С чего начинается авторитет?

С чего начинается авторитет?

Заўжды прыемна, калі пра чалавека гавораць добрае іншыя людзі, асабліва, калі яму толькі трэці дзясятак, а аўтарытэт займеў як сталы, сур’ёзны чалавек. Наша размова пра ветфельчара Аляксандра Аляксандравіча Працука з ААТ “Ракітніца”.
Яму трошкі няёмка было расказваць пра сябе. Таму скарысталі момант, калі хлопец выйшаў у двор, каб спытаць ў тых, хто працуе побач.
Валянціна Лявонцьеўна Мазалюк, аператар машыннага даення фермы “Ракітніца” гаварыла:
— Мы яго з дзяцінства бачылі пры рагулях. З маленькага бегаў на ферме, дзе даяркай працавала яго маці. Дапамагаў чым мог ёй, а з яго маці, Людмілай Іванаўнай, што гадоў дзесяць была даяркаю на ферме, шчыравала разам. Бацька ягоны Аляксандр Якаўлевіч і зараз у нашай брыгадзе. Таму і вядома адкуль у хлопца цяга да сельскай гаспадаркі: ад бацькоў, ад роднай зямлі.
Малая радзіма Аляксандра Працука-малодшага — лунінецкая вёска Манасеева. Ён са шматдзетнай сям’і, у якой чацвёра дзяцей. Дваццаць гадоў таму Працукі пераехалі на працу ў наш раён, таму заканчваў Саша Ракітніцкую школу, потым разам з бацькамі ўладкаваўся ў тагачасным саўгасе, дзе тры гады даглядаў маладняк. Тады і ўзнікла думка вучыцца, каб быць спецыялістам у сваёй справе. Пазалетась закончыў Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, стаў у роднай гаспадарцы ветэрынарным фельчарам. А летась вырашыў: каледж — гэта толькі першая прыступка на добра прадуманым жыццёвым шляху. Падаў дакументы ў Пінск у філіял УА “Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны”. Пройдзе час і ў Ракітніцы з’явіцца новы ветурач. Галоўнае ў Працука ёсць. А што галоўнае?
Любоў да жывёлы, вялікая прага да ведаў, маладосць, якая рухае жыццё.
А вось яшчэ меркаванне, што прагучала з вуснаў загадчыцы фермы “Ракітніца” Галіны Паўлаўны Прэдка:
— У нас захаванасць цялятак — стопрацэнтная! І ў гэтым бачу заслугу Аляксандра Працука. На ферме, дзе дойны статак 480 кароў, а ўвогуле ўтрымліваецца каля тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, яго праца неацэнная. Добры спецыяліст — гэта вы пачуеце і ад кіраўніцтва, і ад простых людзей. Заўжды акуратны, спагадлівы, гаспадарлівы.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: А.А.Працук.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top