“Жыву праблемамі людзей”

“Жыву праблемамі людзей”

Юрий Кадолич

19 сакавіка 2017 года споўніцца 15 гадоў, як Ленінскі сельвыканкам узначальвае Юрый Кадоліч. У гутарцы з карэспандэнтам раёнкі Юрый Данілавіч расказаў пра надзённыя справы сельсавета, агучыў існуючыя праблемы, акрэсліў задачы, якія найперш патрэбна вырашыць у бліжэйшым будучым.

– Юрый Данілавіч, давайце вернемся ў гісторыю. Калі ўзнік Ленінскі сельсавет, хто яго да вас узначальваў, папярэднікаў сваіх памятаеце?
– Я прыняў справы ад Сяргея Сцяпанавіча Шыка, да яго працавалі Георгій Іванавіч Раманюк, Канстанцін Іванавіч Казулька, Алег Пятровіч Якімук, дарэчы, ён першы старшыня. Рашэннем Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Ленінскі сельскі Савет утварыўся 21 студзеня 1971 года. Да яго быў Рагазнянскі, перайменаванне адбылося ў сувязі з узнікненнем пасёлка Ленінскі. У 1968 годзе пачалося ўзвядзенне торфабрыкетнага завода, з гэтым звязана будаўніцтва і першых чатырох дамоў-шматпавярховак жылога сектара, якія далі старт пасёлку. Ён быў названы Ленінскі, і сельсавет атрымаў аднайменную назву.
– З чаго вы пачыналі як старшыня сельвыканкама?
– Калі ў 2002 годзе прыйшоў на пасаду, у першую чаргу дабіўся таго, каб уключыць у штат ЖКГ дворнікаў для абслугоўвання тэрыторыі сельсавета. У выніку два былі замацаваны за Ленінскім, адзін – за санаторыем “Буг”. Ёсць тэрыторыі грамадскага карыстання, якія ні за кім не замацуеш – ні за арганізацыяй, ні за жылым домам, яна аўтаматычна пераходзіць ва ўладанне сельсавета. Пасля гэтага і пасёлак, і санаторый сталі выглядаць зусім па-іншаму. Мы пачалі ўстанаўліваць кантэйнерныя пляцоўкі для збору смецця. Наступным крокам стала высечка аварыйных дрэў, у прыватнасці, таполяў з вялікім дыяметрам ствала ўздоўж Ленінскай школы (ліквідавалі каля 30 такіх дрэў), уздоўж трасы М1 і жылога сектара пасёлка (пазбавіліся ад 50 такіх дрэў). Вялікую дапамогу ў гэтым аказалі работнікі ЖКГ. Цяпер гэта ўвайшло ў сістэму.
– Бачу, што адна з асноўных задач у вашай рабоце – добраўпарадкаванне тэрыторыі сельсавета?
– А як жа інакш? Чысціня павінна быць ідэальнай. Да нас едуць з краін СНД і далёкага замежжа, каб адпачыць у санаторыях “Буг” і “Надзея”. Міжнародны байкерскі злёт збірае штогод да 7 тысяч прыхільнікаў, гледачоў – да 4, дэлегацыі з Польшчы, ЗША, іншых краін наведваюць мемарыяльную капліцу ў Чыжэўшчыне, якая пабудавана ў памяць усіх воінаў, што загінулі ў Крупчыцкай бітве 1794 года. Апошнім часам прыязджаюць да нас і пастраляць у спортынг-клуб “Залаты фазан”, дзе праводзяцца спаборніцтвы па спартыўнай стральбе нават міжнароднага ўзроўню. Таму знешні выгляд тэрыторыі сельсавета – галоўная задача. Для гэтага наймаем аднаго-двух рабочых на дагаворнай аснове, якія круглае лета падкошваюць траву, высякаюць кустоўе, прыбіраюць упаўшыя (паваленыя) дрэвы. Сёння маем патрэбу ў большай колькасці кантэйнераў для асобнага збору смецця, а людзі патрабуюць устанавіць іх і ў вёсках, каб асобна выкідваць шкло, пластык і паперу: будзе другасная сыравіна і будзе чысціня.
– Юрый Данілавіч, калі гаварыць пра насельніцтва сельсавета, якая колькасць людзей працаздольнага, пажылога ўзросту і дзяцей тут пражывае?
– 2589 чалавек – насельніцтва ўсяго, 1468 – працаздольнага, 676 – пенсійнага, 445 – дапрацоўнага ўзросту. Шмат адзінокапражываючых грамадзян – 231 чалавек, яны патрабуюць асаблівай увагі, аб’язджаем іх камісіяй, куды ўваходзяць работнікі РАНС, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, іншых службаў, правяраем, напрыклад, на прадмет пажарабяспекі, бачым, у чым у іх ёсць патрэба, дапамагаем. Нагадваем таксама, каб былі пільнымі, зачынялі дзверы на замок, калі даглядаюць гаспадарку, бо, на жаль, ёсць выпадкі (і іх нямала), калі ў дамах такіх людзей здзяйсняюцца крадзяжы. Сёлета іх па сельсавеце 16. Злодзеі маскіруюцца пад сацыяльных работнікаў, гэта могуць быць і цыгане. Чаму такія сітуацыі ўзнікаюць? Лічу, што прычына – блізкасць населеных пунктаў да трасы М1. Часта назіраем, што адзінокі пажылы чалавек нікому не патрэбны, нават родзічам, і ён ва ўладзе бачыць сваю абарону і падтрымку. Рады нават ужо таму, што зайшлі да яго і ёсць з кім пагаварыць. Наведваю такіх людзей часта і сам, з камісіяй кожны раз не паедзеш. Вынікі такіх аб’ездаў наступныя: выпраўлена сітуацыя па электра- і пажарабяспецы. За апошнія два гады не паступала ніводнай заяўкі на рамонт пячнога ацяплення і электраправодкі. Кожны свой візіт, кожны сход грамадзян пачынаю са слоў: будзьце пільнымі! Нагадваю пра пажарабяспеку, каб правяралі прытопачныя лісты, сачылі за электраправодкай і калі што – сігналізавалі – дапаможам.
– У 2005 годзе пасёлак Ленінскі атрымаў статус аграгарадка. На што гэта паўплывала?
– У першую чаргу на развіццё інфраструктуры, на якое з раённага бюджэту былі выдзелены сродкі: больш за два мільярды недэнамінаваных рублёў. Была пракладзена новая цеплатраса, заменены водаправод, узведзены дахі ў шасці шматпавярхоўках. Пабудавалі новую аўтаномную кацельню і станцыю абезжалезвання. Гэта было зроблена літаральна за два гады.
– Як актыўна будуюцца сёння людзі на тэрыторыі Ленінскага сельсавета? Ці ёсць свабодныя ўчасткі? Ці практыкуеце аўкцыёны?
– Да 2010 года ў Ленінскім быў квартал забудовы на 43 участкі, але ні ў кога не было жадання іх браць. Калі ж з’явілася льготнае крэдытаванне пад 1 %, мясцовае насельніцтва разабрала іх за адзін год. На сённяшні дзень вольных участкаў у аграгарадку няма. Зараз мы прапаноўваем насельніцтву праекты ўшчыльнення па вёсках Філіпавічы, Рагозна, Ёжыкі, Хадасы, Бусні. Людзі бяруць гэтыя ўчасткі, але неахвотна, хочуць усе будавацца ў Ленінскім, пакуль такой магчымасці няма. На жаль, сёння з-за каранціну па сібірскай язве не запатрабаваны квартал забудовы ў Рагозне. З 50 участкаў толькі чатыры былі аддадзены ўладальнікам, на астатнія атрымалі забарону. Шкада, што і дакументацыя выраблена, і пэўныя затраты панесены, а ці знімецца каранцін – пытанне.
На 1 студзеня бягучага года колькасць сем’яў, якія стаяць на ўліку па месцы жыхарства і маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў – 132, да канца года гэтая лічба зменшылася і складае на сёння 128. Чатыры сям’і пабудавалі свае дамы. Сталі сёлета на ўлік на паляпшэнне жыллёвых умоў 9 сем’яў. Шматдзетныя атрымліваюць участкі пад будаўніцтва ў першую чаргу, вось нядаўна быў выдзелены Разінковым з Хадасоў. На сёння вядуць індывідуальнае будаўніцтва на тэрыторыі сельсавета 31 сям’я.
Рэалізуем участкі і на аўкцыёнах. Летась прадалі адзін, сёлета – два ў Філіпавічах. На наступныя аўкцыёны ёсць заяўкі і ад сваіх жыхароў. Рыхтуем дакументы на ўшчыльненне ў тых месцах, дзе стаяць пакінутыя дамы, запушчаныя. Людзі купляюць гэтыя ўчасткі, старыя пабудовы на іх ліквідуюць, тэрыторыю абгароджваюць, узводзяць новыя прыгожыя дамы. Вёска мяняецца на вачах, тым самым вырашаюцца экалагічныя і санітарныя праблемы.
Большасць населеных пунктаў нашага сельсавета газіфікаваны, гэтым яны і прывабліваюць. Чакаюць сваёй чаргі Ёжыкі і Шалухі.
– З якімі пытаннямі звяртаюцца да вас жыхары сельсавета на прыёмах і сходах грамадзян? Як часта яны праводзяцца?
– Прыём грамадзян ажыццяўляецца кожны месяц, сходы грамадзян – два разы на год па плане, летась правялі іх 43. Напрыклад, каб давесці інфармацыю па афрыканскай чуме і пажарнай бяспецы, людзей збіралі двойчы. Зачыняецца пошта, магазін, мяняецца графік аўталавак – зноў жа збіраем насельніцтва, раімся, без людзей не прымаем паспешных рашэнняў. Дзейнічаем так: наспела пытанне – вырашаем яго на сходзе, каб потым не атрымліваць скаргаў. Часта выязджаем у вёскі разам з работнікамі Ленінскага Дома культуры, урачом амбулаторыі, цырульнікам, участковым і робім дні сацыяльных паслуг. Абавязкова выступаю я, участковы адказвае на хвалюючыя пытанні, доктар мерае ціск, дае рэкамендацыі, цырульнік дорыць прыгожыя прычоскі, культработнікі падымаюць настрой жыхарам песнямі і вершамі. Такія сустрэчы і карысныя, і прыемныя.
Здаецца, у Ленінскі сельвыканкам больш зваротаў, чым у іншыя, таму што насельніцтва ў нас найбольш. Зусім нядаўна востра стаяла пытанне – як дабрацца да райцэнтра жыхарам аграгарадка, бо рэйсы мышчыцкага і кобрынскага аўтобусаў не задавальнялі патрэбы насельніцтва. Людзі прасілі прадоўжыць да Ленінскага федзькавіцкі маршрут, бо большасць з іх дабіраецца ў раённую бальніцу. Літаральна нядаўна праблема знялася. З 6 снежня тройчы на дзень ходзіць прыватнае маршрутнае таксі Жабінка – Буг.
Звяртаюцца з пытаннямі паляпшэння стану дарог. З 2005 года асфальтавага пакрыцця пакладзена нямнога, але пясчана-гравійнай сумессю закаталі 3,5 кіламетра ў Ленінскім па такіх вуліцах, як Рагазнянская, Новая, Саўгасная, 70 гадоў Кастрычніка, Камарова, Лясная. На гэтыя работы было затрачана 230 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, і праблема тады знялася. Цяпер жа людзі просяць асфальт, і яны маюць рацыю. Напрыклад, асфальтавае пакрыццё знасілася ля будынка сельсавета і патрабуе замены, каля 200 метраў зусім дрэннае. Пешаходныя прыдамовыя дарожкі патрэбна рамантаваць ля дамоў №№ 4, 6 па вуліцы Леніна, ля дома № 8 па вуліцы Касманаўтаў. Таму ў планах асфальтаванне пасёлка, па вёсках яно не будзе праводзіцца. Дарогі там своечасова падсыпаюцца пясчана-гравійнай сумессю і рэгулярна грэйдзіруюцца.
Звяртаюцца па вулічным асвятленні, калі патрэбна замяніць лямпачкі. Пытанне гэта адпрацавана, і скаргаў па ім не атрымлівалі тры гады.
Прыходзяць з пытаннямі наконт дроў. Наогул, раім клапаціцца пра іх загадзя, каб з наступленнем халадоў быць з палівам. Ідуць людзі, калі ёсць праблемы ў сям’і ці проста параіцца. Напрыклад, за колькі прадаць жыллё, з просьбаю завезці ў Жабінку. Прыходзяць па розныя даведкі, бывае ў дзень да 30 чалавек. Іх ветліва сустракае і абслугоўвае кіраўнік спраў Ірына Фёдараўна Ефімовіч – чалавек адказны, працалюбівы, не пойдзе дадому, пакуль не зробіць справы да канца, нягледзячы на тое, што працоўны дзень скончыўся. У штаце работнікаў сельвыканкама спецыяліст Кацярына Вітальеўна Галабародзька, галоўны бухгалтар Таццяна Аляксандраўна Сачэнка. Ва ўсім на іх можна пакласціся, вытрыманыя, добразычлівыя, умеюць працаваць з людзьмі – а гэта галоўнае ў нашай рабоце, бо сітуацыі розныя бываюць.
– Назавіце, Юрый Данілавіч, лепшых гаспадароў сельскага Савета, чые сядзібы адрозніваюцца ад іншых сваёй прыгажосцю, чысцінёй, утульнасцю і непаўторнасцю?
– Ёсць у нас такія гаспадары, на якіх патрэбна раўняцца, у каго і ў дамах, і ў дварах ідэальны парадак і чысціня. У Ёжыках – гэта Фёдар Яўціф’евіч Раманюк, у Рагозне – Галіна Іванаўна Скарнякова, у Буснях – Ганна Рыгораўна Зелянуха, у Багданах – Васіль Дзмітрыевіч Яшчук, у Чыжэўшчыне – Уладзімір Іванавіч Дудчанка, у Шалухах – Пётр Васільевіч Сахарэвіч, у Хадасах – Надзея Усцінаўна Данілюк. У кожнай вёсцы ёсць такія гаспадары. З тых, хто жыве ў Ленінскім, хочацца назваць Алену Пятроўну Пратасюк і Мікалая Іванавіча Мельнічука.
– Але ёсць на тэрыторыі сельсавета і запусцелыя дамы. Як гэтая праблема вырашаецца?
– Маем больш за 58 пустуючых дамоў па вёсках, дзе ніхто не пражывае. Намі ўзяты абяцанні і заяўленні родзічаў, што за імі будзе пэўны догляд, своечасовае абкошванне, каб яны не псавалі знешні выгляд населенага пункта, не кідаліся ў вочы. Але ёсць і такія сярод родзічаў-уласнікаў, якія забываюць пра сваю маёмасць і абяцанні. На такіх падаем у суд. Так, па рашэнні суда дом № 33 на Вульцы раскідалі і вывезлі. Сёлета сіламі родзічаў разабралі адзін у Мышчыцах, яшчэ адзін чакае сваёй чаргі, ніяк не можам прымусіць уладальнікаў, якія гавораць, што не маюць на гэта пэўнага тэхнічнага абсталявання. Самі не хочам затрачваць бюджэтныя сродкі на такія справы, ды й не маем пакуль права, бо справа павінна спачатку перадацца ў суд і толькі потым па яго рашэнні, калі атрымаем дазвол, будзем дзейнічаць. Са згоды родзічаў дазваляем жадаючым на такіх участках садзіць агароды, каб не рос бур’ян і не псаваў знешні выгляд вёскі. Шмат такіх дамоў у Багданах.
– Раскажыце, Юрый Данілавіч, пра сваіх першых памочнікаў – старастаў. Як арганізавана ваша сумесная работа?
– Усіх старастаў 11, у асноўным гэта жанчыны, якія, лічу, больш адказныя ў рабоце. Дапамога іх у першую чаргу ў тым, што яны адразу сігналізуюць нам у сельсавет наконт вельмі важных момантаў. Напрыклад, незнаёмыя падазроныя людзі або цыгане ходзяць па вуліцах вёскі. Мы адразу рэагуем. Старасты тэлефануюць па патрэбных пытаннях у пэўныя службы: тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, РАНС, паліклініку, ЖКГ, іншыя. Дапамагаюць, калі праходзяць выбары, тлумачаць аднавяскоўцам, калі пытанні тычацца падаткаў, афрыканскай чумы і многіх іншых. Абавязкова прысутнічаюць на пасяджэннях сельвыканкамаў. Таму ў курсе ўсіх прымаемых рашэнняў. Людзі ім давяраюць, іх кандыдатуры самі прапаноўваюць на сходах. У ліку лепшых старастаў, на мой погляд, Алена Пятроўна Пратасюк з Ленінскага, Уладзімір Іванавіч Горбач з Чыжэўшчыны, Людміла Паўлаўна Вайцюк з Філіпавічаў, Марыя Пятроўна Лучыц, якая стараста на дзве вёскі – Ёжыкі і Шалухі.
– Якая колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў мае сваю справу на тэрыторыі сельсавета?
