Як адзначыў паўналецце –
памятае нават плот!
За некалькі дзён да таго, як Аляксандр К. “вызначыўся” ў міліцэйскіх зводках, яму споўнілася 18 гадоў. Дату вырашыў адзначыць разам з маладзейшым за яго на месяц М. Ды так, каб у памяці надоўга засталося. Што сказаць – атрымалася… Пад покрывам ночы сябрукі “прайшліся” па карункавым плоце на вуліцы Ц. Лася ў Арэпічах. Іх дружнага напору не вытрымалі 17 секцый бетоннай агароджы. Шкода, нанесеная ўласніку – Сцяпанкаўскаму сельвыканкаму, ацэнена ў 149 рублёў. Цяпер за свае дзеянні давядзецца трымаць адказ паводле часткі 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Хуліганства, здзейсненае групай асоб”).
Брыдота з інтэрнэту
На жаль, не толькі шматлікія веды і прыгажосць сусвету становяцца бліжэй дзякуючы інтэрнэту. Надараецца, што з гэтага глабальнага павуціння з’яўляецца і зусім пачварная брыдота. Так адбылося з непаўнагадовай жыхаркай Жабінкі, якая мае, як і многія, персанальную старонку ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”. У адзін з кастрычніцкіх дзён яна атрымала праз сусветную павуціну пасланне ад невядомай асобы. Як высветлілася, у ім утрымліваўся зусім непрыстойны відарыс. Цяпер супраць аматара “карцінак для дарослых”, які гэтак ахвотна гатовы дзяліцца імі з іншымі пад прыкрыццём ніка, узбуджана справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага часткаю 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэкса (“Распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў з дапамогай інтэрнэту”).
Газ “правяраў” ды грошы скраў
Адбылося гэта сярод белага дня, калі нішто не прадказвала бяды. І вокам не паспела міргнуць жыхарка райцэнтра, як стала бяднейшаю на 1000 долараў ЗША і 3000 беларускіх рублёў. Для таго, каб увайсці ў яе кватэру, злачынцу не спатрэбілася біць вокны ці ламаць запоры. Гаспадыня сама даверліва расчыніла дзверы перад “спецыялістам”, што быццам прыйшоў, каб “праверыць” газ… Разам з газам “выветрыліся” і грашовыя запасы. Цяпер адна надзея на праваахоўнікаў, што шукаюць след таго, хто так пашчыраваў у злачынным рамястве.
Зноў “Аисты” адляцелі ў “вырай”?
На жаль, апошнім часам пачасціліся выпадкі, калі ў поле зроку зламыснікаў трапляюць веласіпеды, найчасцей – горныя “Аисты”. Гэты транспартны сродак лёгка становіцца здабычай нячыстых на руку грамадзян, асабліва калі гаспадары, не зважаючы на шматлікія папярэджанні супрацоўнікаў міліцыі, забываюцца пра пільнасць. Так, жыхарка аграгарадка Ракітніца развіталася ў ноч з 3 на 4 лістапада са сваім роварам, які скралі проста з пад’езда дома. У той самы час падобнае злачынства адбылося і паблізу станцыі Жабінка. Веласіпед знік з пляцоўкі на прывакзальнай плошчы. Калі ў першым выпадку зламыснік пакуль не высветлены, дык у другім ім аказаўся грамадзянін А., што пад уплывам спіртнога пайшоў на крадзеж.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.