У хаце пад чырвонай зоркай

У хаце пад чырвонай зоркай

Николай Юхимук“Жыццё праляцела, нібыта на крылах…” Гэтак разважае старэйшы жыхар невялічкай вёскі Рачкі Мікалай Мікітавіч Юхімук, які днямі размяняў дзясяты ўжо дзясятак з дня свайго нараджэння.

Кожны, хто завітае да яго на падварок, можа ўпэўніцца: жыве тут чалавек дасціпны і працавіты, а чырвоная зорка на хаце нагадвае, што зведаў ён і суровыя дні ваеннага ліхалецця.
Пачыналася Міколава жыццё ў родных Рачках 12 снежня 1926 года, у сялянскай сям’і. Як выбухнула Другая сусветная, у ліку многіх заходніх беларусаў бацька ягоны быў прызваны ў польскае войска, і ў агнявым верасні трыццаць дзявятага склаў сваю галаву. Аднавясковец, з якім Мікіта Юхімук служыў у Брэсцкай крэпасці, вярнуўся дамоў з сумнаю весткаю: пад час чарговага авіяналёту нямецкі самалёт пацэліў у месца, дзе хаваўся салдат… Гэтак стаў ягоны сын у адначассе сіратою ды галоўным памочнікам маці Аксінні: бацькава месца за бараною ды сахою заняў падлетак. У тыя цяжкія гады даводзілася ва ўсіх сялянскіх справах шчыраваць, каб не загінуць… Нават хату, у якой і зараз жыве, уладкоўваў уласнымі рукамі. Як прыйшла савецкая ўлада, Мікалай Юхімук стаў наглядчыкам вагонаў на чыгунцы.
Міжваенны мір аказаўся кароткім і нетрывалым. Памятным ранкам 22 чэрвеня зноў у чыстым небе з’явіліся самалёты з крыжамі. У падлеткавай памяці адбіліся яркія карціны таго, як гарэў горад над Бугам, на які сыпаліся бомбы, як палявалі фашысцкія летакі на чырвонаармейцаў, што ішлі, адступаючы ўздоўж чыгункі ды па дарозе ў бок Сакаў…
Хоць Міколавай роднай вёсцы пашчасціла – акупанты яе не чапалі, не знішчылі ніводнага падворка – ды ўсё ж часы ваенныя былі з горкім прысмакам трывогі і паўсядзённай небяспекі. Таму з радасцю сустракалі паўсюль вяртанне Чырвонай арміі ў ліпені сорак чацвёртага. Адразу пасля жорсткіх баёў за Жабінку паблізу Рачак спынілася вайсковая часць. Чырвонаармейцы даведаліся, што ў рачкаўцаў ёсць коні, якіх усю вайну хавалі ў лесе ды алешынах. Таму й загадалі ім вазіць снарады з Кобрына. Сярод тых міжвольных фурманшчыкаў апынуўся і Мікалай Юхімук. Як пацікавіўся, ці доўга зай-мацца гэтай небяспечнай справай, атрымаў адказ:
– Пакуль Брэст не возьмем – дамоў не адпусцім!
А хутка зноў паклікалі – у ваенкамат, каб паставіць пад ружжо. Быў пачатак пераможнага 1945 года. Вайна на захад пакацілася. Ды колькі яна яшчэ ахвяр забярэ, пакуль не надыдзе самой капут?.. Хто ж тое ведаў тады нават прыблізна? І генералам было гэта невядома, што ж казаць пра радавых, тым больш такіх бязвусых…
Малады баец, зусім не абстрэлены, чакаў, што накіруюць на перадавую. Але ж лёс-рулетка па-свойму распарадзіўся. Навабранцаў прывезлі ў Бярозу-Картузскую, а там і размеркавалі: хто быў калісь на польскай вайне – таго шлях на фронт чакаў, а такіх, як Мікола, маладзейшых, на вайсковыя курсы накіравалі ў невялічкі горад Чугуеўка, што пад Харкавам.
– Каб патрапіў у першую групу, – скрушна згадвае Мікалай Мікітавіч, – меў бы, відаць, пагібель, як бацька родны… Бо кінулі тых навабранцаў пад Варшаву, дзе галоўныя крывавыя баі разгарэліся…
А ягоную групу чакаў шлях, як у песні пяецца, зусім у іншы бок – на Далёкі Усход. Туды, дзе йшла вайна з японцамі. Рыхтуючыся ў далёкі паход, часць, у якой служыў юнак, спынілася ў Разані, а затым завезлі іх пад самую граніцу ды адразу кінулі ў наступ.
Падзеі ў Манчжурыі развіваліся тады імкліва. У пачатку жніўня амерыканцы скінулі атамныя бомбы на Хірасіму і Нагасакі. Гэта канчаткова зламала японскае супраціўленне ды маральны дух. Кожны разумеў: хутка вайне канец! Вялізная радасць, сапраўднае шчасце былі ў сэрцах тых, хто дачакаўся пераможных салютаў.
Часць праз увесь амаль неабсяжны Савецкі Саюз вярнулася ў Харкаў, куды з нямецкага фронту перамясцілася 17-я брыгада, амаль цалкам разбітая, і рота, у якой служыў сяржант Юхімук, улілася ў яе склад. Харкаў, былая сталіца Украіны, ляжаў у руінах, вайскоўцы займаліся расчысткай завалаў. У сакавіку 1951-га завяршылася Міколава служба. На грудзях зіхацелі медалі “За перамогу над Германіяй”, “30 год Савецкай арміі і флоту”, калі вяртаўся ён у родныя Рачкі. Было хлопцу ўжо амаль дваццаць пяць – час і сям’ю ствараць. Заручаны быў з Надзеяй, якую і прывёў гаспадыняй у родны дом. Вырашылася хутка і пытанне з працай. Уладкаваўся туды, дзе занятак па душы перарвала вайна – на чыгунку. З таго часу і да самай пенсіі быў Мікалай Мікітавіч наглядчыкам вагонаў на станцыі Брэст-Усходні. Такой павагай дасюль карыстаецца, што калегі ніколі не забываюцца павіншаваць ветэрана як з прафесійнымі, так і асабістымі святамі. А сам ён і сёння з гонарам называе сябе “ўдарнікам сацыялістычнай і камуністычнай працы”.
Яшчэ адна неацэнная ўзнагарода ў жыцці – сын Мікалай і дачка Людміла, якія падаравалі бацьку трох унукаў, а тыя, у сваю чаргу, ужо і трох праўнукаў.
– Яны для мяне, як святло ў акенцы: родныя ж людзі, – гаворыць Мікалай Мікітавіч ды разважліва завяршае размову: – А смерці я не баюся. Куды яе ў маіх гадах ужо баяцца? Дый на малых паглядзіш і далей жыць хочацца: градку абрабіць, парадак ля хаты навесці, зноў расаду ў зямлю пасадзіць, як вясна надыдзе…
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*