Быць карысным грамадству і самому сабе

Быць карысным грамадству і самому сабе

донор

Ёсць многа розных лекаў, але кроў і яе кампаненты нічым нельга замяніць. Мільёны людзей у свеце абавязаны сваім жыццём донарам, якіх наогул не ведаюць і ніколі не бачылі. Статыстыка сведчыць, што кожнаму трэцяму хвораму, хто трапляе на стацыянарнае лячэнне, патрэбны кампаненты і прэпараты крыві. У апошніх маюць патрэбу людзі з цяжкімі траўмамі, кровацячэннямі, апёкамі і захворваннямі крыві, тыя, каму неабходна аперацыя на сэрца, анкалагічныя хворыя. Ніхто з нас не застрахаваны ад розных захворванняў. Складана, канечне, уявіць, але можа здарыцца, што кроў для некага з вашых блізкіх (маці, жонкі, дзіцяці, сябра) можа стаць адзіным выратаваннем жыцця.
21 снежня ў 8.30 ва УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” будзе праводзіцца акцыя “Бязвыплатнае донарства пачынаецца з мяне”.
Да выканання донарскай функцыі дапускаюцца людзі ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў. Гэта грамадзяне Беларусі, а таксама выхадцы з замежжа, якія маюць прапіску ці рэгістрацыю не менш як шэсць месяцаў у раёне. Пры сабе трэба мець пашпарт, ваенны білет; адзін фотаздымак на дакумент; даведку аб стане здароўя (тэрапеўт, жанчынам – гінеколаг, звесткі аб прышчэпках, флюараграфія і аналіз мачы адзін раз у год) можна атрымаць заранёў. Звяртацца ў рэгістратуру паліклінікі. За двое сутак да кроваздачы донару забараняецца ўжываць любы алкаголь, з раніцы ў дзень здачы крыві нельга курыць. З вечара і раніцай не есці тлустага, малочнага, смажанага, вэнджанага. У рацыён трэба ўключаць больш вадкасці (салодкі чай, сокі, вада і інш.), гародніны і садавіны, есці посныя кашы, нятлустае адваранае мяса і рыбу.
Работнік, які здаў кроў на бязвыплатнай аснове ў рабочы час, забяспечваецца: вызваленнем ад працы ў дзень выканання донарскай функцыі з захаваннем сярэдняга заробку за кошт сродкаў наймальніка (не абкладваецца падаходным падаткам) пры ўмове, што ён папярэдзіў наймальніка пра здачу крыві не пазней чым за два рабочыя дні; адзін дзень адпачынку без захавання сярэдняга заробку; донарскі сняданак; грашовая кампенсацыя ў суме 17 рублёў 45 капеек (10 % БПМ на харчаванне). 100-працэнтная аплата бальнічнага ліста з першага дня хваробы, калі на працягу 12 месяцаў, што папярэднічаюць дню наступлення часовай непрацаздольнасці было: у мужчын не менш чым 4 кроваздачы, у жанчын – не менш як 3.
Узнагароджванне нагрудным знакам МАЗ Беларусі “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь” адбываецца пры наяўнасці не менш як 40 кроваздач і не менш як 80 здач плазмы, трамбацытаў.
Быць бязвыплатным донарам – быць карысным грамадству і самому сабе!
Кантактныя тэлефоны: 2-18-17, 2-48-00.
Анатоль ЛАЎРУКЕВІЧ, галоўны ўрач УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.

 

Бязвыплатнае донарства пачынаецца з мяне

 

У падтрымку ініцыятывы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя аб пераходзе да 2020 года на сістэму рэгулярнай бязвыплатнай добраахвотнай здачы крыві, Міністэрствам аховы здароўя Беларусі ўзяты курс на адра-джэнне традыцый бязвыплатнага донарства. Яно будзе арганізоўвацца сумесна з платным. Падтрымліваючы дадзеную ініцыятыву, санітарна-эпідэміялагічная служба вобласці арганізавала акцыю па бязвыплатным донарстве. У рамках яе 1 снежня супрацоўнікі ДУ “Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя” і ДУ “Брэсцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” арганізавалі бязвыплатную здачу крыві. Удзельнічалі галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Брэсцкай вобласці Алена Васільеўна Ільяшава, намеснік старшыні аблвыканкама Алег Іванавіч Вялічка, начальнік упраўлення аховы здароўя Віктар Паўлавіч Міхалоўскі, забяспечвала падтрымку акцыі ДУ “Брэсцкая абласная станцыя пералівання крыві”.
Практычна ва ўсіх краінах свету запасы крыві поўнасцю забяспечваюцца бязвыплатнымі добраахвотнікамі, якім не выплачваецца кампенсацыя за здадзеную кроў. На Брэстчыне аб’ёмаў нарыхтаванай донарскай крыві, яе кампанентаў і прэпаратаў практычна поўнасцю хапае на патрэбы лячэбна-прафілактычных устаноў рэгіёна, у тым ліку пры выкананні высокатэхналагічных умяшальніцтваў, а таксама на стварэнне неабходных запасаў на выпадак надзвычайных сітуацый.
У 2015 годзе затраты на донарства склалі 19439,8 дэнамінаваных рублёў (58,7 % ад агульнага фінансавання службы крыві). За выкананне донарскай функцыі і на харчаванне аднаму донару крыві выдаецца 78,53 рубля, а донару плазмы – 109,95 рубля.
Летась у донарстве ўдзельнічалі 11898 тысяч чалавек, было зарэгістравана 53537 кроваздач. Сёлета за 11 месяцаў было 49076 кроваздач, з іх бязвыплатных 5,1 % і плазмаздач 1,3 %. Такі падыход да донарства ў час акцыі “Мы – за бязвыплатнае донарства” дазволіць сэканоміць бюджэтныя сродкі і накіраваць іх на закупку неабходнага абсталявання для аказання стацыянарнай медыцынскай дапамогі насельніцтву.
У вобласці служба пералівання крыві – гэта 4 станцыі – Брэст, Баранавічы, Ганцавічы, Пінск; 6 аддзяленняў – Бяроза, Драгічын, Івацэвічы, Кобрын, Пружаны, Столін; 25 кабінетаў у арганізацыях аховы здароўя.
Брэсцкая абласная станцыя пералівання крыві забяспечвае яе прадуктамі ўстановы аховы здароўя Брэста, а таксама Брэсцкага, Камянецкага, Жабінкаўскага і Маларыцкага раёнаў. Пры неабходнасці прадукты крыві дастаўляюцца ва ўсе ўстановы нашага рэгіёна і краіны.
Прапануем медыцынскім работнікам, прадстаўнікам органаў улады, устаноў адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый раёна прадоўжыць акцыю па бязвыплатным донарстве.
Надзея ШОСЦІК, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна.

Кроў можна здаць па адрасе: Брэст, вул. Медыцынская, 2. Пры сабе трэба мець: пашпарт, ваенны білет, даведку аб стане здароўя з паліклінікі па месцы жыхарства за ўвесь перыяд жыцця (тэрапеўт, жанчынам – гінеколаг, звесткі аб прышчэпках, флюараграфія і аналіз мачы адзін раз у год), адзін фотаздымак на дакумент.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro