Гісторыя выратавання

Гісторыя выратавання

Владимир Бобрик

Брэсцкі пенсіянер Уладзімір Бобрык не мог нават падумаць, што тая ветраная, марозная раніца 3 снежня зробіць яго героем, праславіць на ўсю рэспубліку.

Уладзімір Сцяпанавіч з пляменнікам Мікалаем Бобрыкам прыехалі да родных у Падлессе нашага раёна і вырашылі заадно наведаць магілы блізкіх на пагосце ў Хмелеве. На зваротным шляху, калі заехалі ў вёску, заўважылі, што крайняя хата з боку Дзяменічаў “дыміцца”. Яны спынілі каля яе машыну і хацелі выклікаць пажарных. Але высветлілася, што пляменнік пакінуў мабільнік дома. Мікалай кінуўся да бліжэйшых дамоў у пошуках тэлефона, а Уладзімір Сцяпанавіч рушыў да хаты, у вокнах якой “скакалі” водблескі полымя.
– Дзверы былі зачыненыя, – расказвае пенсіянер. – Побач з домам убачыў газавую скрыню з балонам, падумаў: “Каб толькі не ўзарваўся”. Абабег вакол хаты і ў адным з вокнаў сярод дыму ўбачыў на падаконніку чалавечыя рукі. Той, хто знаходзіўся ўнутры (а тады я яшчэ не ведаў, што ён інвалід 2-ой групы пасля перанесенага інсульту), стаяў на каленях. Ён змог адчыніць ніжнюю засаўку, а да верхняй не дацягнуўся. Я з сілай штурхнуў акно, і яно расчынілася. Схапіў мужчыну за рукі і стаў цягнуць на сябе. Напалову выцягнуў, а далей ніяк. Той ужо амаль без прытомнасці быў, мажны, разы ў два цяжэйшы за мяне.
Другая спроба выратаваць пацярпелага была больш удалай. Уладзімір Бобрык сабраў усе сілы і рвануў таго на сябе. Упаў на спіну, але выцягнуў.
На шчасце, пад’ехаў калгасны малакавоз, удваіх з вадзіцелем занеслі “пагарэльца” ў кабіну. Калі прыехалі пажарныя і “хуткая дапамога” , хата ўжо ўся палыхала.
– Мясцовыя жыхары заўважылі б гэты пажар няхутка, – разважае Уладзімір Сцяпанавіч. – Побач шэсць дамоў, якія зімою пустуюць, таму што прададзены пад дачы.
85-гадовы выратавальнік прызнаецца, што страху ў той момант не адчуваў:
– Думаў толькі, як выцягнуць чалавека. Яшчэ хвіліна-дзве – і ён бы прапаў. Сам здзіўляюся, адкуль сіла ўзялася, бо ў ім кілаграмаў дзевяноста.
У тое імгненне, якое магло перарасці ў трагедыю, Уладзімір Бобрык не мог паступіць інакш. Такі ён чалавек – энергічны, жыццярадасны і неабыякавы.
– Я не мог проста стаяць і глядзець, як на маіх вачах гіне чалавек, – кажа ён.
На шчасце, выратаваны ім вясковец пайшоў на папраўку, і ўжо праз два дні яго з рэанімацыйнага аддзялення Жабінкаўскай ЦРБ перавялі ў агульную палату. Там 6 снежня і сустрэліся выратаваны і выратавальнік. Не абышлося без слёз. 51-гадовы Віктар Мулярэвіч іх і не стрымліваў: “Калі б не вы… Я тады з жыццём развітаўся ўжо…” Але давялося, па сутнасці, атрымаць ад лёсу другі дзень нараджэння…
Мужны, самаадданы ўчынак Уладзіміра Бобрыка быў па заслугах ацэнены супрацоўнікамі Міністэрства надзвычайных сітуацый. Днямі да Уладзіміра Сцяпанавіча завітаў начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Канстанцін Шаршуновіч і ўручыў Грамату за праяўленую ініцыятыву, знаходлівасць, смелыя і рашучыя дзеянні па выратаванні чалавека.
Сціплы брэсцкі пенсіянер героем сябе не лічыць, але вымушаны прызнаць, што за ўсё яго доўгае жыццё гэта, мабыць, самы годны ўчынак.
Наталля ВАЛОШКА.
Фота Валерыя КАРАЛЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro