Пашанцавала з педагогамі

Пашанцавала з педагогамі

IMG_1510

Дзевяцікласніца ДУА “Маціевіцкая базавая школа” Жэня Антанюк яшчэ ў пачатковых класах удзельнічала ў алімпіядах і конкурсах, навуковых канферэнцыях. На трынаццатай раённай навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучае – 2015” яна стала прызёрам. Яе работа “Антрапанімічныя асаблівасці мянушак вёсак Маціевічы і Вялікія Сяхновічы” атрымала дыплом другой ступені. У творчай працы быў зроблены аналіз мянушак жыхароў мясцовых вёсак, іх паходжанне. Былі выяўлены розныя лексіка-тэматычныя групы, праведзена іх класіфікацыя. Вучаніца апытвала жыхароў, вучняў у школе і сваіх аднакласнікаў. Быў створаны слоўнік прозвішчаў.
Я лічу, што чалавек пачынае займацца навуковай працай з першага класа. Па сутнасці, школьнік і вучоны займаюцца адным і тым жа: рашаюць задачы і адказваюць на пытанні. Толькі вучоны шукае адказы на задачы, да яго нікім не знойдзеныя, а школьнік рашае іх пакуль яшчэ невядомыя, але адказы на іх ужо ёсць. Гэта і ёсць самастойная навуковая праца. Так да яе і трэба адносіцца.
Дзяўчына ўдзельнічала ў раённых алімпіядах па нямецкай і рускай мовах. Не была пераможцай, але галоўнае – набыла вельмі добры вопыт. Мне здаецца, што ва ўсіх людзей ёсць здольнасці да чаго-небудзь. Толькі школьнік можа не адразу зразумець, здольны ён да матэматыкі ці да фізікі, да фізкультуры ці спеваў, да літаратуры ці біялогіі, але я пераканана, што кожны абавязкова можа знайсці для сябе адзін – адзіны – галоўны прадмет.
Але як зразумець сябе, як пазнаць, што цябе цікавіць? Жэня Антанюк спрабуе высветліць, на якіх уроках яе хвалюе больш пытанняў. А апошнія, дарэчы, не з’яўляюцца ў двух выпадках: калі ўсё ведаеш (чаго практычна не бывае) і калі прадмет нецікавы. Чым больш узнікае пытанняў, тым лепш. І ніколі не трэба саромецца задаваць іх. Пытанні не бываюць ні смешнымі, ні недарэчнымі, у любым узросце ёсць свая логіка. Старажытная мудрасць гаворыць: “Той, хто пытаецца, не можа не навучыцца”.
– Мне пашанцавала, – гаворыць Яўгенія. – У нас на ўроках у школе не саромеюцца пытаць. У нашым класе ўсе цікавяцца розным і задаюць пытанні настаўнікам.
Жэня наогул лічыць, што ёй вельмі пашанцавала з педагогамі. Яна вельмі ўдзячная ім за набытыя веды: “На сёння гэта лепшыя гады майго жыцця. Насычаныя, яркія, пераможныя”.
За ўдзел у акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, у конкурсе “Радавод” – “Мая сям’я” дзяўчынка была ўзнагароджана дыпломам другой ступені. Яна таксама стала пераможцай раённага конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка” і атрымала дыплом трэцяй ступені.
Дзевяцікласніца Жэня – чалавек рознабаковы.
– Калі ў цябе ёсць любімы прадмет, то нельга забываць пра іншыя, – лічыць Яўгенія. – Матэматыкі і фізікі павінны добра ведаць рускую мову, правільна выказваць свае думкі. Любому спецыялісту трэба ведаць гісторыю развіцця краіны. Без логікі не напішаш змястоўнага сачынення.
Нягледзячы на добрыя поспехі ў вучобе (за першую чвэрць у Яўгеніі ўсе дзявяткі, акрамя трох васьмёрак), дзяўчына працягвае пошук сябе.
– Нельга замыкацца толькі на вучобе, каб розум не стамляўся, патрэбны іншыя захапленні, сяброўства. Маё хобі – вышыванне, бісерапляценне, наведваю царкоўную ня-дзельную школу, – тлумачыць школьніца.
Бацькі радуюцца поспехам дачкі, час ад часу перачытваюць шматлікія ўдзячнасці за яе выхаванне, і тады вочы іх свецяцца сапраўдным шчасцем, сэрца напаўняецца гонарам і любоўю.
Лідзія БАРАДЗІНА. 

На здымку: Яўгенія Антанюк з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Наталляй Уладзіміраўнай НАВАЧУК.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top