Разлічваць на Беларусь як на самага блізкага сябра

Разлічваць на Беларусь як на самага блізкага сябра

215262-05

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў афіцыйны візіт у Азербайджан, у ходзе якога правёў перагаворы з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе. Лідары дзвюх краін абмеркавалі стан і перспектывы развіцця беларуска-азербайджанскіх адносін, у тым ліку гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, работу па кааперацыйных праектах, узаемадзеянне ў сферы інвестыцый, аграпрамысловага комплексу, спорту.
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама правёў сустрэчу з прэм’ер-міністрам Азербайджана Артурам Расі-задэ, на якой абмеркаваў перспектывы развіцця беларуска-азербайджанскіх адносін.

Гатовы супрацоўнічаць у нафтавай сферы

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў лідару Азербайджана за нядаўнюю пастаўку нафты ў Беларусь: у кастрычніку на Мазырскі НПЗ паступіла каля 85 тыс. т нафты. «Вы не першы раз нас падтрымліваеце, але гэта была разавая падтрымка. Я разумею, што любы вытворца нафты павінен мець стратэгію. Мы гатовы ў гэтым плане рухацца наперад настолькі далёка, наколькі гэта ў інтарэсах Азербайджана», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што партнёрства ў нафтавай сферы – гэта не галоўнае ў адносінах і перагаворах паміж Беларуссю і Азербайджанам. «Але гэта важны напрамак нашага супрацоўніцтва. Ёсць жаданне і зацікаўленасць – калі ласка. У нас два самыя магутныя, самыя сучасныя нафтаперапрацоўчыя заводы. Мы завяршаем іх мадэрнізацыю, выходзім на больш як 90 працэнтаў глыбіні перапрацоўкі нафты. Мы гатовы разгледзець на гэты момант і давальніцкія пастаўкі вашай нафты», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь прапануе Азербайджану развіваць кааперацыю ў вытворчасці дываноў і вырабаў з бавоўны

«Вельмі правільна, з майго пункту гледжання, Азербайджан узяў курс на развіццё баваўнаводства, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці будзе такое, што мы можам разлічваць на 25-30 тыс. т, а можа, і 40 тыс. т баваўнянага валакна. Я прапанаваў разгледзець пытанне магчымай кааперацыі ў плане нашага Баранавіцкага баваўнянага камбіната. У нас ёсць магчымасць там сумесна супрацоўнічаць. Мы не супраць, калі Азербайджан увойдзе ў капітал гэтага прадпрыемства».
Яшчэ адным напрамкам супрацоўніцтва можа стаць вытворчасць азербайджанскіх дываноў у Беларусі. «Давайце разам ствараць гэту вытворчасць, і вы атрымаеце не толькі беларускі рынак, але і рынак суседніх дзяржаў, якія не выпускаюць дывановых вырабаў такой якасці», – адзначыў Прэзідэнт.
Краіны таксама разглядаюць супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі і фармацэўтыкі.

Садзейнічаць паглыбленню
культурна-гуманітарных сувязей

Прэзідэнты Беларусі і Азербайджана маюць намер усяляк садзейнічаць паглыбленню культурна-гуманітарных сувязей паміж краінамі. Аб гэтым гаворыцца ў іх сумеснай заяве, прынятай па выніках перагавораў 28 лістапада ў Баку: «Бакі маюць намер усяляк садзейнічаць паглыбленню культурна-гуманітарных сувязей, што збліжаюць народы Беларусі і Азербайджана. З гэтай мэтай бакі будуць і далей садзейнічаць паслядоўнаму пашырэнню і ўдасканаленню супрацоўніцтва ў сферах культуры і мастацтва, інфармацыі, моладзевай палітыкі, спорту і турызму, аказваць на дзяржаўным узроўні садзейнічанне распаўсюджванню беларускай мовы ў Азербайджане і азербайджанскай мовы ў Беларусі».
Дзяржавы выказалі гатоўнасць пашыраць узаемадзеянне ў галіне навукі, а таксама ў сферах нацыянальных сістэм адукацыі праз рэалізацыю сумесных праграм навучання студэнтаў і навучэнцаў, падрыхтоўку і перападрыхтоўку спецыялістаў, абмен праграмамі навучання.

Супрацоўніцтва ў розных сферах

Адпаведныя пагадненні, праграмы развіцця супрацоўніцтва і пратаколы падпісаны пасля завяршэння перагавораў у Баку.
Бакі падпісалі план мерапрыемстваў па выкананні Праграмы сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам да 2025 года.
Для развіцця ўзаемадзеяння ў сферы аграпрамысловага комплексу падпісана комплексная праграма супрацоўніцтва паміж краінамі да 2025 года.
У сферы фізічнай культуры зацверджана праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Міністэрствам моладзі і спорту Азербайджана на 2017-2018 гады. Паміж дзяржавамі таксама падпісана праграма супрацоўніцтва ў сферы адукацыі на 2016-2020 гады.
Для барацьбы з мытнымі парушэннямі, звязанымі з перамяшчэннем тавараў паветраным транспартам, падпісаны пратакол аб узаемадзеянні паміж дзяржаўнымі мытнымі камітэтамі.
Акрамя таго, па выніках перагавораў падпісаны пагадненні аб устанаўленні міжрэгіянальных сувязей паміж Гроднам і выканаўчай уладай Габалінскага раёна, аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі і ЗАТ «Азербайджанскае тэлебачанне і радыёвяшчанне», а таксама шэраг іншых дакументаў.

На здымку: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 лістапада на афіцыйных перагаворах з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у фармаце сам-насам.

БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro