І на дзіцячыя плечы лёг цяжар вайны

І на дзіцячыя плечы лёг цяжар вайны

вайна

“Усё далей і далей ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Зямля загаіла свае раны, але ў сэрцах лю-дзей, у памяці народа яны жывыя. Дзяцінства і юнацтва – самыя светлыя і шчаслівыя перыяды жыцця кожнага чалавека. Яны не павінны азмрочвацца выбухамі, пастаянным страхам за жыццё сваё і блізкіх людзей. Ці могуць сумяшчацца такія паняцці, як дзеці і вайна?” Так пачала сваё выступленне навучэнка 11 “А” класа гарадскога ліцэя Маргарыта Касцюкова на ХІІІ раённай навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”.
Маргарыта пазнаёміла з вынікамі працы навучэнцаў 10-11 класаў ліцэя над праектам “Юныя сведкі вайны: гісторыя ад першай асобы”, які стартаваў 2 сакавіка бягучага года. Ён праводзіўся сумесна з Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеем і меў на мэце збор успамінаў дзяцей вайны.
На першапачатковым этапе праекта быў арганізаваны шэраг краязнаўчых экспедыцый. Пад час адной з іх, якая праходзіла па маршруце Жабінка – Малыя Сяхновічы – Вялікія Сяхновічы – Драмлёва, яе ўдзельнікі сустрэліся з дзецьмі-вязнямі Ганнай Дзмітрыеўнай Пятручык, Зінаідай Маркаўнай Баярчук і Еўдакіяй Пятроўнай Мядзведзь.
Наступная экспедыцыя была арганізавана ў старасельскі край. Тут удзельнікам праекта пашчасціла сустрэцца з сувязным партызанскага атрада імя Міхаіла Чарнака Іванам Аляксандравічам Алексіевічам, якога без перабольшвання можна назваць жывой легендай.
Незабыўныя ўражанні пакінула сустрэча з сябрамі клуба “Суразмоўнік” і ўспаміны Зоі Мікалаеўны Яроцкай, Веры Іванаўны Вайцюк, Ганны Пракопаўны Давыдоўскай, Яўгеніі Васільеўны Сасноўскай, Раісы Міхайлаўны Маргевіч пра ваеннае ліхалецце.
На прапанову паўдзельнічаць у праекце, якая была апублікавана ў раёнцы, адгукнуліся жыхары Жабінкаўшчыны. Сярод іх Еўдакія Дзяменцьеўна Андрасюк, Рыгор Уласавіч і Фёкла Міхайлаўна Дыдзікі, якія перажылі вайну ў Кардах, былі сведкамі руху мясцовых камсамольцаў-падпольшчыкаў, трагедыі Драмлёва, жахаў акупацыйнага рэжыму. Будучы дзецьмі, яны працавалі нароўні з дарослымі. Сведкамі трагедый “вогненных вёсак” на Гомельшчыне і Міншчыне сталі Надзея Барысаўна Шастак і Зінаіда Рыгораўна Карабан.
Цудам засталася ў жывых жыхарка Азятаў Марыя Міхайлаўна Грыцук. Немцы хадзілі па вёсцы і стралялі па людзях. Ад шалёнай кулі яе выратавала бабуля.
Пражылі ўсю акупацыю на тэрыторыі раёна Данута Іосіфаўна Мяцечка, Марыя Гаўрылаўна Сарока, Ніна Мікалаеўна Карпук. На іх дзіцячыя плечы лёг цяжар ваеннага часу.
З кожным годам меншае колькасць ветэранаў – франтавых байцоў і партызан. Але жывуць побач з намі дзеці ваенных гадоў, чые ўспаміны такія ж важныя і каштоўныя, як расповеды іх бацькоў. Асабліва цяпер, ва ўмовах, калі спробы перапісаць гісторыю Перамогі сталі частай з’явай.
Удзельнікам праекта ўдалося сабраць успаміны 19 юных сведкаў вайны, а таксама поўны варыянт дакументальнага і фотаздымачнага матэрыялу. Дадзеныя звесткі сабраны ў асобны альбом, які атрымаў такую ж назву, як і праект: “Юныя сведкі вайны: гісторыя ад першай асобы”. Ужо пад час яго афармлення паступілі чарговыя заяўкі на ўдзел у праекце, таму сабраныя новыя ўспаміны падштурхнулі нас да прыняцця рашэння прадоўжыць праект.
Выступленне Маргарыты Касцюковай выклікала цікавасць не толькі ў журы, але і ва ўдзельнікаў канферэнцыі. Не засталіся абыякавымі да лёсу праекта і сябры клуба “Суразмоўнік”, якія ў той дзень прыйшлі падтрымаць і выступоўцу, і астатніх навучэнцаў.
Дадзены праект заяўлены на ўдзел у конкурсе “100 ідэй для Беларусі” і будзе прапанаваны супрацоўнікам музеяў краіны ў сталіцы.
Ад свайго імя хочам выказаць праз газету словы ўдзячнасці ўсім, хто прыняў удзел у праекце, у гэтай важнай і значнай грамадскай справе – захаванні памяці аб вайне.
Эліна ЧАРНЕЦКАЯ, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гарадскога ліцэя, Жанна ПАДРУБНАЯ, дырэктар Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея – кіраўнікі праекта.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro