адразу ж упэўненай хадой пайшоў наперад. Ён працаваў, не шкадуючы сябе: абы паспець сказаць тое, што хвалявала яго сэрца і што не магло не выліцца ў творах”. Такімі словамі пачалі мерапрыемства вядучыя Юлія Андрасюк і Дзмітрый Андрасюк. Яны пазнаёмілі гасцей свята з жыццёвым і творчым шляхам паэта.
Нарадзіўся Максім Багдановіч 9 снежня 1891 года ў Мінску, потым сям’я жыла ў Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе. На доўгія гады адарваны ад роднай зямлі, матчынай мовы і бабуліных казак, будучы паэт вырашыў “авалодаць роднай мовай сваіх продкаў і авалодаць так, каб пісаць прыгожыя вершы…” Беларускую мову Багдановіч вывучаў ад сваіх цётак, якія прыязджалі ў госці, а таксама па зборніках прыпевак, легендаў, паданняў, запісаных бацькам-этнографам на Беларусі. Калі хлопцу споўнілася 16 гадоў, віленская газета “Наша ніва” надрукавала яго першы твор – апавяданне “Музыка”.
У 1908 годзе Багдановічы пераязджаюць па месцы службы бацькі – у Яраслаўль. Там Максім піша першыя лірычныя вершы: “Над магілай”, “Прыйдзе вясна”, “На чужыне” і іншыя, якія былі апублікаваны ў “Нашай ніве”. Там жа друкуецца верш “Краю мой родны! Як выкляты богам…”, у якім выразна прагучала тэма нацыянальнага адраджэння беларусаў, кароткае вершаванае лірычнае апавяданне “З песень беларускага мужыка”, а таксама пераклады твораў Генрыха Гейнэ і Фрыдрыха Шылера.
У 1911 годзе паэт наведвае Вільню. У прыватным музеі братоў Антона і Івана Луцкевічаў знаёміцца з калекцыямі старажытных рарытэтаў і пад іх уражаннем піша верш “Слуцкія ткачыхі”.
У Яраслаўлі паэт супрацоўнічае з мясцовай газетай “Голас”, шмат піша, друкуецца ў розных расійскіх і беларускіх выданнях, набывае вядомасць.
Багдановіча называюць песняром красы і гармоніі. Яму ўласціва пачуццё прыгожага. У гэты перыяд ім напісаны вершаваныя лірычныя апавяданні “У вёсцы” і “Вераніка”. Абодва – даніна захапленню паэта таленавітай піяністкай Ганнай Какуевай.
У Вільні ў пачатку 1914 года ў друкарні Марціна Кухты пры грашовай падтрымцы Магдалены Радзівіл тыражом 2000 асобнікаў выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік твораў Максіма Багдановіча “Вянок”.
У паэта было шмат творчых планаў, але здзейсніць іх ён не змог. У канцы лютага 1917 года з-за абвастрэння хваробы пакінуў Мінск і зноў накіраваўся ў Крым. Аднак лячэнне не дапамагло, і 25 мая 1917 года ў дваццаціпяцігадовым узросце Максім Багдановіч памёр. Пахаваны ў Ялце на гарадскіх могілках.
Памяць Максіма Багдановіча ўшанавана ў назвах вуліц у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце, іншых населеных пунктах. Яго імя нададзена школам і бібліятэкам у многіх гарадах Беларусі.
Аб жыцці і творчасці Максіма Багдановіча зняты тры кінафільмы і адзін відэафільм. Яго лёсу прысвечаны поп-опера Ігара Паліводы “Максім” і аперэта Юрыя Семянякі “Зорка Венера”. На вершы Максіма Багдановіча запісваліся і музычныя творы. Некаторыя з іх прысутныя змаглі пачуць у выкананні знакамітых “Песняроў”. Вершы паэта пранікнёна гучалі ў выкананні Валянціны Славуціч і Галіны Дулевіч.
Алеся ДАБРАВЕСТ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro