Пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання ў Расію

Пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання ў Расію

215468-12

ПРЭЗІДЭНТ Беларусі Аляксандр Лукашэнка строга раскрытыкаваў прэтэнзіі кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта да беларускіх прадуктаў харчавання.
«У нас, калі нават усё будзе нармальна, такія дзеячы, як Данкверт і іншыя, аплююць, абылгуць і абгадзяць, як гэта было нядаўна. Аказваецца, у яго кавалак мяса з Беларусі, або стакан малака, або кавалак хлеба засядае, прадукцыя не тая. І ўрад пры гэтым маўчыць», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў плане мытных працэдур і мытнага працэсу Беларусь «прастрэльваецца» з усіх бакоў.
Еўразійская эканамічная камісія па просьбе БЕЛТА выказала сваю пазіцыю па пытаннях адпаведнасці беларускіх прадуктаў ветэрынарна-санітарным патрабаванням Расіі, якасці такой прадукцыі, а таксама рээкспарце так званых санкцыйных прадуктаў харчавання.
– Цяпер Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расіі пры выяўленні перамяшчэння тавараў з Беларусі ў РФ з парушэннем ветэрынарна-санітарных патрабаванняў (неадпаведнасць сертыфікатаў, неадпаведнасць масавай долі бялку і г.д.) уводзіць часовыя абмежаванні на пастаўкі падкантрольных тавараў з беларускіх прадпрыемстваў. Наколькі гэта правамерна?
Каменціруе дырэктар Дэпартамента санітарных, фітасанітарных і ветэрынарных мер ЕЭК Ігар Гаеўскі:
– На нашу думку, дзеянні Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе не адпавядаюць устаноўленым патрабаванням у актах ЕЭК. У адпаведнасці з палажэннем аб адзіным парадку ажыццяўлення ветэрынарнага кантролю на мытнай граніцы ЕАЭС і на мытнай тэрыторыі саюза яго патрабаванні прымяняюцца ў дачыненні да тавараў, пазначаных у адзіным пераліку тавараў, што падлягаюць ветэрынарнаму нагляду.
У прыватнасці, палажэнне ўстанаўлівае парадак правядзення кантролю дзяржаўнымі органамі і ўстановамі дзяржаў ЕАЭС, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне ветэрынарыі, за падкантрольнымі таварамі на мытнай граніцы і мытнай тэрыторыі саюза для недапушчэння ўвозу і перамяшчэння небяспечных для здароўя чалавека і жывёл падкантрольных тавараў.
– Ці сапраўды беларускі бок злоўжывае тым, што Расія адмовілася ад тавараў з шэрагу еўрапейскіх краін, ЗША? Якога меркавання прытрымліваецца ЕЭК у пытаннях рээкспарту? Ці правамоцныя заявы Рассельгаснагляду аб нядобрасумленнасці беларускіх прадпрыемстваў?
Дырэктар Дэпартамента аграпрамысловай палітыкі ЕЭК Станіслаў Бубен:
– У Беларусь паступаюць тавары з трэціх краін, у тым ліку ўключаныя ў санкцыйны расійскі спіс. Калі тавар, які паступіў у рэспубліку, прайшоў перапрацоўку (ачыстка, засолка, тэрмічная апрацоўка і г. д.) і маркіруецца вытворцам Беларусі, то гэты тавар з’яўляецца беларускім і ў перапрацаваным выглядзе можа свабодна выкарыстоўвацца ва ўнутраным гандлі на рынку саюза, напрыклад, перапрацаваныя крэветкі, рыба.
ПАВОДЛЕ слоў Ігара Брыло, намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі,прэтэнзіі «Рассельгаснагляду» да беларускіх прадпрыемстваў адносна якасці неабгрунтаваныя, аб прадузятасці расійскага ведамства сведчыць і адказ Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Намеснік міністра падкрэсліў, што часта сустракаюцца факты падробак беларускіх прадуктаў харчавання. Так, выяўлена 12 выпадкаў фальсіфікацыі прадукцыі Шчучынскага масласырзавода. У выніку закрываецца доступ на расійскі рынак прадпрыемствам, якія не маюць дачынення да выяўленых парушэнняў.
Першы намеснік дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу Аляксандр Куцко праінфармаваў, што арганізацыі Мінсельгасхарчу пастаўляюць прадукцыю ў 58 краін свету. Акрамя Расіі, няма ніводнай прэтэнзіі па яе якасці. Геаграфія паставак беларускіх прадуктаў харчавання штогод павялічваецца. «Гэта ЗША, Паўднёвая Амерыка, Афрыканскі, Азіяцкі кантыненты, краіны постсавецкай прасторы. Сертыфікавана 17 малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў для арганізацыі паставак у Кітай, да канца года павінны прайсці гэту працэдуру мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы.
Ён звярнуў асаблівую ўвагу, што ў Беларусі патрабаванні да якасці прадукцыі значна вышэйшыя ў параўнанні з іншымі краінамі.
Больш таго, штогод павялічваюцца аб’ёмы пастаўкі малакаперапрацоўчым прадпрыемствам малака гатунку «экстра». Калі 6-7 гадоў таму на беларускія перапрацоўчыя прадпрыемствы прымалася толькі амаль 2 % малака гатунку «экстра», то ў бягучым годзе ўжо – 43,2 %.
Пракаменціраваў Ігар Брыло і сітуацыю з закрыццём расійскім бокам паставак шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, у прыватнасці 11 малакаперапрацоўчых. «З малакаперапрацоўчых ніводнае не закрыта па прычыне якасці і бяспекі. Інакш кажучы, у малаку не знойдзена таксічных элементаў, пестыцыдаў, антыбіётыкаў і інш. Яны закрыты па прычыне фальсіфікацыі прадукцыі пад беларускую, па прычыне нейкага няправільнага афармлення дэкларацый або выпіскі суправаджальных ветэрынарна-санітарных дакументаў», – сказаў намеснік міністра.
Беларусь мае шматступеньчатую сістэму кантролю якасці малака. На кожным жывёлагадоўчым аб’екце ёсць міні-лабараторыя, якая да пагрузкі ў малакавоз правярае яго якасць. Забор проб бярэцца і пасля прыезду малакавозаў на прадпрыемства. Ажыццяўляецца лабараторны кантроль усёй выпускаемай прадукцыі. Акрамя вытворчага, існуе дзяржаўны ветэрынарны кантроль.
ПЕРЫЯД часу ад адбору проб прадукцыі да правядзення даследавання рэгламентаваны адпаведнымі нарматывамі, якія «Рассельгаснагляд» ігнаруе. «Мы па пратаколах «Рассельгаснагляду» бачым, што ад адбору проб да дастаўкі іх у лабараторыі праходзіць ад 3 да 11 дзён. Хоць дастаўцы проб мяса ахалоджанай курыцы да лабараторыі, напрыклад, павінна адводзіцца 6 гадзін. А ў цэлым тэрмін годнасці для рэалізацыі ахалоджанага мяса птушак складае 5 сутак. Таму пры такіх парушэннях ва ўжо сапсаваных спецыялістамі «Рассельгаснагляду» пробах можна не толькі лістэрыю знайсці, але і ўсё, што хочаце», – абурыўся начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў.
Ён нагадаў, што заканадаўствам ЕАЭС прадугледжваецца правядзенне адбору проб на прадпрыемствах-вытворцах або ў пункце выгрузкі тавару, але ні ў якім разе не пры перавозцы або ў пунктах продажу тавараў. Таму што ў такіх выпадках вытворца не нясе адказнасці за тавар.
Пры гэтым ён падкрэсліў: «Мы не супраць кантролю, але давайце гэта рабіць у рамках рэгламентаў і законаў, якія мы разам прымалі на агульнай пляцоўцы ЕАЭС».
«ПРЫРОДА харчовых войнаў, безумоўна, не палітычная, а эканамічная, паколькі мы ведаем, што расійскія вытворцы гадоў 10-12 таму спрабавалі актыўна, у тым ліку і рэйдарскім шляхам, захапіць беларускія прадпрыемствы, якія вырабляюць высака-якасную харчовую прадукцыю. Гэта не атрымалася. Механізмы ўздзеяння на беларускіх вытворцаў былі прыкладна тыя ж, з выкарыстаннем вось гэтага лабісцкага палітычнага механізма», – сказаў Аляксей Бінецкі.
Эксперт падкрэсліў, што ў Расіі вялікая колькасць беларускіх прадуктаў падробліваецца. Беларускія прадукты харчавання вызначаюцца якасцю, заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.Пры гэтым ён лічыць, што ў харчовых пытаннях паміж Беларуссю і Расіяй важна адкідаць эмоцыі, неабходна разглядаць сутнасць пытання.
«Мы лічым, што эмацыянальнасць прысутнічае сёння, трэба яе прыглушыць. Кантралюючыя службы – і расійскія, і беларускія – павінны працаваць сінхронна, з разуменнем, спыняючы тэхналагічна няправільныя працэсы», – адзначыў пасол. Паводле яго слоў, добра было б аб’яднаць гэтыя службы ў адну на ўзроўні Саюзнай дзяржавы.
БелТА.

На здымку: у магазіне «Беларускі» ў Баку.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top