Жабинка через призму сфрагистики

Жабинка через призму сфрагистики

Паважаны спадар рэдактар!
Гады са два таму ў Жабінкаўскай газеце было надрукавана маё даследаванне “Праз прызму сфрагістыкі”, дзе гаварылася аб пячатках Жабінкаўшчыны часоў польскай улады (1921-1939).
Прапаноўваю матэрыял аб іх іншага перыяду — часоў Вялікай Айчыннай вайны. Тым больш, што пячатак ваенных часоў наўрад ці ў якім раёне вобласці захавалася столькі, як у Жабінкаўскім.
З павагаю — Васіль Туміловіч.
Змрочны час фашысцкай акупацыі пакінуў дакументы з адбіткамі пячатак, якімі карысталіся нямецкія ўстановы на Жабінкаўшчыне. Такія паперы — цікавы і даволі спецыфічны аб’ект даследавання. Варта заўважыць, што падобных дакументаў захавалася вельмі мала, яны выключна рэдкія, бо адразу пасля выгнання фашыстаў насельніцтва знішчала іх як напамін аб жудаснай вайне.
Цікава, што надпіс на адной з іх сведчыць, што Жабінка — райцэнтр Брэст-Літоўскай(?) вобласі, другая ўказвае, што горад падпарадкаваны Валыні з абласным цэнтрам у Луцку. Паперы, на якіх прастаўлены пячаткі акупацыйных уладаў, таксама даюць блытаную інфармацыю аб статусе населенага пункта Жабінка і існуючым тады адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле.
Усе нямецкія пячаткі часоў акупацыі, адбіткі якіх давялося сустракаць, маюць цікавую асаблівасць: на іх выключна рэдка прастаўлены кропкі ў канцы слоў. Відаць, ашчадныя немцы і на гэтым эканомілі час пры іх вырабе. Ёсць яшчэ адна асаблівасць: у большасці з іх, вядомых аўтару гэтых радкоў, слова “Жабінка” напісана не па-нямецку, а па-польску.
Такім чынам, перад намі пячатка з яўнай памылкай: польскі надпіс чытаецца тут не як Жабінка, а як Забінка. Карыстаўся ёю не хто іншы, як раёншэф — асоба, што адказвала за збор падаткаў на сваёй тэрыторыі (так званым “раёне”). Мела яна яшчэ адну памылку, вельмі грубую: надпіс “Вобласць Брэст-Літ(оўск)” — па-нямецку. Заўважым, што горад меў гэтую назву толькі да канца 1921 года, і пад назваю Брэст-Літоўск ніколі не быў абласным цэнтрам. Адбітак гэтай пячаткі я сустрэў на квітанцыі ад 11.07.1943.
Але жабінкаўскі раёншэф меў яшчэ адну пячатку, на гэты раз “правільную”, без памылак у надпісах. Яна была меншага дыяметру (27 мм, а не 39 мм, як папярэдняя) і таксама двухмоўная — польска-нямецкая. Ёю карысталіся ў 1942 годзе, а магчыма, як і згаданай, раней, да канца вайны.
У раёне быў створаны “зернезборны пункт”. Установа мела круглую пячатку, вуглавы штамп. І на іх выкарыстанне ўкраінскай “дзяржаўнай” мовай было праігнаравана; тэкст выгравіраваны па-нямецку і па-польску. Ды і над адміністрацыйным статусам Жабінкі акупанты не доўга ламалі сабе галовы: Жабінка чамусьці тут абазначана не як райцэнтр, а як цэнтр гміны. А вось луцкая друкарня дзейнічала па сваёй інструкцыі: выпускала бланкі, дзе ўказвалася, што Жабінка — не інакш як горад, цэнтр раёна, а не гміны.
Наступны вуглавы штамп таксама мае самае непасрэднае дачыненне да зернезборнага пункта. Ім пазначана плацёжнае паведамленне, датаванае 1942 годам, якое абавязвала жыхара Курпіч здаць 100 кг сена і 20 кг саломы. Як бачым, “зернезборная кантора Валыні ў Луцку” з яе прадстаўніцтвам у Жабінцы збірала не толькі збожжа.
Не пакінулі немцы без увагі і рэлігійныя ўстановы: акупанты патрабавалі дзеючыя праваслаўныя цэрквы змяніць ранейшыя даваенныя пячаткі на новыя, з тэкстамі на “дзяржаўных” мовах. Трэба сказаць, што за гады вайны далёка не ўсе парафіі выканалі гэтае распараджэнне. Але ў сяхновіцкай царкве вырабілі і вуглавы штамп, і пячатку з надпісам на нямецкай і ўкраінскай мовах.
Тут слова “Жабінка” выгравіравана сапраўды па-нямецку, а не па-польску, як на ўсіх іншых пячатках, штампах, клішэ часоў акупацыі, адбіткі якіх захаваліся ў маёй калекцыі. Ужыванне ўкраінскай мовы тлумачыцца тым, што Жабінку акупанты адносілі да рэйхскамісарыяту “Україна”. З надпісаў на штампе і пячатцы вынікае, што парафія адносіцца да “грэка-праваслаўнай” (бо “руска-праваслаўная” — вельмі рэзала слых усім русафобам); падпарадкоўвалася Берасцейскай (не Брэсцкай!) епархіі. Дарэчы, згаданы штамп нельга лічыць штампам установы, ён настаяцельскі, а вось пячатка — сапраўды царкоўная.
Пры спагнанні падаткаў з насельніцтва акупанты выдавалі квітанцыю з нямецкім надпісам “Бэцальт”: гэты адбітак штампа перакладаецца як “атрымана”.
Каля Жабінкі, у Мышчыцах, быў пункт збору мяса. Аб гэтым нагадвае наступны адбітак штампа на “квітанцыі”, згодна з якой мясцовы селянін здаў карову, ацэненую ў 50 рэйхсмарак. Карову прыняў і выдаў распіску обэрляйтэр (старэйшы ва ўстанове — В.Т.), штампік і подпіс якога можна бачыць на той жа распісцы з 1943 года. Хутчэй за ўсё, здадзеная карова не пайшла на карысць рэйху, а стала ўласнай здабычаю махляра-обэрляйтэра, бо апошні выдаў селяніну не нумарную квітанцыю, бланк строгага ўліку, а распіску на маленькім кавалачку паперы, не ўказаў нават вагу жывёліны.
Як бачым, сфрагістыка — вывучэнне пячатак — можа значна пашырыць наша ўяўленне аб далёкіх гадах мінулай вайны.
В.ТУМІЛОВІЧ, краязнаўца.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top