Пра літаратурныя набыткі і праблемы

Пра літаратурныя набыткі і праблемы

IMG_5035

Літаратура – вялікая і вельмі важкая частка агульнай культуры народа. Таму трэці з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі стаў знакавай з’явай у жыцці краіны: Прывітальнае пісьмо даслаў Прэзідэнт дзяржавы, у рабоце з’езда бралі ўдзел прадстаўнікі шэрагу міністэрстваў, лісты-віншаванні прыйшлі на адрас з’езда ад пісьменніцкіх арганізацый Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Калмыкіі і інш., дзесяць краін свету прыслалі сваіх прадстаўнікоў на пісьменніцкі форум у беларускую сталіцу.
Сёння Саюз пісьменнікаў Беларусі аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах 606 сяброў. З’езд сабраў дэлегатаў розных узростаў: ад юных літаратараў, якім толькі-толькі споўнілася дваццаць гадоў, і да старэйшыны, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які паспеў размяняць дзясяты дзясятак, Мікалая Іванова (дарэчы, менавіта яму было даверана ўнесці ў залу пасяджэнняў сцяг Саюза пісьменнікаў Беларусі).
У справаздачным дакладзе старшыні СПБ Мікалая Чаргінца была прааналізавана работа праўлення Саюза, пачынаючы з лістапада 2011 года, а таксама абласных суполак пісьменніцкай сябрыны. Напрыклад, у Брэсцкім аддзяленні СПБ было выдадзена за апошнія пяць гадоў каля сотні новых арыгінальных кніг, праве-дзена каля тысячы сустрэч з чытачамі, з’явіліся водгукі-агляды твораў берасцейцаў у “Маладосці”, “ЛіМе”, “Полымі”. Многія факты былі дапоўнены і ўдакладнены ў выступленні старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Анатоля Крэйдзіча.
У выступленні міністра інфармацыі Ліліі Ананіч гаварылася аб тым, што дзяржаўныя выдавецтвы друкуюць у год каля 22 мільёнаў асобнікаў кніг.
67 % “забіраюць” вучэбныя падручнікі, але нямала аддаецца і творам беларускіх аўтараў.
У апошнія пяць гадоў у сярэднім выдавалася 1500-2000 найменняў літаратурна-мастацкіх твораў, 10-12 кніг беларускіх пісьменнікаў друкаваліся пры поўнай дзяржаўнай падтрымцы. Захоўваецца тэндэнцыя выдання кніг на беларускай мове.
Калі яшчэ магчыма, як не на форуме, узняць праблемы, якія патрэбна вырашаць пісьменніцкай суполцы? І дэлегаты выказалі шэраг прэтэнзій і заўваг. У апошні год газета творчай інтэлігенцыі “Літаратура і Мастацтва” стала забываць пра рэгіёны, друкуючы найчасцей творы аўтараў, што жывуць і працуюць у сталіцы. Крытыка не паспявае за літаратурна-мастацкім працэсам, таму многія творы, і ў першую чаргу кнігі маладых аўтараў, не знахо-дзяць дастойнай ацэнкі.
Самым балючым аказалася пытанне фінансавання. Той часткі гадавых унёскаў, што застаюцца ў абласцях, яўна недастаткова для паездак па рэгіёне, каб сустрэцца з чытачамі, а таксама для матэрыяльнай дапамогі ў выпадку хваробы альбо нават смерці калегі. Адсутнічае зваротная сувязь з літаратурнымі перыядычнымі выданнямі і выдавецтвамі.
У ходзе работы былі ўнесены змяненні ў статут.
З’езд абраў праўленне грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і яго старшыню. Узначаліць пісьменніцкую сябрыну было зноў даверана вядомаму празаіку і дзяржаўнаму дзеячу Мікалаю Іванавічу Чаргінцу.
Расціслаў БЕНЗЯРУК, дэлегат з’езда.
На здымку: берасцейскія пісьменнікі Вячаслаў Бельцюкоў, Мікола Панасюк і аўтар гэтага допісу Расціслаў Бензярук.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro