Хто мае запазычанасць перад ФСАН

Хто мае запазычанасць перад ФСАН

523378-76768

Можа быць, не ўсіх індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) цяпер хвалюе пытанне аб пенсіі. Але актуальнасць гэтай тэмы – справа часу. І чым раней яны задумаюцца пра пенсію, тым лепш. Яе памер напрамую залежыць ад таго, колькі страхавых узносаў у бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) заплаціць іпэшнік цяпер, у працаздольным узросце.
У стаж для назначэння працоўнай пенсіі залічваюцца перыяды работы пры ўмове, калі на працягу іх плаціліся страхавыя ўзносы (арт. 51 Закона аб пенсіях). Пры няўплаце іх страхавы стаж залічаны не будзе. Яшчэ трэба ўлічваць, што ў 2017 годзе для звароту па назначэнне працоўнай пенсіі страхавы стаж заяўляльніка павінен складаць не менш як 16 гадоў, а ў далейшым штогод гэтая планка будзе паступова павышацца да 20 гадоў.
Для ўсіх без выключэння ІП (незалежна ад аплаты падаткаў) устаноўлены адзін тэрмін і парадак унясення абавязковых страхавых узносаў у ФСАН за сябе: штогод не пазней за 1 сакавіка года, наступнага за справаздачным (п. 7 Палажэння аб аплаце абавязковых страхавых узносаў у бюджэт ФСАН, зацверджанага Указам Прэзідэнта Беларусі ад 16.01.2009 г. № 41).
Што датычыцца “стаўкі” страхавых узносаў у бюджэт фонду, то для ІП яна складае 35 % ад даходу за прайшоўшы год, але сума ўзносаў не павінна быць меншай за налічаную за згаданы перыяд сумы памеру мінімальнай заработнай платы, што ўстаноўлена і праіндэксавана ў адпаведнасці з зака-надаўствам. Мінімальны памер плацяжу за 2016 год папярэдне (яшчэ няма звестак пра МЗП за снежань) складае 990 дэнамінаваных рублёў.
Улічваючы тое, што сума за год набягае немаленькая, многія прадпрымальнікі робяць плацяжы паквартальна ці памесячна (плацёж за лістапад, напрыклад, 83,8 рубля). Кожны прадпрымальнік мае права самастойна ўносіць свае плацяжы, і большасць іх добрасумленна выконваюць свае абавязкі перад фондам. Усяго за 11 месяцаў 2016 года ад гэтай катэгорыі плацельшчыкаў у нашым раёне паступіла амаль 200 тысяч дэнамінаваных рублёў.
Разам з тым да цяперашняга часу 17 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія афіцыйна не спынілі сваю дзейнасць, маюць запазычанасць па плацяжах за 2015 год. За нясвоечасовае пагашэнне ўзносаў прымяняюцца розныя меры ўздзеяння – налічваюцца пені, накладваюцца штрафы (20 % ад сумы запазычанасці), прымусова спаганяюцца яны праз аддзел прымусовага выканання. Трэба адзначыць, што ўзносы ў фонд – абавязак усіх працаздольных грамадзян, бо з’яўляюцца не толькі абаронай іх будучых пенсійных правоў, але і гарантыяй свое-
часовай выплаты пенсій сёння. У нашай краіне, як вядома, пенсійная сістэма – салідарная, гэта значыць, пенсіі і дапамогі сённяшнім атрымальнікам збіраюцца за кошт працуючых грамадзян. І іншай крыніцы сродкаў для выплат проста няма.
Вадзім КАЛЮХ, начальнік Жабінкаўскага райаддзела ФСАН.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top