Розныя дзеці жывуць на планеце…

Розныя дзеці жывуць на планеце…

IMG_9300

Увагу ўсіх тых, хто завітаў у мінулую пятніцу на інклюзіўны фестываль “Адной планеты дзеці”, прымеркаваны да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь, прываблівала выстава вырабаў дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Жабінкаўшчыны і раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “У чаканні цуда Раства”, арганізаваная ў фае ГДК. Вышыванкі і выцінанкі, мяккія цацкі і прыгожыя малюнкі, вырабы з саломкі і газетных трубачак здзіўлялі незвычайнай прыгажосцю, здавалася, ад іх ідзе цяпло дзіцячых рук.
Фестываль, які ўжо другі год запар ладзіўся цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Жабінкаўскага раёна напярэдадні 3 снежня, сабраў на сцэне і ў глядзельнай зале гарадскога Дома культуры дзяцей адной планеты: здаровых і хворых, звычайных і “асаблівых”. Ён нездарма быў IMG_9142названы інклюзіўным, таму што закліканы садзейнічаць уключэнню, інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў грамадскае жыццё, дапамагчы ім зразумець, што яны такія ж, як усе, толькі крышачку асаблівыя. Яны маюць права вучыцца і развівацца, сябраваць і кахаць, многія ўмеюць маляваць, спяваць і танцаваць.
Свае творчыя здольнасці выхаванцы Жабінкаўскага і Столінскага раённых цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі яскрава прадэманстравалі ў танцавальных, песенных і тэатральных нумарах. Столінскія хлопчыкі і дзяўчынкі з тэатра “Свежы вецер”, які дзейнічае пры іх установе, завіталі на Жабінкаўшчыну ўпершыню. IMG_9136Яны дыпламанты міжнародных фестываляў, што праходзілі ў Германіі, Польшчы, Украіне, Азербай-джане, Літве. Іх эцюд “Сіла прыроды” прадэманстраваў: калі аджывае адно пакаленне – на яго месца прыходзіць новае, маладое (маланка спаліла стары дуб, а побач выраслі з жалудоў маладыя дубочкі).
Сонечны, радасны настрой падарыла гледачам і выступленне педагогаў і навучэнцаў выпускнога класа ЦКРНіР Жабінкаўскага раёна. Іх музычная кампазіцыя “Летнім днём” адразу “запаліла” залу. Да слёз крануў усіх Арцём Шуст, які выканаў песню “Аблокі”.
Юных талентаў у той дзень на сцэне было не злічыць, як і зорак на небе. Прывітальную і фінальную песні падарыла прысутным госця з Брэста – навучэнка Музычнай акадэміі Ігара Крутога Ангеліна Піпер у суправаджэнні танцавальнага гурту “АРТ-ПІПЕР”. Парадавалі гледачоў і выступленні калектыву раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлкавы мікс”, выхаванцаў ясляў-садоў № 2 і № 5 Жабінкі, навучэнцаў першай гарадской сярэдняй школы. Незвычайна выканалі патрыятычную песню “Вечная памяць” у стылі рэп-дэнс дыпламанты рэспубліканскага фестывалю “Вясёлкавы карагод” навучэнцы Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Яўген Гараднічук і Георгій Карпук разам з вучаніцай Ракітніцкай сярэдняй школы Валянцінай Кайзер.
Апладысменты, увага і захапленне адрасаваліся ў гэты дзень менавіта дзецям. Усе яны такія розныя, але ў час мерапрыемства былі разам, адным цэлым. Са словамі віншавання да віноўнікаў свята звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі.
– Жыццё – самае каштоўнае, што ёсць у чалавека, і кожны пражывае яго па-свойму, – сказаў Дзмітрый Мікалаевіч. – Хтосьці ідзе па жыцці лёгка, а нехта ад нараджэння сутыкаецца з цяжкасцямі і выпрабаваннямі. Каб іх пераадолець, трэба валодаць вялікай сілай волі, незвычайнай сілай духу і мужнасцю. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі надзелены гэтымі якасцямі. Яны і іх родныя ведаюць цану жыцця і годна спраўляюцца з выпрабаваннямі, якія дасылае лёс. Нам неабходна вучыцца ў іх і не забываць дапамагаць тым, каму патрэбна падтрымка, увага і клопат.
У пацвярджэнне гэтых слоў кіраўнік раёна ўручыў дырэктару ЦКРНіР Кацярыне Лугаўской сертыфікат на набыццё пяці інвалідных крэслаў для ўстановы.
Дзмітрый Мікалаевіч прывітаў таксама ганаровых гасцей раёна і вобласці і пажадаў усім прысутным, каб спадарожнікамі іх былі мір, дабро, надзея, вера і любоў.
Да гэтых пажаданняў далучыўся і дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцель Свята-Пакроўскага храма, протаіерэй Сергій Петрусевіч. З хваляваннем у голасе ён сказаў:
– Пакуль чалавек адчувае боль, ён жывы, пакуль чалавек адчувае чужы боль, ён чалавек. “Божыя людзі”, як іх называлі на Русі, дораць нам магчымасць растапіць холад нашых сэрцаў, вучаць не ўпадаць у адчай. Усе на Зямлі хочуць быць шчаслівымі, а гэта магчыма, калі будзе шчаслівым той, хто побач.
На пытанне, што ж такое шчасце, адказалі выхаванцы ясляў-сада № 5 Жабінкі з дапамогай прытчы “Анёл і дзіця”. Нікога ў зале не пакінуў абыякавым і іх танец пад песню “Алілуя”.
Напрыканцы свята дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Кацярына Лугаўская расказала, што ў раённым банку дадзеных 414 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якім патрэбна карэкцыйна-педагагічная дапамога. Кацярына Сяргееўна падзякавала ўсім, хто прыйшоў на мерапрыемства, за ўвагу і неабыякавасць да праблем “асаблівых” выхаванцаў. Словы ўдзячнасці яна адрасавала раённаму выканаўчаму камітэту, аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённаму аддзелу Следчага камітэта, Жабінкаўскаму аддзелу Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтву ЦБП № 109 філіяла № 100 Брэсцкага абласнога ўпраўлення ААТ “ААБ Беларусбанк”, фермерскай гаспадарцы “Бярозка” і іншым арганізацыям, установам і прадпрыемствам, якія пастаянна падтрымліваюць выхаванцаў цэнтра.
Так, падтрымка і апора патрэбны ўсім людзям без выключэння. Але асабліва яна неабходная людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Адстойваць свае інтарэсы, даказваць, што ты многае можаш, умееш, нашмат лягчэй, калі побач аднадумцы, бацькі і настаўнікі. Вядучыя раённага фестывалю “Адной планеты дзеці” Сяргей Макарук і Алена Губіюк выказалі словы падзякі мамам і татам, бабулям і дзядулям, а таксама педагогам, якія працуюць у спецыялізаваных установах, за іх цярпенне, мужнасць, веру і любоў. І пажадалі сонца ў душы і моцнага здароўя – і дарослым, і дзецям.
Пасля канцэрта ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прынялі ўдзел у фестывалі, атрымалі салодкія падарункі, лісты падзякі і сувеніры ад раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” і фермерскай гаспадаркі “Бярозка”.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro