Не паддавацца паніцы, правільна паводзіць сябе

Не паддавацца паніцы, правільна паводзіць сябе

16big

Пракуратура раёна ажыццяўляе пастаянную наглядную работу, якая накіравана на прафілактыку гібелі і траўматызму людзей пад час ДТЗ. Мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне гібелі ўдзельнікаў руху, рэалізуюцца, у першую чаргу, органамі ДАІ. Ёсць свае станоўчыя вынікі.
Так, сёлета за 10 месяцаў у нашым раёне адзначаецца зніжэнне ДТЗ у параўнанні з адпаведным перыядам 2015 года. Разам з тым павялічылася колькасць здарэнняў, здзейсненых вадзіцелямі ў стане алкагольнага ап’янення. Колькасць асобаў, якія загінулі пад час іх, засталася на ўзроўні мінулага года. У вобласці зарэгістравана павелічэнне здарэнняў з удзелам пешаходаў.
Асаблівую трывогу выклікаюць частыя аварыі, у якіх кіроўца збягае з месца трагедыі, пакідаючы ў небяспецы пацярпелага. Сёлета зарэгістравана 6 такіх злачынстваў, з якіх тры крымінальныя справы накіраваны ў суд для разгляду. Так, 22 чэрвеня судом Маларыцкага раёна да трох гадоў пазбаўлення волі і правоў кіравання транспартам на пяць гадоў асуджаны грамадзянін Н., які ў стане алкагольнага ап’янення здзейсніў у Пажэжыне дарожна-транспартнае здарэнне і наўмысна збег, а пацярпелага пакінуў у небяспечным для жыцця і здароўя стане. Нагадваю вадзіцелям аб тым, што за пакінутую ў небяспечным стане для жыцця і здароўя асобу, паводле арт. 159 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць, а максімальны тэрмін пакарання за такое злачынства складае тры гады пазбаўлення волі.
Паўторна хачу растлумачыць дзеянні вадзіцеля, калі той зрабіў наезд на пешахода ці веласіпедыста.
Трэба адразу ж спыніцца і папярэдзіць іншых вадзіцеляў аб здарэнні, не мяняючы становішча аўтамабіля. Неабходна ўключыць светлавую сігналізацыю і выставіць знак аварыйнай астаноўкі на адлегласці не менш як 15 метраў ад транспартнага сродку ў населеных пунктах і не менш як 40 метраў па-за населеным пунктам. Калі гэта выканаеце, можна пакінуць праезную частку і заставацца ў бяспечным месцы (на ўзбочыне, тратуары) да прыезду супрацоўнікаў ДАІ.
Калі ў аварыі ёсць пацярпелы, неабходна аказаць яму дапамогу і выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу. Калі апошняе зрабіць немагчыма, то трэба прыняць меры па дастаўцы пацярпелага ў медыцынскую ўстанову на спадарожным транспарце, а пры яго адсутнасці – на тым, з удзелам якога здзейснена здарэнне. Пры дастаўцы пацярпелага на лячэнне на аўтамабілі ўдзельніка ДТЗ трэба папярэдне зафіксаваць у прысутнасці відавочцаў становішча транспартнага сродку, сляды і прадметы, якія маюць адносіны да ДТЗ. Кіроўца, які прывёз пацярпелага ў бальніцу, павінен паведаміць там сваё прозвішча, рэгістрацыйны знак аўтамабіля і паказаць вадзіцельскае пасведчанне ці пашпарт, а таксама пасведчанне аб рэгістрацыі транспарту. Пасля гэтага трэба вярнуцца на месца аварыі.
Неабходна зафіксаваць дадзеныя сведкаў: прозвішчы і адрасы. Затым паведаміць пра аварыю ў міліцыю і чакаць прыбыцця супрацоўнікаў ДАІ (за межамі праезнай часткі дарогі), за выключэннем выпадку, калі неабходна даставіць пацярпелага ў медустанову.
Вадзіцелю аўтамабіля-ўдзельніка ДТЗ забараняецца пакідаць месца здарэння, перамяшчаць транспарт і прадметы, якія маюць да яго адносіны, акрамя выпадкаў, калі неабходна адвезці пацярпелага ў бальніцу. Ужываць алкагольныя, слабаалкагольныя напоі, піва, наркатычныя сродкі і іх аналагі, а таксама таксічныя і іншыя рэчывы, якія адурманьваюць, да медыцынскага засведчвання.
Памятайце, ніхто не застрахаваны ад ДТЗ. Галоўнае ў такой сітуацыі – правільна паводзіць сябе, не паддавацца паніцы і ні ў якім выпадку не пакідаць месца здарэння (выключэнне – рэальная неабходнасць даставіць пацярпелага ў медустанову).
Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro