Іх сэрцы не ведаюць стомы

Іх сэрцы не ведаюць стомы

IMG_9511

9 снежня ў кінатэатры “Юбілейны” сабраліся сябры ГА “Чарнобыль і дзеці” з нагоды 20-годдзя ўтварэння аб’яднання. На святочным мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады, устаноў і арганізацый Жабінкаўшчыны, замежныя госці, а таксама жыхары горада і раёна.

Вядучы юбілейнага мерапрыемства Аляксей Гарбацюк нагадаў, што ад буйнейшай тэхнагеннай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС нас аддзяляе 30 гадоў. У выніку яе найбольш пацярпелі Беларусь, Украіна і Расія. Гэтая трагедыя абярнулася і для людзей, і для краін цяжкім выпрабаваннем і жорсткім урокам. Рашэнне праблем, выкліканых наступствамі аварыі, стала важнейшай дзяржаўнай задачай суверэннай Беларусі. І вось у снежні 1996 года ў нашым раёне ініцыятыўнай групай перасяленцаў на чале са Святланай Грамыка было створана грамадскае аб’яднанне “Чарнобыль і дзеці”. Яно добраахвотнае. У яго аснове – аздараўленне дзяцей, што пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і аказанне гуманітарнай дапамогі сем’ям, якія перасяліліся ў наш раён з забруджаных зон Беларусі.
З 20-гадовым юбілеем павіншаваў сяброў грамадскага аб’яднання старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль IMG_9628Шалтанюк. Ён выказаў словы ўдзячнасці за работу па аздараўленні дзяцей і тую гуманітарную дапамогу, што дастаўлялася ў раён дзякуючы аб’яднанню. За гэту дзейнасць і з нагоды юбілейнай даты з дня свайго ўтварэння ГА “Чарнобыль і дзеці” было ўзнагароджана Ганаровай граматай Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта, якую і ўручыў Анатоль Вітальевіч.
Арганізацыя аздараўлення дзяцей – самае значнае дасягненне аб’яднання. Паспяховая рэалізацыя гэтай праграмы стала магчымай дзякуючы замежным партнёрам, якія гасцінна адчыняюць дзверы сваіх дамоў, аддаюць цеплыню сэрцаў маленькім грамадзянам нашай краіны.
У той дзень на свяце слова трымаў прэзідэнт бельгійскай дабрачыннай арганізацыі “Салідарнасць і надзея Чарнобыля” Жан П’ер Апельдорн. Ён узгадаў, як чатырнаццаць гадоў таму ўпершыню наведаў Жабінку і з таго часу двойчы на год з вялікім задавальненнем прыязджае да нас разам з сябрамі. Замежны госць падзякаваў камітэту ГА “Чарнобыль і дзеці” за сумесную работу, у выніку якой многія хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі аздаравіцца ў Бельгіі і многія сем’і – атрымаць гуманітарную дапамогу.
У ліку тых, хто меў магчымасць аздараўлення за мяжой, былі Яўген Булай і Валерый Прахаровіч. Яўген выязджаў у Бельгію, дзе знайшоў сяброў, пазнаёміўся са славутасцямі гэтай краіны і вывучыў французскую мову. Веданне яе хлопец прадэманстраваў пры выступленні, першая частка якога гучала па-руску, другая – па-французску і была адрасавана бельгійскім гасцям. Валерыю пашчасціла пабываць у Даніі і ў Ірландыі, з ірландскай сям’ёй у хлопца наладжаны добры кантакт і цяпер. Ён неаднаразова быў у іх у гасцях і прымаў сваіх замежных сяброў у сябе.
Галоўны ўрач Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Анатоль Лаўрукевіч выказаў ГА “Чарнобыль і дзеці” словы ўдзячнасці за шматгадовае ўзаемадзеянне. Такія ж словы гучалі ў адрас і бельгійскай арганізацыі, якая аказала дапамогу ў набыцці мэблі, у тым ліку і медыцынскай, для тэрапеўтычнага, дзіцячага і часткова прыёмнага аддзяленняў райбальніцы. Ён зазначыў, што тыя, хто займаюцца дабрачыннасцю, дастойны асаблівай павагі, гэта людзі з чулым сэрцам і шырокай душой. Анатоль Іванавіч уручыў Пісьмы падзякі ад Жабінкаўскай ЦРБ грамадскаму аб’яднанню “Чарнобыль і дзеці” і бельгійскай арганізацыі “Салідарнасць і надзея Чарнобыля” за тую шматгадовую дапамогу, якая аказваецца і нашым аб’яднаннем, і замежнымі партнёрамі людзям, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Пісьмы падзякі ў той дзень былі ўручаны ГА “Чарнобыль і дзеці” ад адміністрацый першай і другой гарадскіх школ. На працягу многіх гадоў гэтыя ўстановы атрымліваюць ад аб’яднання гуманітарную дапамогу, якая садзейнічае паляпшэнню іх матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.
Словы ўдзячнасці за шматгадовае супрацоўніцтва выказала прадстаўнік Жабінкаўскага раённага грамадскага аб’яднання інвалідаў Валянціна Качко, ад імя шматдзетных сем’яў – Таццяна Неваднічык са Старога Сяла.
Своеасаблівы вынік работы грамадскага аб’яднання за 20-гадовы перыяд яго існавання падвяла старшыня Іна Дарошка. Яна адзначыла, што са 188 сем’яў, якія трапілі на Жабін-каўшчыну ў выніку перасялення з забруджаных зон Беларусі, праз аб’яднанне прайшлі 142 сям’і. Аздараўленне дзяцей пачалося з 1997 года, калі васьмёра дзяўчатак-чацвёртакласніц паехалі ў Галандыю, затым былі Данія, Англія, Ірландыя, Бельгія. Камітэт арганізоўваў адпачынак дзяцей і ў нашай рэспубліцы: у Высокаўскай санаторнай школе, аздараўленчым лагеры “Жамчужына”, а таксама ў Адэскай вобласці. За час існавання аб’яднання аздаравіліся каля 500 дзяцей. Спынілася Іна Адамаўна і яшчэ на адным важным моманце ў дзейнасці аб’яднання – аказанні гуманітарнай дапамогі. У першую чаргу яе атрымліваюць сябры ГА “Чарнобыль і дзеці”, малазабяспечаныя і сацыяльна неабароненыя сем’і, інваліды, пенсіянеры, прадстаўнікі іншых грамадскіх арганізацый. За перыяд існавання аб’яднання гуманітарныя грузы накіроўваліся ў асноўным у бюджэтныя арганізацыі раёна: ва ўстановы адукацыі, культуры, аховы здароўя, а таксама ў Жабінкаўскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Старшыня аб’яднання павіншавала ўсіх сяброў ГА “Чарнобыль і дзеці” з яго 20-гадовым юбілеем, выказала словы ўдзячнасці тым, хто стаяў ля яго вытокаў. Падзякавала за сумесную работу цяперашняму камітэту, перакладчыкам Алене Дамасевіч і Юліі Дусь, замежным партнёрам, а таксама сем’ям аб’яднання, якія ў многім дапамагаюць
Упрыгожылі свята ўрачыстым лёгкім вальсам навучэнцы гарадскога ліцэя, а таксама сваім выступленнем – эстрадны танцавальны калектыў ГДК “Стардас” (кіраўнік Ірына Паўлава). Прачытаў уласны верш “Дзеці і горад” Вячаслаў Фядотаў. Музычныя падарункі дарылі прысутным Андрэй Вой-наш, Кацярына Лось, Настасся Калячка і вакальны ансамбль клуба цукровага завода “Карамелькі”.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымках: Пісьмо падзякі ад Жабінкаўскай ЦРБ атрымлівае Жан П’ер АПЕЛЬДОРН; камітэт ГА “Чарнобыль і дзеці” з бельгійскімі гасцямі.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top