Подарите детям книгу!

Подарите детям книгу!

Фонд раённай дзіцячай бібліятэкі складаецца зараз больш чым з 21 тысячы кніг, перыядычных выданняў, дыяфільмаў і іншых крыніц інфармацыі. 15,5 тысячы асобнікаў займаюць у агульным яго аб’ёме ўласна кнігі, што не так і мала на дзве (з невялікім “мінусам”) тысячы пастаянных чытачоў. Аднак паступленні літаратуры ў апошнія гады прыкметна змяншаюцца. У 2008 годзе кніг у разліку на аднаго чытача мы атрымалі 0,5 адзінкі, у 2009-м — 0,4, летась — 0,3.
Фонд папаўняецца ў асноўным за кошт так званай сацыяльна значнай літаратуры, пра што клапоціцца дзяржава, а вось літаратуры навукова-папулярнай, займальнай, ды і праграмнай, асабліва для малых дзетак, недастаткова. Да таго ж кнігі, як і ўсё на свеце, фізічна старэюць і калі не спісваюцца ў макулатуру, дык страчваюць эстэтычны, вабны для дзяцей выгляд. У век камп’ютарных тэхналогій мяняецца і чытач, у тым ліку юны. Ён сёння больш патрабавальны. Вядома, дзеці бяруць і клееныя-пераклееныя кнігі М.Носава і В.Драгунскага, С.Маршака і С.Міхалкова, Я.Маўра і Р.Барадуліна… Але ж яны разам з бацькамі бачаць у крамах новенькія, прыгожа аформленыя кніжкі, і ім хочацца, каб такія ж былі і на паліцах у дзіцячай бібліятэцы.
Сёння нам цяжка абысціся без падтрымкі дарослых, таму амаль кожны год аб’яўляем акцыю “Дар” з надзеяй на добрыя сэрцы гараджан і вяскоўцаў. І яны адгукаюцца, “чысцяць” паліцы ўласных бібліятэк або ахвяруюць грошы. Так, летась у ходзе акцыі мы атрымалі ад насельніцтва 44 кніжныя асобнікі.
Сярод дзейсных нашых сяброў — працоўныя калектывы, індывідуальныя прадпрымальнікі, проста аматары літаратуры: СП “Каспол” (кіраўнік П.А.Антановіч), ДРБУ-103 (У.М.Свірыдаў), ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” (В.К.Волк), ПП “Севаш-Транс” (В.М.Шурубейка), Свята-Пакроўская царква (святар С.А.Петрусевіч), Т.Г.Паплаўская, Р.А.Сарока, Г.П.Кузнец і іншыя, каму работнікі і чытачы бібліятэкі шчыра ўдзячныя.
Раённая дзіцячая бібліятэка праводзіць мноства самых разнастайных мерапрыемстваў, запланаваных і звышпланавых, стварае студыі і гурткі, і ўсё ж ідуць сюды перш за ўсё па яе вялікасць Кнігу, незаменную крыніцу ведаў, духоўнага ўзбагачэння і душэўнай асалоды. Таму і сёлета аб’яўляецца дабрачынная акцыя “Дар”, у якой вы, паважаныя спадары і спадарыні, можаце прыняць чынны ўдзел і падарыць дзіцячай бібліятэцы новыя цікавыя кнігі. Прадпрыемствы, арганізацыі могуць падтрымаць бібліятэку фінансава — пералічыць грашовыя сродкі на разліковы рахунак №3632280400043 у аддзяленні 402 ААТ “Белінвестбанк”, г.Жабінка, вул.Свабоды, д.6 А. Код банка 823, УНП 200245746.
Займальных, карысных і прыгожых кніжак для чытачоў чакаем непасрэдна ў бібліятэцы: вул.Савецкая, д.3, тэл.2-17-84.
Г.ХАНДРЫКА, намеснік дырэктара ЦБС па рабоце з дзецьмі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top