Прафсаюзы і СМІ – надзейныя партнёры

Прафсаюзы і СМІ – надзейныя партнёры

1

У гэтыя пераднавагоднія дні сумеснымі намаганнямі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у Мінску ладзіўся форум “Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства”, дзе былі падведзены вынікі ўзаемадзеяння журналістаў і прафсаюзных арганізацый краіны на працягу года.
Да ўдзельнікаў форуму (а на яго сабраліся прадстаўнікі ўсіх без выключэння раёнаў Беларусі) звярнуўся старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Адразу ўсталявалася даверлівая атмасфера дыялогу, пад час якога Міхаіл Сяргеевіч намагаўся ўсебакова паказаць сённяшняе жыццё прафсаюзаў, спыніўся на супрацоўніцтве з журналісцкай сябрынай. З ягоных вуснаў прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі даведаліся, што адбываецца паступовае ўзбуйненне галіновых прафсаюзаў. Так, калі ў пачатку 2016-га іх налічвалася 28, зараз, калі праводзіцца аб’яднанне роднасных прафсаюзаў, – 22, “дык да канца года, як спадзяёмся, будзе налічвацца 18 галіновых прафсаюзаў, прычым сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый (а іх цяпер больш за 20 тысяч) у гэтым ёсць разу-менне”. Увогуле, прафсаюзны рух надзвычай маштабны і разнастайны, аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за 4 мільёны чалавек самага актыўнага ўзросту (на сённяшні дзень
97 % працуючых краіны – сябры прафсаюзаў).
“Мы прадстаўляем інтарэсы працоўных перш-наперш на справах”, – заўважыў Міхаіл Орда, падмацаваўшы свае словы наступнымі фактамі: сёлета толькі за шэсць месяцаў намаганнямі прафсаюзных арганізацый былі адноўлены на працы 79 беспадстаўна звольненых чалавек, вернута 18 мільярдаў рублёў, незаконна недаплачаных працаўнікам. Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, прафсаюзны лідар заклікаў да яшчэ большага супрацоўніцтва:
– Сёлета шмат зроблена, каб прафсаюзныя справы асвятляліся на старонках вашых выданняў. Аднак цікавых праектаў і на год, што хутка надыдзе, запланавана не менш. Мы гарантуем: цікавых нагод, годных таго, каб знайсці месца на старонках вашых газет, у прафсаюзаў заўсёды будзе шмат, паколькі мы аб’ядноўваем найбольш ініцыятыўных асобаў, здольных у добрым сэнсе гэтага слова перавярнуць свет. Нездарма ж на сустрэчы з сябрамі ФПБ Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Вы – партыя працоўных, якой да ўсяго ёсць справа!”
Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч са свайго боку запэўніла, што партнёрства паміж ФПБ і СМІ неабходна дзеля фарміравання інфармацыйнай прасторы, бо “разам мы ўносім агульную лепту ў сацыяльны спакой”. Лілія Станіславаўна заўважыла, што Беларусь знаходзіцца ў вялікім інфармацыйным моры, якое складаюць не толькі прыкладна 1600 мясцовых сродкаў масавай інфармацыі, але і больш за тры тысячы, што вяшчаюць з замежжа. Асобна яна спынілася на ролі рэгіянальных СМІ, што “дапамагаюць прасвятляць лю-дзей, дэманструючы патэнцыял развіцця краіны”. Пагэтаму прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі “штодня на працягу 24 гадзін павінны быць на сувязі са сваімі чытачамі, каб усё самае цікавае, што адбываецца ў вашых рэгіёнах, вылівалася на старонкі мясцовых газет. Сёння мала проста праінфармаваць, трэба бачыць праблемы, даводзіць іх да ўладаў і дапамагаць вырашаць”.
Насычанай была практычная частка форуму, калі перад журналістамі, што завіталі з усіх куткоў краіны, выступілі прадстаўнікі сталічных медыа. Так, Наталля Пазняк і Вольга Зуёнак пазнаёмілі з разнастайнымі прафсаюзнымі СМІ. У іх ліку не толькі штотыднёвік “Беларускі Час” – адно з буйнешых друкаваных выданняў краіны, але і ўласны выдавецкі цэнтр, “Новае радыё”, што займае другі радок у краіне ў ахопе мэтавай аўдыторыі, летась да яго далучылася і “Народнае радыё”, створаны сайт, “які падтрымлівае сацыяльна-інфармацыйны рэсурс, у цэнтры ўвагі якога знаходзіцца працоўны чалавек, асвятляюцца нюансы выплаты заробку, медыцынскай дапамогі, ахова працы, юрыдычная кансультацыя”, а літаральна на днях пачынае вяшчанне “Праф-медыаTV”, дзе будзе прадстаўлена поўная карціна тыдня, расказы аб прафесіях, адкрытыя размовы на надзённыя тэмы і г.д. Вядомы вядучы і прадзюсар Ягор Хрусталёў на прыкладзе ток-шоу, што ён вя-дзе на айчынным тэлебачанні, распавёў пра так званыя “ня-зручныя тэмы”, да якіх бывае няпроста падыходзіць і нават вельмі вопытнаму рэпарцёру. Генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства “Беларустурыст” Людміла Сянькоўская, са свайго боку, надзвычай змястоўна расказала пра адраджэнне прафсаюзнага турызму.
Сярод найбольш значных праектаў, што ўжо ажыццявіліся, было названа супрацоўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі з “Белтэлерадыёкампаніяй”, што дазволіла распачаць праект “Народная раніца”, які выходзіць па нядзелях з расказамі пра людзей працы. А таксама сумесная пастаноўка ФПБ з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў “Сем цудаў Беларусі”. Дарэчы, удзельнікам форуму адным з першых пашчасціла пабачыць гэтае музычна-песеннае відовішча ў Палацы культуры прафсаюзаў, якое яркімі фарбамі распавядае пра адметнасць беларусаў і нашай краіны ў свеце. Не менш запамінальнай стала вандроўка па начной сталіцы, якая ўжо рыхтуецца да святаў, наведванне храма Усіх Святых, дзе сёлета (што адметна – у Год культуры) была змешчана на захаванне зямля, узятая з магілы Максіма Багдановіча. Выказвалася спадзяванне, што ў 2017-ым, калі будуць адзначацца 100-ыя ўгодкі ягонай смерці, астанкі беларускага песняра вернуцца на Радзіму, якую ён любіў усім сваім паэтычным сэрцам.
Анатоль БЕНЗЯРУК. 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro