З сям’і жыццялюбаў

З сям’і жыццялюбаў

Марыя Сухарук

Марыя Фядосаўна Сухарук можа лічыць сябе багатай. Не, яна не мае вялікай нерухомай маёмасці і рахункаў у банку. Яна багатая на… гады. 12 снежня, калі верыць метрыкам, бабуля Марыя адзначыла свой 90-гадовы юбілей. На яе долю выпала нямала выпрабаванняў, перажыла жахі Вялікай Айчыннай вайны, страчвала родных і блізкіх. Чорныя дні змяняліся светлымі, радаснымі. І яна дасканала памятае, што адбывалася з ёю на доўгім жыццёвым шляху.
– Дзякаваць Богу, дзетачка, розум яшчэ маю, сама па хаце памаленьку тупаю, абыходжуся без дапамогі – нікому абузаю не хачу быць, – расказвае Марыя Фядосаўна. – Пражыла дзянёчак – і добра… Суседзі заходзяць, сын штодня ў мяне – паесці што прынясуць, навіны раскажуць. Цікава, што ў горадзе робіцца. А што ў свеце дзеецца – у тэлевізары пагляджу. Асабліва за навінамі ва Украіне сачу, бо адтуль родам. Вой-вой, бяда-бяда. Людочкі тое ж перажываюць, што і я некалі…
Марыя Фядосаўна ахвотна дзеліцца ўспамінамі са свайго дзяцінства, маладосці. Нарадзілася яна ў сяле Зарэчча ў Хмяльніцкай вобласці ў далёкім 1926 годзе. Усяго ў сям’і дзяцей было пяцёра. Добра памятае, як бацьку ў 1938 годзе рэпрэсіравалі (маці акурат нарадзіла Галюню). Цяжка было без татавых рук, таму старэйшыя дзеці ўсе дапамагалі, каб неяк выжыць. Добра вучылася, ды давялося школу ў 7-ым класе кінуць – зарабляць трэба было. Разам з маці на малатарні рупілася. Пад час Вялікай Айчыннай вайны ледзь не трапіла ў Германію на прымусовыя работы – добрыя людзі схавалі, таму і ўдалося застацца. З жахам узгадвае тыя некалькі тыдняў, якія яна правяла ў Луганскай турме. Марыя разам з такімі ж работніцамі вычышчала попел з печаў, дзе палілі палонных, перабірала іх асабістыя рэчы. Стогны і плач нявінна загінулых яна чуе праз многія гады… Ёй удалося збегчы адтуль разам з зямлячкай. Шлях дадому (пешшу!) заняў амаль тры месяцы. Без грошай, дакументаў, ежы яны на-
рэшце вярну-ліся ў родныя мясціны.
Як радавалася маці і малодшыя сёстры, якія ўжо аплаквалі Марыю, як нябожчыцу! Яна ўладкавалася ў сад, потым – санітаркай у мясцовую бальніцу. Жыццё пакрысе стала наладжвацца, а тут і рэабілітаваны бацька вярнуўся, які быў у ссылцы 10 гадоў.
Пакрысе сталі разлятацца з бацькоўскага гнязда дарослыя дзеці. Згулялі вяселле і Марыі. Муж Уладзімір уладкаваўся шафёрам, часта ездзіў у далёкія камандзіроўкі. Ягоная арганізацыя брала будаўнічыя аб’екты ў многіх гарадах, і жонка ўсюды ездзіла за ім – Кіеў, Луганск, Нароўля, Кобрын, Жабінка. На пастаянныя пераезды не скардзілася – што зробіш, такое жыццё. У 1964 годзе сям’я Сухарук нарэшце спынілася ў Жабінцы. Як аказалася – назаўсёды. Двум сыночкам – Славіку і Віцьку тут падабалася, яны займелі нямала школьных сяброў. Марыя Фядосаўна ўладкавалася на камбікормавы завод. Працавала тут грузчыцай (!), вартаўніком на прахадной, прыбіральшчыцай. Рупілася 13 гадоў, а на заслужаны адпачынак пайшла ў 60. З цеплынёй узгадвае бабуля гэтае месца працы: чулыя на заводзе працавалі людзі, ветлівыя, шчырыя. І нават зараз пра яе не забываюць, дасылаюць паштоўкі да святаў, спраўляюцца аб здароўі. Спадзяецца, што і з такім важкім юбілеем павіншуюць.
…90 гадоў – вялікі адрэзак часу. Марыя Фядосаўна кажа, што Бог дае ёй магчымасць цешыцца сынамі, унукамі Вовам, Дзянісам і Жэнікам, якія ўжо займелі свае сем’і. Ёсць ужо і праўнучкі – гадавалая Аліначка і немаўлятка Ева. Такая радасць для бабулі, калі маленькіх у яе хату прывязуць! Напаўняецца радасцю і святлом яе апусцелы дом.
– У чым жа сакрэт вашага даўгалецця? – не змагла не задаць гэтае пытанне Марыі Фядосаўне. Адказ быў просты:
– Трэба шмат працаваць, рухацца. А яшчэ – не нервавацца і не сварыцца. Любіць усе божыя стварэнні…
На развітанне Марыя Фядосаўна падзялілася сваёй марай: хацела б сабрацца з сёстрамі на свой юбілей. Усе яны (а самай “юнай” Галіне – 78 гадоў) прыязджалі да яе летась.
– Мы ж з сям’і жыццялюбаў…
Запісала Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*