Выпадковых людзей у калектыве няма

Выпадковых людзей у калектыве няма

_DSC2393Страхаванне – абарона ад страху застацца адзін на адзін з бядою, згубіць усё, куды ўкладзена так многа працы; звычайнае і штодзённае, нябачнае і знаёмае кожнаму з нас. “Ведаў бы, дзе ўпадзеш, салому падаслаў бы”, – так звычайна гавораць тыя, хто прыходзіць у страхавую кампанію пасля таго, як з ім здарылася бяда. Страхаўшчыкі з вопытам лічаць, што гэтая прыказка пра іх прафесію, якая дарыць людзям спакой за свой дабрабыт і будучыню дзяцей і ўнукаў.

Сёння Таццяна Якаўлеўна Руцюк, начальнік аддзела па аказанні страхавых паслуг у Жабінкаўскім раёне прадстаўніцтва Бел-дзяржстраху ў Камянецкім раёне – наш суразмоўца.
– Таццяна Якаўлеўна, калі ласка, узгадайце, з чаго пачалася гісторыя развіцця страхавання.
– Было гэта 95 гадоў таму. Тады, напачатку цывілізацыі, нашы продкі аб’ядноўваліся і стваралі касы ўзаемадапамогі. Купцы страхавалі гандлёвыя караблі, адпраўляючыся ў рызыкоўнае плаванне, цэхавікі – свае майстэрні. Чалавецтва сталела, і страхаванне развівалася разам з ім. Але ўсюды і заўсёды, у розныя эпохі, ва ўсіх народаў мэта яго была адна – падарыць упэўненасць у заўтрашнім дні. На землях Беларусі страхаванне ў першыя гады свайго ўзнікнення стала абаронай ад самай распаўсюджанай бяды – пажараў.
За 95 гадоў краіна прайшла вялікі шлях развіцця, часам складаны і супярэчлівы, пэўных страт і вялікіх набыткаў, а з ёй і страхавая кампанія.
– Так, Белдзяржстрах мае багаты вопыт, перадавыя пазіцыі на страхавым рынку, амаль стагоддзе дарыць людзям краіны спакой.
– З кожным днём, дарэчы, цікавасць насельніцтва да нашых паслуг узрастае, што тлумачыцца пашырэннем функцый і задач. У кожнага грамадзяніна ёсць свой выбар, нехта страхуе маёмасць, пабудовы, уласнае жыццё, здароўе, а нехта і не робіць гэтага. Выбар за кожным. Прыемна, што ў насельніцтва і ў суб’ектаў гаспадарання павялічваецца фінансавая граматнасць, заўважаецца карысць ад страхавання. Цяпер кожны чацвёрты жыхар раёна мае дагавор добраахвотнага страхавання.
Для чаго неабходна страхавацца? Часта нам задаюць такое пытанне. Дык вось, найперш для мінімізацыі затрат дзяржаўнага рэгулявання розных страхавых падзей, якія могуць адбыцца ў выніку непрадбачаных катаклізмаў. Свабодныя грашовыя сродкі, што не ідуць на выплату страхавых кампенсацый, інвесціруюцца ў эканоміку краіны. У гэтым і ёсць карысць інстытута страхавання для ўсёй Беларусі. Развіццё новых відаў, такіх, як комплекснае страхаванне ўладальнікаў кватэр, добраахвотнае страхаванне медыцынскіх расходаў – дазваляюць павялічыць фінансавую падушку ўсяго нашага прадпрыемства. Гэта забяспечвае фінансавую абарону нашых кліентаў, але не менш важна, каб у нас былі сродкі для падтрымкі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Нашы фінансавыя набыткі – гэта крэдыты для іх, інвестыцыі, што вельмі важна для эканомікі краіны. Калі ў 2005 годзе Белдзяржстрах прапаноўваў 47 відаў абавязковага і добраахвотнага страхавання, то ў 2010 годзе – 69, а цяпер каля 100.
– З якімі вынікамі сустракаеце юбілей?
– Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з’яўляецца заснавальнікам Белдзяржстраху, які мае моцную матэрыяльна-тэхнічную базу, шырока разгалінаваную сетку, куды ўваходзіць і наш аддзел страхавых паслуг, дзе хутка вырашаюцца розныя пытанні. Дарэчы, нашы набыткі значна вышэйшыя, чым у іншых кампаніях.
Гэта свята для некалькіх пакаленняў, якія атрымалі пуцёўку ў жыццё. Тут вырасла не адна кагорта талковых супрацоўнікаў, назапашаны ўнікальны вопыт, а прадпрыемства стала надзейнай абаронай для большасці кліентаў. Нягледзячы на складанасці і канкурэнцыю на рынку, мы заслужылі давер у лю-дзей дзякуючы шырокаму спектру паслуг і працы па паляпшэнні якасці абслугоўвання.
