Паўвека дораць цяпло і камфорт

Паўвека дораць цяпло і камфорт

IMG_9878

Кажуць, што Бог стварыў Зямлю, а ўсё астатняе на ёй стварылі будаўнікі. Няма прафесіі больш ганаровай, чым гэтая, бо што можа быць лепш за пабудову дома, у якім будзе жыць не адна шчаслівая сям’я? Да таго ж, будаўнікі ўзводзяць не толькі дамы, але й сваімі рукамі ствараюць будучае.
У мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 50-годдзю дзяржаўнага ўнітарнага будаўнічага прадпрыемства “Жабінкаўская ПМК-10”. Паўвекавы юбілей арганізацыі стаў нагодай выказаць словы ўдзячнасці тым людзям, якія сваёй працай унеслі значны ўклад у развіццё раёна.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, адкрываючы святочнае мерапрыемства, адзначыў, што воблік Жабінкаўшчыны непарыўна звязаны з дзейнасцю ПМК-10: пабудаваны тысячы квадратных метраў жылля ў горадзе і ў вёсках, шматлікія аб’екты інфраструктуры. Прадпрыемства неаднаразова станавілася пераможцам абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод будаўнічых арганізацый.
Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Грыгарчук у працяг тэмы дадаў, што працаўнікі IMG_1433ПМК-10 стараюцца стварыць максімальна камфортныя ўмовы для пражывання ў пабудаваных дамах, адказна ставяцца да ўзвядзення кожнага аб’екта. За значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Жабінкаўшчыны Аляксандр Пятровіч уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама працоўнаму калектыву ДУБП “Жабінкаўская ПМК-10”, а таксама намесніку начальніка па камерцыйных пытаннях Міхаілу Канцэвічу і машыністу аўтамабільнага крана Мікалаю Мышкаўцу. Пісьмы падзякі за шматгадовую добрасумленную працу атрымалі муляр Сяргей Быкаў і машыніст аўтамабільнага крана Сяргей Гродскі.
З віншаваннямі і пажаданнямі калектыву Жабінкаўскай ПМК-10 выступіў і былы старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Мартысюк, які на працягу доўгага часу аказваў будаўнічаму прадпрыемству значную падтрымку ў рашэнні важных пытанняў.
Павіншаваў юбіляраў і галоўны інжынер аб’яднання “Брэстаблсельбуд” Юрый Шанкоў. Ён пажадаў працаўнікам ПМК-10 удасканальваць сваё майстэрства і заўсёды атрымліваць сапраўднае задавальненне ад працы. Каб усё, што ствараецца залатымі рукамі будаўнікоў, стаяла стагоддзямі і радавала людзей сваёй IMG_9886прыгажосцю і надзейнасцю.
Надзейныя партнёрскія адносіны, правераныя не адным дзясяткам гадоў, склаліся ў ПМК-10 з флагманамі жабінкаўскай прамысловасці – цукровым і камбікормавым заводамі. Таму на юбілеі прысутнічалі і падымаліся на сцэну з віншавальнымі словамі і падарункамі генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктар Міронаў, яго намеснік Ігар Балтрамяюк і намеснік дырэктара ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Сяргей Ступчык. Апошнія падкрэслілі, што іх працоўныя біяграфіі былі раней звязаны з перасоўнай механізаванай калонай №10.
За сваю паўвекавую гісторыю Жабінкаўская ПМК-10 унесла каласальны ўклад у развіццё роднага краю. Кожная гаспадарка Жабінкаўшчыны можа адзначыць на сваёй тэрыторыі аб’екты, узведзеныя спецыялістамі будаўнічай арганізацыі. Словы падзякі за добрасумленную працу і супрацоўніцтва выказалі юбілярам старшыня СВК “Рагазнянскі” Аляксандр Семянюк, старшыня СВК “Вазнясенскі” Надзея Кандрацюк і дырэктар ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” Уладзімір Дземідзюк.
Слова ў адказ трымаў гаспадар свята – начальнік Жабінкаўскай ПМК-10 Мікалай Шпакоўскі. Мікалай IMG_9889Антонавіч прызнаўся, што быў вельмі ўражаны здымкамі зверху тых аб’ектаў, якія пабудавала іх арганізацыя.
– Мяне перапаўняе гонар за іх колькасць і не сорамна за іх якасць, – сказаў ён. – Мы цэнім усіх сваіх шматлікіх заказчыкаў і нікому іх не аддадзім.
Мікалай Антонавіч распавёў пра “савецкі” перыяд у гісторыі прадпрыемства і пра сучасны, расказаў пра планы на будучае. Шмат добрых, цёплых слоў адрасаваў начальнік ПМК-10 і работнікам прадпрыемства. За годную працу лепшыя з іх былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі. Ад Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў іх атрымалі галоўны бухгалтар Жабінкаўскай ПМК-10 Лілія Апанасевіч і электрагазазваршчык Мікалай Мелянтовіч, ад раённага Савета дэпутатаў – сталяр-станочнік Мікалай Валасюк і электрагазазваршчык Максім Гродскі, ад ДВПБУП “Аб’яднанне Брэстаблсельбуд” – загадчык дапаможнай вытворчасці Васіль Мазур, бухгалтар Валянціна Паўлюкавец, прараб Сяргей Бабарыкаў, машыніст экскаватара Уладзімір Лагота, муляр Віктар Маеўскі і газазваршчык Сяргей Пашкуда.
Асаблівая ўвага і пашана была выказана ў той святочны дзень ветэранам будаўнічай сферы, якія больш за тры дзясяткі гадоў нясуць груз адказнасці за кожную пабудову, у якую ўкладвалі душу, для якіх гэта не проста праца, а сэнс жыцця. На сцэну для атрымання кветак і падарункаў узнімаліся ў той вечар Міхаіл Сысоеў, Канстанцін Юрчук, Мікалай Траццяк, Дзмітрый Томан, Мікалай і Марыя Літвінюкі і іншыя.
Парадавала гледачоў і музычная віншавальная частка. Цудоўны настрой і запал пазітыву падарылі “імяніннікам” узорны ансамбль народнага танца “Каруначкі”, ансамбль народнай песні “Раздолле” клуба цукровага завода, народная эстрадная група “Аляксандр-парк”, калектыў эстраднага танца “Стардас”, салістка ГДК Алеся Жукава. А завяршыла святочны канцэрт выступленне спецыяльна запрошанага калектыву – лаўрэата шматлікіх конкурсаў і фестываляў – ансамбля казацкай песні “Бацька Атаман”. Больш за гадзіну госці з Мінска “запальвалі” залу. Прысутныя падпявалі вядомыя ўсім “Гуляй, казак…”, “Роспрягайте, хлопцы, коні” і падтанцоўвалі ў такт музыцы. Прычым уразілі ўсіх не толькі цудоўныя галасы салістаў, але й майстэрская ігра на балалайцы Дзмітрыя Стрэжа, а таксама віртуознае валоданне ўдзельнікаў ансамбля казацкімі шашкамі.
Святочнае мерапрыемства атрымалася сардэчным і цёплым, і нікому не хацелася разыходзіцца.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*