ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” 50 год

ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” 50 год

IMG_0973Няпростая ва ўсе часы праца на зямлі

У кастрычніку ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” адзначыла паўвекавы юбілей. “Якія змены адбыліся за пяцьдзясят гадоў існавання, як мяняліся задачы, накірункі ў рабоце?” – такое пытанне я адрасавала дырэктару Уладзіміру Мікалаевічу Дземідзюку, які працуе ў калектыве з 1981 года. Пачынаў з інжынера-тэхнолага. Потым займаў пасады інжынера-камплектоўшчыка, намесніка дырэктара СТА МТП, галоўнага інжынера, а восем гадоў таму ўзначаліў ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”.
– Многія жабінкаўцы памятаюць, што наша арганізацыя некалькі разоў мяняла шыльды, формы ўласнасці, пакуль у 2000 годзе не стала адкрытым акцыянерным таварыствам. Аднак, у адрозненне ад назвы, сутнасць заставалася адна і тая ж – забеспячэнне тэхнічнай гатоўнасці ўсіх механізмаў машынна-трактарнага парка і жывёлагадоўчага абсталявання сельгаспрадпрыемстваў раёна. Жыццё ўносіла свае карэктывы ў нашу працу. З’явіліся: тэхнічны цэнтр РУП “Гомсельмаш”, будаўніча-мантажны і электрамантажны ўчасткі, цэх па вырабе карункавых платоў і тратуарнай пліткі, арганізавалі рознічны гандаль у неспецыялізаваным магазіне, вырабляем па заяўках ЖКГ смеццевыя урны і кантэйнеры, а таксама рукавы высокага ціску для ўсіх відаў сельгастэхнікі, будуем дамы (цэлая вуліца Падсонечная “вырасла” ў Курпічах) і іншае.
Галоўным дасягненнем лічу тое, што змаглі захаваць мехатрад. Параўнайце: з колішніх 19 у вобласці аналагічных мехатрадаў засталося толькі 5.
– Уладзімір Мікалаевіч, якую канкрэтную дапамогу аказвалі гаспадаркам сёлета?
– Напрыклад, наш мехатрад на палях вывозіў і ўносіў у глебу арганіку, мінеральныя ўгнаенні, вапнаваў кіслыя глебы, праводзіў хімахоўныя і іншыя механізаваныя работы. Дарэчы, мехатрад выканаў іх на суму 928 тысяч рублёў, што складае 114 % да ўзроўню мінулага года. Працуем мы не толькі на Жабінкаўшчыне, але і ў суседніх раёнах. Аказвалі дапамогу ў нарыхтоўцы кармоў, уборцы збажыны і кукурузы, саломы з палёў, вывозілі цукровыя буракі. Дарэчы, нашы вадзіцелі на буракапрыёмны пункт даставілі з палёў амаль 40 тысяч тон салодкіх каранёў (з 62 тысяч тон атрыманага ў раёне ўраджаю) – гэта 62 %! 24 % ураджаю збожжа – таксама на рахунку нашых вадзіцеляў. А двое камбайнераў, якія ўбіралі хлеб у “Белавежскім”, перавысілі 1100-тонны рубеж па намалоце. Так што мы аказваем рэальную і неабходную дапамогу аграрыям. Не пакідаем па-за ўвагай і жывёлагадоўлю. Так, спецыялісты СТА механізацыі жывёлагадоўчых ферм кантралююць бесперабойную работу абсталявання ў 15 даільных залах раёна. Прынамсі, гэтым участкам аказана паслуг на суму 150 тысяч рублёў, што складае 110,9 % да аналагічнага перыяду папярэдняга года.
Аналізуючы асноўныя паказчыкі фінансава-эканамічнай дзейнасці нашага таварыства, можна сказаць, што даведзеныя заданні прадпрыемства выконвае. Па выніках работы за 2015 год ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” займае трэцяе месца з 19 райаграсэрвісаў Брэсцкай вобласці па механізаваных работах, паслугах і грузаперавозках, а па аптовым абароце – 4-ае месца. Думаю, не горш выглядаць будзем і па выніках гэтага года.
– У многім поспех прадпрыемству прыносіць зладжаная, самаадданая праца рупліўцаў.
– Згодны. Добры работнік – скарб для прадпрыемства. Наш калектыў налічвае 119 работнікаў. Словы падзякі хацеў бы выказаць трактарысту-машыністу Анатолю Чарняўскаму, вадзіцелям Віктару Клімуку, Андрэю Клундуку, Віктару Кандрашуку, Сяргею Міхалюку, Аляксандру Карпуку, Уладзіміру Дзяльцу, Пятру Краўцу, Івану Жуку, Івану Кузняцу, Аляксандру Брэню, Мікалаю Кавальчуку, Уладзіславу Шалюку, Дзмітрыю Яркаўцу, машыністу кампрэсарнай устаноўкі Мікалаю Жуку, намесніку дырэктара па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Аляксандру Саковічу, інжынеру матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Аляксандру Супрунюку, ветэранам вытворчасці – майстру-наладчыку Мікалаю Андрайчуку, вартаўніку Людміле Уласавай і многім-многім іншым. Дзякуй ім за добрасумленную працу.
– 50 год – гэта цэлая эпоха як у жыцці чалавека, так і ў жыцці калектыву. Уладзімір Мікалаевіч, чаго б вы пажадалі свайму прадпрыемству?
– Паболей заказаў – ад іх залежыць і наш дабрабыт, а яшчэ стабільнасці ў эканоміцы. На жаль, многія заказчыкі па некалькі месяцаў (а то і паўгоддзямі) не могуць разлічыцца з намі. Так, за паслугі мехатрада запчасткамі, сельгасабсталяваннем, рэалізацыю мінеральных угнаенняў, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельгастэхнікі дэбіторская запазычанасць склала звыш 3 мільёнаў 21 тысячы рублёў (або 30 мільярдаў “старымі” грашыма). Гэта вялікая сума. Разумеем, што пакуль існуюць сельгаспрадпрыемствы – мы ім патрэбныя. Бо няпроста даецца хлеб, малако і мяса рупліўцам вёскі ва ўсе часы.
– Дзякуй за гутарку.

Кіраўнікі:
Шыла Іван Рыгоравіч 11.10.1966 – 07.07.1971
Бокаў Анатоль Мікалаевіч 12.10.1971 – 01.01.1980
Марковіч Аляксандр Пятровіч 15.04.1981 – 15.02.1986
Грышко Мікалай Іванавіч 15.02.1986 – 10.05.1988
Марковіч Аляксандр Пятровіч 30.05.1988 – 30.01.­­­­­­­­2008
Дземідзюк Уладзімір Мікалаевіч з 1 лютага 2008 года
Структурныя падраздзяленні ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”:
– аддзел агратэхнічнага абслугоўвання;
– аддзел матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння;
– будаўніча-мантажны ўчастак;
– аўтапарк;
– электрамантажны ўчастак;
– станцыя тэхнічнага абслугоўвання машынна-трактарнага парка (СТА МТП);
– станцыя тэхнічнага абслугоўвання механізацыі жывёлагадоўчых ферм (СТА МЖФ);
– тэхнічны цэнтр.

 

Крыху гісторыі

У кастрычніку 1966 года было арганізавана раённае аб’яднанне “Сельгастэхніка”. На яго ўскладваліся рамонт і тэхнічнае абслугоўванне машынна-трактарнага парка, жывёлагадоўчага абсталявання ферм. За паўвекавую гісторыю ў жыцці калектыву было шмат рэарганізацый: па-дзел на “сельгастэхніку” і “сельгасхімію” ў 1987 годзе, затым – утварэнне райаграпрамтэхзабеспячэння ў 1986 годзе з далейшым падзяленнем яго ў 1991-ым на РАП і РАПС. У снежні 2000-га дзяржаўнае прадпрыемства “Жабінкаўскае раённае прадпрыемства па вытворча-тэхнічным абслугоўванні аграпрамысловага комплексу” было рэарганізавана ў таварыства. “Жабінкаўская сельгастэхніка” і “Жабінкаўскі райаграпрамснаб” і “Жабінкаўская райсельгасхімія” аб’ядналіся ў ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”.

хахол

Інжынер-механік Дзмітрый Уладзіміравіч Хахол,
інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела Ірына Віктараўна Панасюк
і начальнік аўтапарка Мікалай Васільевіч Кандрацюк

ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” аказвае паслугі:

–дапамогае сельгаспрадпрыемствам на ўборцы сельгаспрадукцыі;
– вырабляе і прадае будаўнічыя металічныя канструкцыі;
– рамонтуе і абслугоўвае сельгастрактары, машыны і абсталяванне, сродкі вымярэння і КВПіА;
– займаецца мантажом, рамонтам, наладкаю і тэхабслугоўваннем электрарухавікоў, генератараў, трансфарматараў;
– праводзіць аптовы і рознічны гандаль дэталямі, вузламі і запчасткамі для аўтамабіляў, трактароў…;
– аптовы гандаль тукамі, пестыцыдамі і іншымі аграхімічнымі прадуктамі;
– аптовы гандаль сельгасмашынамі;
– ажыццяўляе электрамантажныя работы;
– займаецца будаўніцтвам, грузаперавозкамі і інш.
Моладзь – будучае любога працоўнага калектыву. У ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” рупіцца нямала кемлівых, адукаваных, ініцыятыўных маладых людзей. Сярод такіх, напрыклад, інжынер-механік Дзмітрый Уладзіміравіч Хахол, інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела Ірына Віктараўна Панасюк і начальнік аўтапарка Мікалай Васільевіч Кандрацюк.
Дзмітрый атрымаў спецыяльнасць “тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельгасвытворчасці” ў Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце. Працоўную дзейнасць пачаў у 2011 годзе. Малады інжынер кантралюе тэхнічны стан камбайнаў, трактароў і прычапной тэхнікі, а таксама вапнаванне кіслых глебаў.
Мікалай Кандрацюк прыйшоў у “Сельгастэхніку” на год раней за Дзмітрыя. Спрабаваў свае сілы ў дылерскім цэнтры, адпрацаваў год механікам, а цяпер кіруе дзейнасцю 25 вадзіцеляў аўтапарка. У бліжэйшых планах рашучага, напорыстага Мікалая паступленне ў ВНУ па спецыяльнасці “тэхнік-механік”.
Ірына Панасюк у калектыве толькі трэці год. Яна паспяхова адвучылася ў Брэсцкім дзяржаўным політэхнічным каледжы, дзе атрымала спецыяльнасць тэхніка-будаўніка. Малады інжынер ВТА збірае зыходныя дадзеныя і вызначае кошт пабудаваных сельгастэхнікай аб’ектаў.
Свае працоўныя абавязкі дзяўчына выдатна сумяшчае з вучобай на другім курсе завочнага аддзялення ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Тэхнік-будаўнік і будучы лагіст-эканаміст марыць стварыць моцную сям’ю і пабудаваць дом па ўласным праекце.

Узнагароды калектыву і яго работнікаў:

2009 г. – Ганаровая грамата Жабінкаўскага райвыканкама за перамогу ва ўнутрыгарадскім аглядзе па добраўпарадкаванні;
2013 г. – Дыплом РА “Белаграсэрвіс” як пераможцу спаборніцтва сярод раённых арганізацый аграсэрвісаў, што маюць высокую культуру вытворчасці і Дыплом АК УПТП “Брэстаблаграсэрвіс” за перамогу ў намінацыі “Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне”;
2014 г. – Дыплом РА “Белаграсэрвіс” як пераможцу спаборніцтва сярод раённых арганізацый аграсэрвісаў, якія зай-маюцца рамонтам сельгастэхнікі;
2014 г. – ордэн “Зорка славы. Эканоміка Беларусі” і Ганаровую грамату Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў (2016 г.) атрымаў дырэктар калектыву Уладзімір Дземідзюк;
2014 г. – нагруднага медаля “За заслугі і дасягненні” ўдастоены галоўны інжынер Павел Прыбыш за значны ўклад у развіццё вытворчасці і прафесійнае майстэрства і ў 2016-ым – Ганаровай граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

 

За месяцам месяц –
у руплівай працы

IMG_5018Найстарэйшым працаўніком ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” з’яўляецца Віктар Мацвеевіч Кандрашук. На ягоным працоўным “гадзінніку” ў арганізацыі павольна рухаецца ўжо сорак трэці год.
Вядома ж, вопыту, набытага за працяглы тэрмін у сельгастэхніцы, Віктару Кандрашуку не займаць, а ведамі сваімі ён заўсёды ахвотна дзеліцца з маладымі. І гэта не дзіўна, бо сам памятае цудоўна сябе ў тым узросце, калі толькі пачынаў працоўную дзейнасць. Віктар Мацвеевіч прызнаецца: ён прыклад таго, як выконваюцца юначыя мары і жаданні. Так, яшчэ са школьнай парты (а вучыўся ён у Пелішчанскай школе Камянецкага раёна) Віктар меў нейкае сапраўды магнітычнае прыцягненне да тэхнікі, якой і прысвяціў у рэшце рэшт жыццё. Адразу пасля школы падаў дакументы ў Маларыцкае СПТВ, дзе вучылі на трактарыста, а затым закончыў і Брэсцкае ДТСААФ. У выніку атрымаў правы, каб кіраваць усялякай тэхнікай, што вельмі згадзілася ў будучым працоўным жыцці, бо вельмі падабалася маладому спецыялісту, як кажуць, корпацца ў механізмах, радавала, калі тэхніка рабілася падуладнай тваім рукам, служыла спраўна, без збояў. Спачатку ўладкаваўся ў калгас імя 40-годдзя Кастрычніка (сённяшняе “Пелішча-Агра” на Камянеччыне), дзе спатрэбіліся ягоныя руплівыя рукі. Да войска працаваў на трактары, пад час армейскай службы, што праходзіла ва Усходняй Германіі, ягоныя навыкі як вадзіцеля вельмі спатрэбіліся. Пасля вяртання дамоў Віктар Мацвеевіч пачаў працаваць у роднай гаспадарцы, дзе перасеў ужо за руль грузавіка.
Памятны 1974 год, калі разам з сям’ёй пераехаў на Жабінкаўшчыну. З таго дня і дасюль Віктар Кандрашук аддае сябе працы ў райсельгастэхніцы. Згадвае, якой была арганізацыя, калі толькі прыйшоў у яе:
– Вядома ж, у тыя часы, калі ўладкаваўся на працу, райсельгастэхніка была значна большай і па колькасці тэхнікі (былі нават свае бензавозы і малакавозы), і па колькасці працаўнікоў, адпаведна. А вось задачы мала чым змяніліся: як тады, так і зараз галоўнае – абслугоўваць сельгаспрадпрыемствы – раней калгасы і саўгасы, цяпер акцыянерныя таварыствы і СВК.
Праца ў рупліўца-вадзіцеля – ад вясны да позняй восені. Ён ахвотна пералічвае справы, якімі даводзіцца займацца на працягу каляндарнага года:
– Гэта як няспыннае кола. З ранняй вясны пачынаеш і далей уцягваешся ў сезонныя клопаты: спачатку кампосты, за імі – зерне, зялёная маса, цукровыя буракі, каб паспець да маразоў даставіць на перапрацоўку. Месяц за месяцам пралятае ў справах і клопатах за абаранкам самазвала МАЗ-555 102.
Як адно з найбольшых сваіх багаццяў Віктар Мацвеевіч называе зусім не граматы або дыпломы, якіх за гады назбіралася багата (вось і сёлета выдатнага працаўніка не абмінула ўзнагарода, на гэты раз прафсаюзная, з нагоды 50-годдзя роднай арганізацыі). Ягоныя спакой і шчасце сапраўдным падмуркам закладзены ў сям’і, створанай больш чым сорак гадоў таму з Аленай Іванаўнай. Вынікам іх шчырага кахання сталі дачка Іна і сын Аляксандр (ён, дарэчы, пайшоў па шляху бацькі, стаў вадзіцелем). Заўсёды радасна, калі ў дом на вуліцы Змітрака Бядулі, дзе жывуць дзядуля і бабуля, наведваюцца ўнукі. Іх пяцёра, нібыта пальцаў на руцэ. Малодшаму Мацвею, названаму ў гонар прадзеда, усяго тры гады, а старэйшаму Кірылу – ужо 23. Ён працуе на цукровым заводзе, вучыцца ў Вяземскім універсітэце пад Масквой, каб неўзабаве стаць інжынерам. Ягонымі поспехамі Віктар Мацвеевіч асабліва ганарыцца.
Вось і выходзіць, што жыццё рупліўца трымаецца на добрай працы, надзейнай сям’і, нашчадках, якія, канечне ж, пойдуць значна далей.

Руку дапамогі працягне мехатрад

делец– Наш мехатрад ствараўся з мэтай аказання ўсяго комплексу работ па аграхімічным абслугоўванні сельскіх прадпрыемстваў, – расказвае Сяргей Васільевіч Чарнак. – У нашым распараджэнні два зернеўборачныя камбайны КЗС, кормаўборачны “Jaguar”, 14 трактароў “Беларус”, 6 пагрузчыкаў “Амкадор” і цэлы набор неабходнай прычапной тэхнікі. 20 механізатараў у залежнасці ад пары года заняты на вапнаванні кіслых глебаў, унясенні арганікі і мінеральных угнаенняў, право-дзяць хімічную апрацоўку пасеваў, нарыхтоўваюць кармы, убіраюць збожжа і кукурузу, перавозяць вырашчаны ўраджай.
Паслугі мехатрада Сяргея Чарнака неабходныя не толькі на Жабінкаўшчыне, але і за яе межамі. Так, сёлета ўбіралі збожжа на палях 7 гаспадарак Кобрынскага і Камянецкага раёнаў. Вылучыліся камбайнеры Уладзімір Дзялец і Сяргей Муха, якія намалацілі 1117 тон збожжа на палях ААТ “Белавежскі”.
Механізатары мехатрада нарыхтавалі сёлета 17 тысяч тон сіласу, унеслі ў глебу 80 тысяч тон арганікі, правапнавалі 1270 гектараў глебы і правялі хімічныя праполкі.
Рупліўцы Іван Жук, Анатоль Чарняўскі, Уладзімір Дзялец, Сяргей Міхалюк, Дзмітрый Яркавец, Пётр Кравец, Аляксандр Карпук і іншыя гатовы ў любы момант аказаць дапамогу аграрыям.
На здымку: механізатары Уладзімір Іванавіч Дзялец,
Іван Іванавіч Жук, начальнік мехатрада Сяргей
Васільевіч Чарнак, Анатоль Васільевіч Чарняўскі.

Адрамантуюць
камбайн і школьны аўтобус

ЕрмаковСтанцыя тэхабслугоў-вання машынна-трактарнага парка (СТА МТП) вось ужо некалькі дзясяткаў гадоў запар з’яўляецца галоўным і надзейным памочнікам калектыўных гаспадарак. У сельгаспрадпрыемствах пры складаных рамонтах не заўжды хапае кваліфікацыі ўласных механізатараў. Таму прасторная мехмайстэрня СТА ніколі не пустуе: сюды звозяцца сапсаваныя камбайны, раскідвальнікі, глебаапрацоўчая тэхніка і трапляюць у рукі сапраўдных прафесіяналаў.
– Калектыў станцыі тэхабслугоўвання невялікі, рупяцца 11 чалавек, – расказвае начальнік СТА МТП Аляксандр Аляксеевіч Ермакоў. – Гэтыя людзі на “выдатна” аднаўляюць вузлы і агрэгаты, прычапны інвентар, аўтапагрузчыкі, зерне- і кормаўборачныя камбайны. Сярод рупліўцаў хацелася б назваць зваршчыкаў Івана Бурлуцкага, Вадзіма Андраюка, слесараў Сяргея Муху, Міхаіла Лазавіка.
Дзякуючы зладжанай рабоце слесараў, зваршчыкаў і наладчыкаў, калектыў СТА МТП аказаў сёлета паслуг на 1 мільярд 550 млн. недэнамінаваных рублёў, што складае 101,6 % да ўзроўню мінулага года.
Не толькі рамонтам сельгастэхнікі займаюцца ў СТА МТП. Тры гады таму таварыства атрымала сертыфікат на абслугоўванне школьных аўтобусаў, таму побач з камбайнамі ў мехмайстэрні суседнічаюць і яны. Майстры стараюцца як мага хутчэй выпраўляць у іх непаладкі, каб дарога да ведаў у хлопчыкаў і дзяўчынак была лёгкай і камфортнай.
Не без гонару Аляксандр Ермакоў заўважыў, што сёлета работнікі станцыі асвоілі вельмі складаны від работ – рамонт каробак гідрамеханічных перадач пагрузчыкаў “Амкадор”.
На здымку: начальнік СТА МТП Аляксандр Аляксеевіч Ермакоў і галоўны інжынер Павел Іванавіч Прыбыш.

Тэхцэнтр гарантуе…

техцентрТэхнічны цэнтр РУП “Гомсельмаш” з’явіўся ў ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” ў 1999 годзе. Яго задача – сэрвіснае абслугоўванне і рамонт тэхнікі, выпушчанай “Гомсельмашам”, ААТ “Бабруйскі аграмаш” і “Мінскі трактарны завод”.
Калектыў умельцаў тэхцэнтра невялікі – 12 чалавек. Пад кіраўніцтвам Ігара Пятровіча Дулевіча вадзіцелі і майстры-наладчыкі Сяргей Аляксеевіч Кірылін, Аляксандр Міканоравіч Саўчук, Сяргей Анатольевіч Крышнёў, Мікалай Мікалаевіч Рыбак, Мікалай Мікалаевіч Андрайчук і іншыя гатовыя ў любую хвіліну ехаць у самыя аддаленыя мястэчкі Камянецкага, Жабінкаўскага, Маларыцкага, Кобрынскага і Брэсцкага раёнаў, каб правесці гарантыйны або постгарантыйны рамонт сапсаванага корма- і зернеўборачнага камбайна беларускай вытворчасці. Калі на месцы не ўдасца выправіць непаладкі, “жалезнага каня” даставяць у тэхцэнтр. Сёлета, напрыклад, майстры вярнулі “ў шэрагі” 17 зернеўборачных і 11 кормаўборачных камбайнаў у самыя кароткія тэрміны. У перыяд жніва і нарыхтоўкі кармоў дорага каштуе кожная хвіліна прастойвання магутнай тэхнікі. Зараз на тэрыторыі тэхцэнтра наладчыкі займаюцца рамонтам КВК-800, дастаўленага з СВК “Вазнясенскі”, і УЭС 2-250 – са “Шпіталёў”.
– На гарантыйным абслугоўванні ў нас 35 камбайнаў, – расказвае начальнік тэхцэнтра Ігар Пятровіч. – А ўсяго машынна-трактарны парк налічвае амаль 700 адзінак тэхнікі. Мы іх рамантуем, запраўляем кандыцыянеры, праводзім тэхабслугоўванне рухавікоў і многае іншае. Запчасткамі забяспечаны, таму не губляем час на дастаўку неабходных вузлоў. Кваліфікацыя і майстэрства нашых наладчыкаў дазваляюць спраўляцца з самымі складанымі паломкамі.
На здымку: начальнік тэхцэнтра Ігар Пятровіч Дулевіч, майстры-наладчыкі Сяргей Віктаравіч Дзірын і Мікалай Мікалаевіч Андрайчук.

автопаркНа здымку: вадзіцелі Уладзімір Уладзіміравіч Радчук, Сяргей Канстанцінавіч
Супрунюк, Віктар Мацвеевіч Кандрашук, Мікалай Уладзіміравіч Крэчык, Іван Фёдаравіч Кузнец, Віктар Міхайлавіч Клімук, Аляксандр Канстанцінавіч Брэнь, Мікалай Міхайлавіч
Кавальчук, слесар па рамонце аўтамабіляў Васіль Васільевіч Куляўцоў.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*