Радаваць дзяцей смачнай і здаровай ежай

Радаваць дзяцей смачнай і здаровай ежай

ребенок кушает

Харчаванне дашкольнікаў і школьнікаў – пытанне сур’ёзнае. Іх здароўе і эфектыўнасць навучання напрамую звязаны з тым, ці своечасова хлопчыкі і дзяўчынкі прымаюць ежу, наколькі правільна складзены іх рацыён. Як улічыць інтарэсы дзяцей, забяспечыць іх якасным і адносна танным гарачым харчаваннем? Гэтыя і іншыя пытанні, што датычацца яго арганізацыі ва ўстановах адукацыі, мы задалі інжынеру-тэхнолагу аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іне Дарошка.

– Іна Адамаўна, забеспячэнне якасным харчаваннем дзяцей звязана з задачамі захавання здароўя нацыі, паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі і нацыянальнай бяспекі дзяржавы?
– Так, безумоўна. Гэтаму пытанню надаецца вялікая ўвага. Дзяржавай штогод вы-дзяляюцца значныя бюджэтныя сродкі на патанненне харчавання школьнікаў, вызваленне ад платы за яго (поўнасцю або часткова) дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў і іншым катэгорыям, якія маюць у гэтым патрэбу.
У раёне 2862 школьнікі, з іх 98 працэнтаў ахоплены гарачым харчаваннем (гэта вышэй за абласны паказчык). Вызвалены ад аплаты 520 вучняў усіх катэгорый. У групах падоўжанага дня 515 навучэнцаў харчуюцца двойчы. Сняданкі каштуюць ад 88 капеек да 1,05 рубля, абеды – ад 1 да 1,2 рубля.
У дашкольных дзіцячых установах гарачым харчаваннем ахоплены 100 працэнтаў выхаванцаў. Што датычыцца сумы аплаты, то для малышоў ясельнага ўзросту яна складае 1,78 рубля, для дзяцей 3-6 гадоў – 2,26 рубля, у санаторных групах – 3,35 рубля.
– Раскажыце пра асаблівасці арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі.
– У школах і дзіцячых садах раёна працуюць 43 повары. Яны стараюцца разнастайваць меню, радаваць дзяцей смачнай і здаровай ежай. Харчаванне арганізуецца на аснове прыкладных двухтыднёвых рацыёнаў, якія распрацоўваюцца з улікам фізіялагічных патрэб у асноўных харчовых рэчывах і энергіі, зацверджаных нормаў харчавання, дыферэнцыраваных па ўзросце навучэнцаў, з улікам сезоннасці (лета-восень, зіма-вясна), разнастайнасці і спалучэння харчовых прадуктаў, спосабаў іх кулінарнай апрацоўкі.
У пяці гарадскіх дашкольных дзіцячых установах, а таксама ў Ракітніцкім і Ленінскім яслях-садах дзейнічае электронная сістэма складання меню “Меню-раскладка”.
Хачу яшчэ раз нагадаць, што харчаванне дзяцей ва ўстановах адукацыі (і ў дамашніх умовах таксама!) павінна быць фізіялагічна паўнавартасным. У рацыёне – прадукты, багатыя бялком (малако і малочна-кіслыя, мяса, рыба, яйкі, арэхі), вітамінамі і мікраэлементамі (садавіна, гародніна). Не трэба забываць пра жывёльныя тлушчы і алеі, зерневыя прадукты, неабходныя для дзіцячага арганізма. Што выключыць? Газіраваныя напоі і чыпсы! І абмежаваць ужыванне саладосцяў. Гатуючы стравы, трэба аддаваць перавагу такім відам цеплавой апрацоўкі, як варэнне, тушэнне, запяканне і прыгатаванне на пары.
Увогуле, хацелася б падкрэсліць, што адна з самых галоўных задач сістэмы адукацыі – гэта выхаванне культуры харчавання, прывіццё звычкі здаровага харчавання. У гэтым пытанні вельмі вялікае значэнне адыгрываюць харчовыя традыцыі ў сям’і. І іх трэба таксама фарміраваць, а дзесьці і мяняць.
– Іна Адамаўна, важнае пытанне: хто са школьнікаў мае права на бясплатнае харчаванне?
У адпаведнасці з Палажэннем аб арганізацыі харчавання навучэнцаў, якія атрымліваюць агульную сярэднюю і спецыяльную адукацыю, бясплатнае аднаразовае харчаванне за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў прадастаўляецца вучням 1-4 класаў пачатковых, базавых і сярэдніх школ, гімназій, вучэбна-педагагічных комплексаў (акрамя вучняў 1 класаў, якія навучаюцца на базе ўстаноў дашкольнай адукацыі), а таксама вучням 5-11 класаў названых вышэй устаноў адукацыі і ліцэяў, што пражываюць у сельскіх населеных пунктах.
Двух- або трохразовым бясплатным харчаваннем (у залежнасці ад працягласці знаходжання ва ўстанове адукацыі) за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў забяспечваюцца навучэнцы школ, гімназій, ліцэяў з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, а таксама дзеці-інваліды, якія навучаюцца ў пачатковых, базавых, сярэдніх школах, гімназіях, ліцэях, вучэбна-педагагічных комплексах.
– На сёння арганізацыя якаснага харчавання немагчыма без сучаснай матэрыяльнай базы. Якая работа праводзіцца ў гэтым напрамку?
– Сапраўды, неабходнай умовай развіцця сістэмы якаснага харчавання з’яўляецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў харчавання ўстаноў адукацыі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Гэта і рамонты харчаблокаў, і набыццё сучаснага тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання.
У рамках праграмы развіцця вёскі былі праведзены бягучыя і капітальныя рамонты ўсіх харчаблокаў школьных і дашкольных устаноў раёна. Штогод абнаўляецца кухонны інвентар і сталовы посуд. На 2017 год запланавана правя-дзенне капітальнага рамонту харчаблока СШ № 3 Жабінкі, на чарзе харчаблок ясляў-сада № 5.
Ёсць істотныя зрухі і ў пытанні абнаўлення тэхналагічнага абсталявання. Сталовыя дашкольных устаноў адукацыі забяспечаны сучаснымі відамі высокапрадукцыйнага абсталявання, якое дазваляе гатаваць ежу з мінімальнымі стратамі пажыўных рэчываў (вітамінаў і мікраэлементаў). Ва ўсіх пяці гарадскіх дзіцячых садах устаноўлены параканвектаматы.
– Як забяспечваецца кантроль за арганізацыяй харчавання ва ўстановах адукацыі?
– Дзеля гэтага створаны саветы па харчаванні і бракеражныя камісіі. На раённым узроўні кантроль ажыццяўляецца работнікамі аддзела адукацыі і райЦГЭ.
Усе стравы праходзяць ведамасны лабараторны кантроль на каэфіцыент выканання каларыйнасці, утрыманне аскарбінавай кіслаты. Ажыццяўляецца таксама бактэрыялагічны кантроль посуду, інвентару і тэхналагічнага абсталявання.
Пільная ўвага ўдзяляецца павышэнню прафесійнай кампетэнтнасці работнікаў харчаблокаў. Праводзіцца пастаянная работа па прафесійнай падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў, якія працуюць у сістэме дзіцячага харчавання. Для павышэння ўзроўню санітарна-гігіенічнай культуры арганізаваны семінары, семінары-практыкумы для розных катэгорый работнікаў, у тым ліку па пытаннях захавання санітарна-гігіенічных і тэхналагічных патрабаванняў пры арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі.
– Іна Адамаўна, як ажыццяўляецца закупка прадуктаў харчавання ў школы і дзіцячыя сады раёна?
– Гэты працэс адбываецца згодна з Законам аб закупках. У снежні аб’яўляюцца электронныя аўкцыёны, і па іх выніках заключаюцца дагаворы на пастаўку прадуктаў харчавання. Яна ажыццяўляецца на працягу года. Прадукты дастаўляюцца спецыялізаваным транспартам (дзвюма ізатэрмічнымі ГАЗэлямі) па графіку цэнтралізаванага кальцавога завозу.
Падкрэсліваю, што ўсе прадукты маюць сертыфікаты, пасведчанні якасці, што пацвярджае бяспеку харчавання.
На мой погляд, было б нядрэнна, каб у раёне працаваў камбінат школьнага харчавання, які б выпускаў паўфабрыкаты высокай ступені гатоўнасці.
Ключавой задачай сёння з’яўляецца прыняцце мер, накіраваных на патанненне харчавання, зніжэнне вытворчых выдаткаў, а таксама прыцягненне дадатковых крыніц фінансавання, у тым ліку сродкаў бацькоў.
– І напрыканцы ваша самая галоўная парада як інжынера-тэхнолага, клапатлівай мамы і бабулі бацькам дашкольнікаў і школьнікаў.
– Не адпускайце дзяцей у садзік або школу без сняданка. Прыгатуйце кашу і гарачы напой: чай ці какаву. Калі малышы снедаюць каля 9 гадзін раніцы, то старшакласнікі атрымліваюць гарачыя сняданкі ў 11-12 гадзін дня. Уявіце, як гэта – засвойваць вялікія аб’ёмы ведаў на галодны страўнік. Паклапаціцеся пра здароўе вашых дзяцей, правільнае харчаванне – яго зарука.
– Дзякуй за размову!
Інтэрв’ю правяла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro