“Чалавек працай багаты”

“Чалавек працай багаты”

делец

Гэтак слушна лічыць Іван Жук (на здымку), толькі яна дадае сэнс жыццю. Сёлетні год у Івана Іванавіча двойчы юбілейны: не паспеў улетку адсвяткаваць уласнае 60-годдзе, як неўзабаве наблізіўся і юбілей сельгастэхнікі, якой механізатар аддаў больш за тры з паловай дзясяткі гадоў сумленнай працы.
Ён нетаропка расказвае пра сябе, нібыта перагортвае старонкі біяграфічнай кнігі, у якой большасць радкоў запоўнена няпростымі працоўнымі буднямі.
– Заўсёды выдатна, калі нехта з самага пачатку дапаможа-падкажа вызначыцца на жыццёвым шляху, – гаворыць Іван Іванавіч.
Такім чалавекам стаў для яго дзядзька Сяргей Лукіч, які здаўна шчыраваў на трактары. Ён і “заразіў” пляменніка любоўю да рознай тэхнікі і падказаў мала-дзёну, куды пайсці вучыцца, як толькі прагучыць апошні школьны званок у роднай Галасяцінскай дзесяцігодцы, што на Пружаншчыне.
Іван Жук апынуўся ў Высокаўскім спецыяльным прафтэхвучылішчы, дзе рыхтавалі механізатараў, а ў 1974 годзе пасля заканчэння навучальнай установы вярнуўся ў родны калгас. Першы трактар, які “асядлаў” – гусенічны Т-74. Хутка для Івана прыйшоў час службы ў войску, дзе таксама давялося мець справу не з простай тэхнікай, бо стаў кіроўцам устаноўкі размініравання. Нават праз тры дзясяткі гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай даводзілася на Львоўшчыне, у месцах, дзе адбываліся жорсткія баі, сутыкацца з небяспечнай памяццю пра тое ліхалецце. Пасля вайсковай службы з памножаным жаданнем вярнуўся да мірнай працы.
Шмат зменаў у Іванавым жыцці адбылося ў 1979 го-дзе. Па-першае, вырашыў змяніць месца жыхарства і пераехаў, як аказалася назаўсёды, з Пружаншчыны ў Жабінку. Тут уладкаваўся на прадпрыемства, дзе працуе па сённяшні дзень. Нарэшце, той памятны год яшчэ не паспеў завяршыцца, як істотныя змены адбыліся і ў асабістым жыцці. Іван Іванавіч узяў шлюб з жабінкаўскай дзяўчынай Ларысай Хмялёвай, якая неўзабаве падаравала мужу сыноў Івана, Руслана і дачку Наташу. Пра вялікія сем’і дзяцей, у якіх гадуюцца ўжо пяць унукаў і ўнучка, дзядуля гаворыць з асаблівай цеплынёй…
Аднак зноў вяртаецца ў думках у час, калі толькі прыйшоў у арганізацыю. З першых дзён працы ў сельгастэхніцы Іван Жук мае давер ад кіраўніцтва. Адразу ж, як уладкаваўся, атрымаў новы трактар МТЗ-80. Хоць і невялічкі па памерах, але ў Іванавых руках надта спраўны, асабліва калі механізатар вывозіў на палі тарфакрошку з Гатча-Осаўскага радовішча. Хутка трактарыста, які рупіўся на працы, заўважылі і даверылі Т-150 – ужо трактар, па тых часах, магутны, якому падуладныя былі многія работы: і арганіку ўнесці, і ўгнаенні раскідаць, і араць, дыскаваць калгасныя палі. Нярэдка, калі з’яўлялася новая тэхніка, кіраваць ёю давяралі менавіта Івану Жуку. Так, 15 гадоў адпрацаваў ён на МТЗ-1221, пакуль не атрымаў новы падобны трактар, на якім шчыруе і зараз.
У памяці засталіся і 80-90-ыя гады мінулага стагоддзя. Гэта быў перыяд пераходны не толькі для ўсёй арганізацыі, але і ўласна для самога Івана Іванавіча, які працаваў спачатку ў райсельгастэхніцы, затым у сельгасхіміі, нарэшце зноў у сельгастэхніцы. Аднак па сутнасці задача заўсёды заключалася ў галоўным – дапамагаць калгаснікам вырошчваць добрыя ўраджаі. Бывала, і сам садзіўся за штурвал камбайна і шчыраваў па хлебнай збажыне. За тое рупліўца чакалі і падзякі, і граматы, што дасюль захоўваюцца не толькі ў ягонай хаце, але і ў кабіне трактара. Нядаўна да ўзнагарод дадалася чарговая – Ганаровая грамата раённага выканаўчага камітэта, якую Іван Іванавіч атрымаў за шматгадовую добрасумленную працу з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК і 50-х угодкаў з дня заснавання сельгастэхнікі.
– Праца задавальняе, – гаворыць механізатар, – інакш не аддаваў бы ёй столькі сіл і часу. Шчырую ў складзе мехатрада, што аб’ядноўвае 20 працаўнікоў пад кіраўніцтвам Сяргея Васільевіча Чарнака. Сярод калегаў падтрымліваю добрыя адносіны з Андрэем Карпуком, Раманам Гаранцом дый з маладымі спецыялістамі, што нядаўна прыйшлі ў арганізацыю, якім дапамагаю, калі спатрэбіцца, і словам, і справай. У сённяшняй узнагародзе бачу агульны поспех усіх працаўнікоў мехатрада.
Анатоль РОСТАЎ.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*