– Больш за 20 індывідуальных прадпрымальнікаў па сельскім Савеце зарэгістраваны на цырульніцкую, швейную справы, на выраб фотаздымкаў, на паслугі аўтатранспарту і грузаперавозкі, продаж галантарэйных вырабаў, адзення, прадуктаў харчавання. Ёсць фермерскія гаспадаркі, з іх вылучаецца “Ацячызна Агра”, якая займаецца вырошчваннем гародніннай прадукцыі. Яе ўзначальвае Руслан Ігаравіч Папоў. Тэхналогіі вырошчвання ў гаспадарцы вельмі добра наладжаны, закуплена новая тэхніка, абсталяванне. Калі прыбытак ёсць, яго адразу ўкладваюць у набыццё тэхнікі. На рахунку “Ацячызны Агра” 10 гектараў зямлі. 25 гектараў узята ў арэнду іншымі прадпрымальнікамі (7 чалавек), якія займаюцца ў асноўным таксама вырошчваннем гародніны. Напрыклад, Дзмітрый Аляксандравіч Кузьмук мае зямлю ў Ёжыках, вырошчвае буякі. На збор ягад прыцягвае іншых людзей. Іван Пятровіч Кінчак другі год вырошчвае на Вульцы суніцы. Прысутнічае ў нас і агратурызм. На тэрыторыі сельсавета ёсць дзве аграсядзібы: адна ў Буснях, належыць Тамары Аляксееўне Валынчук, другая – у санаторыі “Буг”, яе ўладальнік Віталь Іосіфавіч Сус. Турыстычныя паслугі ажыццяўляе ТАА “Лясная гавань”. Гэта – парк-атэль, яго дырэктар Яўген Пятровіч Кірылюк. Ёсць ТАА “Залаты фазан”. Гэта спортынг-клуб, які ўзгадваў раней. Яго дырэктар Сяргей Іванавіч Ціцішкін.
– Юрый Данілавіч, вашы прыярытэтныя задачы ў рабоце?
– Давесці аграгарадок да нармальнага добраўпарадкаванага стану, каб быў парадак на прыдамовых тэрыторыях, каб радавалі вока прыгожыя клумбы, каб на іх цвілі кветкі. У планах абнавіць платы і агароджы, падфарбаваць, дзе патрэбна. Ажыццяўляць іх будзем сумесна з жыхарамі аграгарадка і тымі арганізацыямі, якія ёсць у нас на тэрыторыі сельсавета. Хачу, каб людзі больш актыўна прымалі ўдзел у добраўпарадкаванні сваіх прыдамовых тэрыторый, пад’ездаў, клумбаў і гаспадарчых пабудоў. Лічу, што калі трымаць на якасным узроўні сацыяльныя стандарты, то тады не будзе і скаргаў. Патрэбна сачыць, каб не дымела кацельня з-за таго, што прывезлі няякасныя апілкі для ацяплення, каб станцыя абезжалезвання не давала ў дамы ржавай вады. Жыву праблемамі людзей, імкнуся ім дапамагаць.
– Кожны дзень вы рашаеце шмат грамадскіх пытанняў, а чым займаецеся дома пасля працы?
– Ёсць хатняя гаспадарка. Па адукацыі жонка Ганна Іванаўна біёлаг, я аграном, таму займаемся інтэнсіўным раслінаводствам. Маю два гароды, ёсць цяпліца. Расліны патрабуюць не менш увагі і клопату, чым людзі. Вось прыйшоў час палоць, потым паліваць, а тут і падвязваць патрэбна, спраў шмат. 6 мая заўсёды ем свае агуркі, летась яны былі на стале на Першамай. Калі ёсць вольны час, стараемся падарожнічаць па краіне, Беларусь такая прыгожая, столькі славутых мясцінаў, дзе не бывалі, таму едзем у Мір, Нясвіж, Ліду, іншыя гарады. Перш трэба паглядзець сваю краіну, а потым ужо замежныя. Наведваем і дачок. Старэйшая Вольга жыве ў сталіцы, яна інжынер-тэхнолаг у адной беларуска-расійскай гандлёвай фірме, падаравала нам двух унукаў – Алінку і Уладзіка. Меншая Алена жыве ў Германіі. Спачатку скончыла лінгвістычны ўніверсітэт у сталіцы, потым Гейдэльбергскі ў Германіі, працягвае там жа вучобу ў магістратуры. Дочкі – наш гонар. Калі прыязджаюць у госці, разам бываем у Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы, здзіўляемся, як мяняюцца нашы берасцейскія славутасці, прыгажэюць, а седзячы дома гэтага не ўбачыш. Трэба часцей бываць у такіх мясцінах, у нас ёсць што паглядзець і што паказаць замежным гасцям.
– Дзякуй за размову!
Гутарыла Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro