машина   Куды чужыя “колы” давязуць?

“Да судовай лавы”, – можа адказаць на гэтае пытанне грамадзянін М.. Пад уплывам “зялёнага змея” ў адзін з восеньскіх дзён ён сеў за руль, нібыта, каб “толькі пакатацца”. Аўто, якое знаходзілася ў двары на вуліцы Калгасная ў райцэнтры, яму не належала. А зламыснік раней ужо быў судзімы і сваё новае парушэнне здзейсніў раней, чым адбыў папярэдняе пакаранне. Цяпер за тое, што гэтак неабачліва вырашыў скарыстацца чужымі “коламі”, грамадзяніну давядзецца падрабязней пазнаёміцца са зместам артыкулаў 214, 317-1 і 417 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Як гора-бацька, дык і дзіцяці гора

Закон стаіць на абароне непаўнагадовых і карае строга тых гора-бацькоў, якія, на жаль, “забываюцца” належна выконваць свае абавязкі. Гэтак адбылося і з Юрыем К., які, ігнаруючы загад суда і ўсялякую чалавечую годнасць, летась і сёлета ўхіляўся ад уплаты аліментаў на ўтрыманне дачкі ў памеры 25 % ад усіх відаў заробку штомесячна, але не менш 50 % бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Як вынік – запазычанасць у 713 рублёў. Сабраныя следствам матэрыялы ўтрымліваюць дастатковыя дадзеныя, што паказваюць на прыкметы злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса.

Горны ровар раптам “збег” – чалавеку горка

А яшчэ – крыўдна. Менавіта такія адчуванні засталіся ў жыхаркі райцэнтра, якая забылася на шматлікія парады-папярэджанні супрацоўнікаў міліцыі. Хіба спадзявалася, калі на лічаныя хвіліны пакідала ў самым цэнтры Жабінкі каля гандлёвага павільёна “Паўлінка” свайго двухколавага “Аиста”, што той раптам… “узляціць” або “збяжыць” з дапамогай невядомага злодзея. Вось і засталося лічыць страты. А гэта ні многа ні мала – 260 дэнамінаваных рублёў.

Пакуль у адсутнасці быў гаспадар…

У 260 рублёў ацэнена шкода, нанесеная жыхару вёскі Сычова. У адзін з восеньскіх дзён той быў непрыемна азадачаны, а яшчэ больш засмучаны, калі пабачыў, што на ягоным жылым доме пашкоджаны запоры, а ў памяшканні не хапае некалькіх рэчаў. Пакуль адсутнічаў гаспадар… у хаце злодзей шчыраваў. Як вынік – зніклі сякера фірмы “Фіскарс”, электрачайнік “Зелмер” і 4 літры гарэлкі. Хто паквапіўся на чужое, адкажа следства, якое ўзбудзіла крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Што рабілі штукары ў гаражы

Што казаць, майстравы ў нас люд трапляецца. Толькі вось шкада – таленты свае не заўсёды зацятыя штукары ўжываюць на добрыя справы. Так, жабінкаўскія знаёмцы Аляксей і Леанід у гаражным кааператыве Камарова вырашылі заняцца сваім “бізнесам”. Дзеля гэтага першы набыў іншамарку, а потым з дапамогай падзельніка ды зварачнага апарата зрэзаў частку кузава (менавіта тую, дзе знаходзіўся першачарговы ідэнтыфікацыйны нумар) і на гэтае месца ўварыў новы фрагмент кузава ад іншай машыны, адпаведна з іншым нумарам. У такім выглядзе і карыстаўся аўтамабілем, пакуль пра гэтыя штукарствы не даведаліся праваахоўнікі, якія даходліва патлумачылі штукарам з гаража, што дзеянні іх маюць прыкметы злачынства паводле часткі 2 артыкула 381 Крымінальнага кодэкса.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top