Сагрэцца ці згарэць?

Сагрэцца ці згарэць?

печка

З надыходам халадоў пачынаецца зімовы пажаранебяспечны перыяд. Паводле статыстыкі найбольш лю-дзей гіне праз пажары зімою ў жылым сектары. Асноўная прычына загаранняў – чалавечы фактар.
Напрыклад, чым ніжэй падае слупок тэрмометра, тым часцей здараюцца пажары ў сельскай мясцовасці з прычыны “перекалу” печы. Даволі распаўсюджанымі з’яўляюцца таксама няспраўнасць прыбораў ацяплення і парушэнне правілаў топкі печаў. Кожны, хто карыстаецца імі, павінен сачыць за тым, каб печ была без расколін у муры, з дзверцамі, якія шчыльна зачыняюцца. Калі падлога перад топачнымі дзверцамі драўляная, трэба прыбіць на ёй металічны ліст памерам 50 х 70 см, які прымыкае большым бокам да печы.
Каб не загарэлася сажа ў комінах, неабходна чысціць іх не радзей за адзін раз у два месяцы. На гарышчах нельга ладзіць лежакі, захоўваць якія-небудзь матэрыялы, што лёгка загараюцца.
Ні ў якім разе нельга пакідаць растопленую печ без нагляду або даручаць яго малым дзецям. Вельмі небяспечна распальваць печ з дапамогай лёгказагаральных вадкасцяў. Выграбаць з печы попел і вуголле неабходна ў незагаральны посуд з крышкай, усталяваны на незагаральнай падстаўцы, або ў спецыяльную яму, размешчаную не бліжэй за 15 метраў ад будынкаў. І, канечне, абавязкова ў дамах павінны быць пажарныя апавяшчальнікі.
На жаль, зімовы пажаранебяспечны перыяд пачаўся з сумнай статыстыкі. Так, за мінулы тыдзень у Жабінкаўскім раёне адбыліся тры пажары. 29 лістапада ў аграгарадку Ракітніца загарэўся жылы драўляны дом, які належыць грамадзянцы Г. У выніку агнём пашкоджаны дах, перакрыццё і маёмасць у доме. Прычына пажару высвятляецца.
3 снежня ў вёсцы Падлессе адбылося загаранне ў жылым драўляным доме грамадзянкі Ф. Агонь знішчыў дах, перакрыццё, пашкодзіў “унутранасці” дома, маёмасць. Да прыбыцця падраздзяленняў МНС пенсіянер Б. выратаваў сужыцеля гаспадыні дома, інваліда 2-ой групы. Прычына пажару высвятляецца. Магчымая версія – парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў.
Праз два дні ізноў жа ў Падлессі адбыўся пажар у блокавай гаспадарчай пабудове, якая належыць вяскоўцу Х. У выніку агнём знішчаны дах, пашкоджана перакрыццё. Прычына высвятляецца.
На шчасце, на Жабінкаўшчыне абышлося без чалавечых ахвяр. А вось на Віцебшчыне паездка за горад кампаніі маладых людзей скончылася іх гібеллю. У вёсцы Кукавячына ў агні згарэлі адразу трое: дзяўчына і два хлопцы. Трагічны выпадак адбыўся 3 снежня раніцай. Разглядаецца некалькі версій: парушэнне правілаў эксплуатацыі печы, электрапрыбораў альбо неасцярожнасць пры курэнні. У цэлым па краіне з пачатку 2016 года ў агні загінулі амаль 500 чалавек.
Пік загаранняў штогод прыпадае на зімовы перыяд, таму калі пажар усё-такі здарыцца з якой-небудзь прычыны, то ў гэтым выпадку трэба зрабіць усё, каб не даць яму распаўсюдзіцца. Найперш паведаміць у службу МНС па тэлефоне 101, аказаць неабходную дапамогу людзям, якім пагражае небяспека, і пачаць тушыць агонь спадручнымі сродкамі.
Любоў ВАЙТОВІЧ, спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жабінкаўскага РАНС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro