новостиАтэстацыя –
дзеля эфектыўнасці і якасці

На ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” штогод праводзіцца атэстацыя кіруючых работнікаў і спецыялістаў з мэтай павышэння эфектыўнасці работы вытворчых падраздзяленняў. Прадугледжваецца такое мерапрыемства паводле плана работы з персаналам. Загадам дырэктара завода ствараецца атэстацыйная камісія, якую ўзначальвае кіраўнік калектыву Васіль Канстанцінавіч Волк.
На кожнага з атэстуемых рыхтуецца характарыстыка, разглядаецца выкананне ім вытворчых абавязкаў згодна з кіруючымі і рабочымі інструкцыямі, выслухоўваюцца іх прапановы, накіраваныя на паляпшэнне ўмоў і ахову працы, жаданні прайсці курсы павышэння кваліфікацыі. Паводле вынікаў атэстацыі прысуджаюцца адпаведныя катэгорыі і разрады, ад якіх залежыць заробак работніка. Сёлета ў лістападзе ў ёй удзельнічалі 52 працаўнікі: 32 спецыялісты і 20 кіраўнікоў падраздзяленняў.

За рулём і нападпітку

За 11 месяцаў бягучага года на тэрыторыі вобласці адбылося 407 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 60 чалавек загінулі, 420 атрымалі раненні, 49 ДТЗ здарылася па віне нецвярозых кіроўцаў. Усяго за гэты перыяд на Брэстчыне затрымана 2836 вадзіцеляў, якія кіравалі транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення.
На тэрыторыі нашага раёна за гэты ж час адбылося 7 дарожна-транспартных здарэнняў, у выніку якіх адзін чалавек загінуў, сямёра атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці, адно ДТЗ здзейснена па віне нецвярозых вадзіцеляў. Таксама выяўлены 7189 выпадкаў парушэнняў Правілаў дарожнага руху, 1945 – хуткасных рэжымаў, 555 – парушэнняў ПДР пешаходамі і веласіпедыстамі, затрыманы 68 кіроўцаў, якія былі за рулём нападпітку.

Хто за здаровы лад жыцця?

Здароўе – гэта самае каштоўнае, што ёсць у чалавека. Прапагандай здаровага ладу жыцця займаюцца ва ўсіх калектывах Жабінкаўшчыны, у тым ліку і ў Сцяпанкаўскай бібліятэцы.
– Мы праводзім прафілактыку шкодных звычак, прапагандуем актыўнасць і даўгалецце чалавека, – расказала бібліятэкар Сцяпанкаўскай бібліятэкі Ірына Самасюк. – Дапамагаюць у гэтым кнігі, часопісы і наш мясцовы фельчар Ала Віктараўна Юзвік, заўсёды актыўная, гатовая данесці неабходную інфармацыю наведвальнікам нашай установы. Разам з мастацкім кіраўніком Дома культуры Вячаславам Іванюковічам і мясцовым фельчарам да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам правялі інфармацыйную гадзіну “Аб чым сігнал трывогі”. Вучні старэйшых класаў даведаліся, як даўно з’явіўся СНІД, а Ала Віктараўна паведаміла пра шляхі заражэння ім, як ВІЧ не перадаецца і стандартныя спосабы выяўлення інфекцыі, прынесла буклеты па тэме. Вучні адказвалі на пытанні віктарыны “Што мы ведаем пра СНІД?”. Жадаючыя таксама ўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў “Мы за здаровы лад жыцця. А вы?”.

Свята без дыму

Стартавала рэспубліканская акцыя Міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі “Бяспечны Новы год!”. МНС нагадвае, што нават у час святочнага вяселля не трэба забываць пра бяспеку. Як сустрэнеш Новы год, так яго і правядзеш. І апынуцца ў бальніцы праз петарду або выклікаць пажарных на тушэнне дома, які ўспыхне ад бенгальскіх агнёў, нікому не хочацца. Акцыя прадоўжыцца да 30 снежня. Бяспечнага ўсім Новага года!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro