Гарыць у вершах усёй чалавечай сутнасцю

Гарыць у вершах усёй чалавечай сутнасцю

Вертинский

Дакрануцца да таямнічага свету паэзіі Анатоля Вярцінскага паспрабавалі вучні дзясятага і адзінаццатых класаў гарадскога ліцэя, якія прысутнічалі ў Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы на мерапрыемстве, прысвечаным 85-годдзю з дня нараджэння паэта.
З жыццёвым і творчым шляхам Анатоля Ільіча, а гэта – дзесяцігоддзі няспыннай карпатлівай працы над словам – пазнаёмілі прысутных вядучыя імпрэзы Валянціна Славуціч і Юлія Андрасюк.
Дзесяцігадовым хлапчуком ён пазнаў усе жахі вайны, знаходзячыся ра-
зам з маці на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі. Дзіцячая памяць захавала яе трагічныя малюнкі да самых драбніц. Яны засталіся ў сэрцы Вярцінскага на ўсё жыццё і знайшлі адлюстраванне ў паэтычных радках.
Узгадалі вядучыя і тыя творы паэта, якія ён прысвяціў пасляваеннаму вясковаму жыццю, землякам, духоўнай сіле цэлага пакалення, напрыклад, “Памяці нетры”; паэму “Песня пра хлеб”, дзе паэтызуецца праца хлебароба, сялянскі побыт; паэму ”Заазер’е”, дзе паказана сыноўняя любоў і шчымлівая радасць ад сустрэчы з маці; верш “З’яўленне”, які стаў яркім прыкладам інтымнай лірыкі Вярцінскага.
Многія радкі яго твораў створаны пад уплывам вуснай народнай творчасці і ўспрымаюцца як афарызмы. Напрыклад: “Нашто бяссрэбранікам серабро – пасрэдных людзей пасрэднік” або “Не ўсе хочуць быць добрымі, ды хочуць усе дабраты”.
На думку Анатоля Вярцінскага, у наш складаны час паэт павінен “гаварыць пра сябе як пра час і пра час – як пра сябе, гарэць у вершах усёй сваёй чалавечай сутнасцю”, садзейнічаць дасягненню кожным чалавекам “высокага неба ідэала”. Таму верш “Высокае неба ідэала” – адначасова і споведзь, і пропаведзь, дзе аўтар раскрывае свой духоўны свет, поўны трывог і ўнутранай барацьбы, і разам з тым вучыць бачыць у жыцці “новы сэнс”, якім асвятляе яго вера. Вера ў ідэал дае чалавеку ўсё: мудрасць і моц, сяброў і каханне, дарогу і мэту.
Паэзія Анатоля Вярцінскага напружаная, вельмі няпростая ў сваіх жыццёвых і духоўных асновах. З ёю можна пазнаёміцца ў зборніках вершаў “Песня пра хлеб”, “Тры цішыні”, “Чалавечы знак”, “Выбранае”, “З’яўленне”, “Ветрана”, “Час першых зорак”, “Святло зямное”, “Хлопчык глядзіць”. Гэта паэзія вечнага аднаўлення і высокай духоўнасці чалавечай асобы, паэзія пра лёс усяго чалавецтва. Анатоль Вярцінскі будзе заўсёды між тых, кім можа ганарыцца наша беларуская літаратура.
Алеся ДАБРАВЕСТ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top