За 11 месяцаў 2016 года ў прадстаўніцтва паступіла страхавых узносаў па ўсіх відах страхавання 3,1 мільёна дэнамінаваных рублёў (+ 0,4 мільёна да адпаведнага перыяду мінулага года), у тым ліку па добраахвотных відах – 0,9 мільёна рублёў (+ 0,2 мільёна да мінулага года). Усяго заключана 52,8 тысячы дагавораў страхавання па ўсіх відах, з іх з юрыдычнымі асобамі – 10,6 тысячы.
Мы аказваем страхавыя паслугі і рэгулюем страты практычна ва ўсіх прадпрыемствах і арганізацыях нашага раёна. Зладжаная праца, узаемнае паразуменне, імгненнае рэагаванне – адсюль і добрыя набыткі.
– Наколькі апраўдваюць сябе страхавыя ўзносы?
– Канечне, чым больш заключаецца дагавораў страхавання, тым больш і выплат па іх. Так, за 11 месяцаў прадстаўніцтвам зроблена 2,3 тысячы кампенсацый на 1,1 мільёна рублёў. Па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў – 1,2 тысячы выплат на 0,3 мільёна рублёў. У гэтым ёсць уклад і жабінкаўскіх страхаўшчыкоў.
– А цяпер колькі слоў пра калектыў.
IMG_1031– Ён дружны, згуртаваны. Працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія любяць сваю справу і заўсёды сумленна яе выконваюць. Арыентуючыся на самыя высокія паказчыкі ў працы, нашы спецыялісты заўсёды знаходзяць узаемаразуменне са звычайнымі людзьмі і з прадстаўнікамі бізнесу. Мы выбудоўваем надзейныя і доўгатэрміновыя адносіны з нашымі партнёрамі.
Вядома, ёсць пэўныя складанасці. Ужо на працягу амаль шасці гадоў наш раён далучаны да Камянецкага прадстаўніцтва. У сваёй працы кіруемся адзіным прынцыпам: застрахаваны грамадзянін ці юрыдычная асоба павінны атрымаць патрэбную кампенсацыйную страхавую выплату. Калі гэты прынцып выконваецца – узрастае аўтарытэт страхавой арганізацыі, дзе кожны з нас выконвае абавязкі сумленна.
У прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Камянецкім раёне працуе 67 чалавек, палова з іх – страхавыя агенты, у аддзеле ў Жабінкаўскім раёне адпаведна 15 і 9. Нам трэба да кожнага чалавека “дастукацца”, растлумачыць, пераканаць у перавагах таго ці іншага віду страхавання. Не кожны можа такое. Таму выпадковых людзей у нашым калектыве няма. І, як вынік, лепшыя агенты на Жабінкаўшчыне Марыя Паўлаўна Блоцкая, Марыя Георгіеўна Лучко і Ганна Паўлаўна Буракіна. Яны і многія іншыя ўсе новыя віды страхавання выпрабоўваюць на сабе, страхуюць сям’ю. І толькі тады пачынаюць прапаноўваць іх людзям.
Наш калектыў – гэта найперш тыя людзі, якія прысвяцілі жыццё абароне дабрабыту суайчыннікаў, зрабілі жыццё многіх жабінкаўцаў больш спакойным і шчаслівым. Без мінулага няма і будучага. Многія з іх ужо на заслужаным адпачынку. Каля чатырох дзясяткаў гадоў адпрацавала ў нашым калектыве Ніна Іванаўна Кажамяка, Марыя Сцяпанаўна Дзмітрук – 35. Значны ўклад унеслі ветэраны калектыву Валянціна Васільеўна Лазоўская, Лілія Сямёнаўна Мяснікова. Ад нас пайшлі на пенсію Лявонцій Паўлавіч Якімец, Валянціна Міхайлаўна Дулевіч.
Сёння, напярэдадні юбілею, усім ім і іншым нашым супрацоўнікам і ветэранам хачу сказаць дзякуй за працу і жадаю здароўя і дабрабыту яшчэ на многія гады.
Кліентам, партнёрам зычу ўдачы, росквіту, плённага супрацоўніцтва з намі і ўсіх чалавечых даброт. Няхай страхавы поліс нашай кампаніі робіць людзей, юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў краіны эканамічна абароненымі, дае ім спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
– Дзякуй за гутарку.
Інтэрв’ю правяла
Людміла КОСЦІНА.

На здымку: Таццяна Руцюк; Святлана Асійчук, Наталля Дамарад, Аляксей Кірылюк.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*