Кожны ўрок – цікавае адкрыццё

Кожны ўрок – цікавае адкрыццё

юбилей

Першы настаўнік… Як многа звязана з ім у жыцці любога з нас! Ён павінен быць майстрам, чараўніком, які вядзе за сабой дзетак па цяжкай дарозе ведаў, выхоўвае ў кожным з іх чалавека. Менавіта гэтым напоўнена ўся педагагічная дзейнасць Тамары Васільеўны Войнаш – паважанага чалавека, настаўніка-майстра. Амаль тры дзясяткі гадоў усе свае сілы яна аддае любімай працы. Галоўнае ў яе дзейнасці – незвычайна добрыя, мацярынскія адносіны да выхаванцаў. Яна не толькі навучае, але й жыве адным жыццём з усімі вучнямі. І невыпадкова менавіта да яе ідуць па параду і дапамогу бацькі, былыя вучні.
Тамара Васільеўна шмат гадоў адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў у першай гарадской школе. Яна навучала, выхоўвала не адно пакаленне дзяцей. Цяпер усе яны ўдзячныя свайму першаму настаўніку за атрыманыя веды і набыты вопыт, за яе чулае і зычлівае сэрца.
Дзеці былі розныя: дапытлівыя, няўрымслівыя, выхаваныя, вясёлыя, ініцыятыўныя. Такіх тэхнічных сродкаў навучання, як цяпер, некалі ў школах не было. А так як Тамара Васільеўна была надзелена вялізным жаданнем рабіць усё на выдатна, то наглядныя дапаможнікі, стэнды, дадатковыя матэрыялы стварала ўласнымі рукамі, а класныя мерапрыемствы рыхтавала разам з дзеткамі, і яны заўсёды праходзілі цікава, весела.
З 2004 года педагог працавала намеснікам дырэктара цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Высокі прафесіяналізм, імкненне да ўдасканалення педагагічнага майстэрства, адказнасць за вынікі сваёй працы былі характэрныя для яе як кіраўніка.
Любоў да дзяцей для Тамары Васільеўны вышэй за ўсё. Таму яна вярнулася ў нашу школу і працягвае працаваць настаўнікам-дэфектолагам. Гэта цяжкая справа. Але калі назіраеш за працай Тамары Васільеўны, то здаецца, што простая. Дэфектолаг заўсёды дзейнічае, працуе захоплена, упэўнена, натуральна і свабодна; нібыта гэта не вымагае ў яе вялікіх высілкаў, а адбываецца само па сабе. Але такая лёгкасць сведчыць толькі пра адно – яе высокі прафесіяналізм.
Кожны ўрок, праведзены Тамарай Васільеўнай, – цікавае адкрыццё. Усё на ім прадумана да дробязяў, адно заданне змяняецца іншым, кожнае патрабуе ад дзяцей не проста механічнага выканання, а прымушае думаць, параўноўваць, супастаўляць, рабіць абагульненні і вывады. У класе пануе добры псіхалагічны мікраклімат. З самага першага школьнага дня педагог выхоўвае ў сваіх вучнях павагу да працы, сумленнасць і чалавечую годнасць, патрэбу ў ведах, уменне і жаданне самастойна спраўляцца з цяжкасцямі, даводзіць пачатую справу да завяршальнага ладу.
Тамара Васільеўна Войнаш дзеліцца назапашаным вопытам з калегамі, выступае на пасяджэннях настаўнікаў-дэфектолагаў, канферэнцыях, семінарах, педагагічных саветах, дае адкрытыя ўрокі майстэрства. Яна пастаянна адшуквае ў навінках метадычнай літаратуры, у газетах, часопісах і інтэрнэце адказы на свае бясконцыя пытанні.
У педагога-дэфектолага не толькі чулае сэрца, але і рукі майстра і рупліўцы. На працягу многіх гадоў яна вядзе гурток вышывання для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Кожны хлопчык ці дзяўчынка для Тамары Васільеўны індывідуальнасць. Яе настаўніцкае сэрца ніколі не губляе веры ў магчымасці дзіцяці і ў свае – наставіць яго на праўдзівы шлях. Вышыванкі яе вучняў неаднойчы ўдзельнічалі ў выставах у раёне, вобласці, займалі прызавыя месцы. Яна здольная напоўніць усё вакол любоўю і радасцю.
Далейшых творчых поспехаў, удзячных вучняў і моцнага здароўя вам, Тамара Васільеўна.
Ірына ПАНФІЛА, старшыня прафкама ДУА “СШ № 1 г. Жабінка”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro